«Уключыў не тую песню — чакай «гасцей». У рэстаранах Брэста забаранілі «ДДТ», «Бі-2» і яшчэ 85 артыстаў

Напярэдадні Новага года і Калядаў прынята складаць віш-лісты (спіс прадметаў, якія хто-небудзь жадае набыць або атрымаць у якасці падарунка). Але ў Беларусі з-за таго, што ўлада пачуваецца небяспечна, чыноўнікі і ідэолагі складаюць стоп-лісты. У прыватнасці — спісы забароненых да выканання і прайгравання музычных кампазіцый у публічных месцах.

Калаж: bgmedia.site

Калаж: bgmedia.site

Чалавек, знаёмы з рэстаранным менеджментам, распавёў bgmedia.site, што з гэтага года ў Брэсце правілы гульні ў гэтай сферы моцна пастрожыліся.

Зараз кожны запрошаны артыст павінен быць зарэгістраваны ў выканкаме і за яго павінен быць заплачаны падатак. Акрамя таго, чакаецца асаблівы кантроль з боку падатковых службаў.

Плюс да ўсяго — уся праграма, якая прапануецца гасцям установы, павінна прайсці «цэнзуру» ў выканкаме. Таму, паводле слоў суразмоўцы, запрошаных артыстаў на навагодніх святкаваннях будзе значна менш.

І гэта яшчэ не ўсё: акрамя пераднавагодніх праверак супрацоўнікамі МНС і міліцыі праходзяць і ідэалагічныя праверкі. У першую чаргу такія праверкі датычацца музычнага рэпертуару, які выкарыстоўваецца на святочных мерапрыемствах.

«Уся культурна-забаўляльная праграма праходзіць узгадненне праз гарвыканкам. У першую чаргу тычыцца гэта музычнага напаўнення. Ёсць так званы «чорны спіс» з артыстаў і музычных кампазіцый, якія нельга выкарыстоўваць. Нельга ні на дыскатэках, ні ў караоке-клубах», — распавёў чалавек, які працуе ў рэстаранным бізнесе.


Глядзіце таксама

Якія могуць быць наступствы, калі раптам правяраючы пачуе або зразумее, што ва ўстанове ўключылі «забаронку», суразмоўца пакуль не ў курсе: «Хутчэй за ўсё будуць ужыты санкцыі да рэстарана ці ж «папросяць» звольніць супрацоўніка, які нясе адказнасць за музычнае суправаджэнне мерапрыемства».

Тычыцца забарона не толькі брэсцкіх рэстаранаў і публічных месцаў, але і рэгіянальных. Да прыкладу, у адным з раённых цэнтраў аддзел ідэалогіі райвыканкама папрасіў кіраўніцтва ўстановы падаць у друкаваным выглядзе спіс музычных кампазіцый у караоке-каталогу. База велізарная, лік ідзе на дзясятак тысяч песень, таму для раздрукоўкі яе спатрэбіцца цэлы блок паперы.

Што забаронена і што спяваюць у брэсцкіх караоке

«Цяпер мы не можам выкарыстоўваць украінскамоўныя песні, кампазіцыі ў выкананні Валерыя Меладзэ, песні, напісаныя Канстанцінам Меладзэ, групы «Зверы»… Спіс досыць вялікі, бо забаронены амаль усе, калі не сказаць што ўсе артысты з Украіны. А іх у рускамоўнай музычнай індустрыі было шмат. Які ж Новы год без Сярдзючкі? Як жа не праспяваць «Без бою» ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы»? — распавядае эксперт.

Акрамя вышэйзгаданых артыстаў пад забаронай таксама песні гуртоў «2 Машы», «Бі-2», «ДДТ», «Мумій Троль», «Порнафільмы», «Нервы», «Little Big» і іншыя.


Глядзіце таксама

Натуральна, у спісе ёсць беларускія гурты: «Naviband», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», «Цягні-Штурхай», «Лепрыконсы», «Litesound».

«Калі раней актыўна спявалі Манаціка, Земфіру, Лабаду, то цяпер мы кажам, што песень такіх артыстаў няма ў нашай базе. Што тычыцца топавага рэпертуару цяпер, то ў брэсцкіх рэстаранах спяваюць Лепса, Алеграву, «Батарэйку» гурта «Жукі», — распавёў наш суразмоўца.

Ён таксама падзяліўся сваімі асцярогамі з нагоды далейшага развіцця сітуацыі з рэпертуарнымі забаронамі: «У першую чаргу, у гэтай сітуацыі варта баяцца не правяральшчыкаў-ідэолагаў, а тых людзей, з якімі працуеш побач. Бо ўлады на гэта і рабілі разлік, каб беларусы актыўна «стукалі» адзін на аднаго. Уключыў не тую песню — чакай «гасцей» у чорным».