Ці рыхтавацца да поўнай блакіроўкі YouTube ў Беларусі?

Карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі перад надыходам Новага году пачалі скардзіцца на адсутнасьць доступу да YouTube. Часовае блякаваньне адбылося перад выступам Сьвятланы Ціханоўскай, які трансьляваўся праз гэты сэрвіс. Гэта першая вядомая спроба заблякаваць YouTube ў Беларусі. 

cenzura_1.jpg

Часовае блякаваньне папулярнага відэагостынгу YouTube ў Беларусі адбылося перад віншавальным выступам Сьвятланы Ціханоўскай і працягвалася каля 20 хвілінаў.« Радыё Свабода» распавядае, што гэта значыць.

Раней бывала, што ўлады цалкам адключалі доступ да інтэрнэту, як 9-12 жніўня 2020 году.

Паказальна, што доступ зьнік не ўва ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Праз VPN-сэрвісы YouTube быў дасяжны. Агулам блякаваньне доўжылася каля 20 хвілінаў. Расказваем, як магло адбыцца блякаваньне і што гэта значыць.

Як маглі заблякаваць ютуб?

«Свабода» пагаварыла зь некалькімі экспэртамі ў кампутэрнай бясьпецы. На іхную думку, блякаваньне магло адбыцца па некалькіх сцэнарах. Першы — наўпрост праз дамэннае імя, іначай кажучы, калі блякуюцца ўсе адрасы YouTube. Такое рашэньне прымае рэгулятар, то-бок беларускія ўлады. Пасьля рашэньне даводзіцца да апэратараў, якія аказваюць паслугі доступу да інтэрнэту.

Другі спосаб, які апісалі суразмоўцы «Свабоды», — блякаваньне праз Google Global Cache. Гэта сэрвэры кампаніі Google, на якіх захоўваецца папулярны кантэнт і якія забясьпечваюць хуткі доступ да яго. Гэтыя сэрвэры таксама забясьпечваюць доступ з глябальных сэрвэраў на лякальныя рэсурсы інтэрнэт-апэратараў. Адключэньне ці блякаваньне гэтых сэрвэраў таксама запавольвае доступ.

Трэці спосаб — так званы «шэйпінг». Гэта не блякаваньне сэрвісу цалкам, а звужэньне паласы пропуску дадзеных. Пра такі сцэнар кажа мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.

«Тэхнічна мы лічым, што быў «шэйпінг»“, гэта значыць не блякаваньне на 100%, а звужэньне палосы прапусканьня, што пацьвярджаецца дадзенымі Google, дзе бачнае падзеньне трафіку YouTube ў Беларусі на 45%», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.

Гэта значыць, што сэрвэр быў заблякаваны не для ўсіх юзэраў.

Ці могуць яго заблякаваць зусім?

Тэарэтычна гэта магчыма, кажуць экспэрты. Аднак такое блякаваньне — цяжкая задача зь невядомымі наступствамі, бо «гэта ня проста сайт зь некалькімі сэрвэрамі». На цяперашні момант YouTube цалкам заблякаваны ў Кітаі, Паўночнай Карэі, Туркмэністане, Іране і Эрытрэі. У Расеі размовы пра блякаваньне YouTube ідуць ужо некалькі гадоў, але пакуль сэрвіс там працуе.

У 2008 годзе Пакістан спрабаваў заблякаваць YouTube ў сябе, тады доступ да сэрвісу страцілі карыстальнікі па ўсім сьвеце. Прычынай стала тое, што пакістанская кампанія, якая адмініструе трафік, накіравала маршрутызатарам сеткі па ўсім сьвеце ілжывыя дадзеныя. Многія не маглі зайсьці ў сэрвіс дзьве гадзіны.

«У Расеі шмат гадоў гавораць пра блякаваньне YouTube і прыйшлі да высновы, што блякаваць яго больш шкодна, чым не блякаваць. Яго зьбіраюцца заблякаваць у Расеі, калі зробяць сваю альтэрнатыву. У Беларусі на стварэньне альтэрнатывы YouTube няма ні грошай, ні тэхнічных магчымасьцяў, ні рэсурсаў. Дзяржаўныя мэдыя самі разьмяшчаюць свой кантэнт у YouTube. Гэты сэрвіс мае шмат сэрвэраў, у Беларусі Google ня мае інфраструктуры, адначасова выключыць увесь YouTube — гэта самім сабе адрэзаць канал данясеньня інфармацыі», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.

Як абысьці блякаваньне?

Нават пры поўным блякаваньні YouTube ў Беларусі ў сэрвіс можна будзе зайсьці праз VPN.

Гэта самы папулярны спосаб абыходу масавых блякаваньняў сайтаў. Карыстальнік нібыта падключаецца не да заблякаваных рэсурсаў, а да чужой сеткі, і з тае сеткі ўжо заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы.

Можна таксама скарыстацца Web proxy. Гэта зручна, калі трэба атрымаць доступ не да праграмы, а да сайту. Можна нічога не ўсталёўваць, а скарыстацца сайтам-«ананімайзэрам» (Web proxy). З боку правайдэра будзе бачна, што карыстальнік заходзіць не на заблякаваны сайт, а на старонку ананімайзэра, а што адбываецца на гэтай старонцы — ня бачыць.

Трэці спосаб — вэб-браўзэр Tor. Ананімная сетка праэкту Tor («The Onion Router» — даслоўна «цыбулевы роўтэр») шмат разоў шыфруе і перанакіроўвае інфармацыю па вузлох сеткі, перш чым тая трапіць да карыстальніка. Праект «цыбулевай маршрутызацыі» распрацавалі вайскова-марскія сілы ЗША, але цяпер ён даступны кожнаму (на настольных кампутарах і Android, а ва «ўрэзанай» і не да канца ананімнай вэрсіі — на iOS).

Сем спосабаў абысьці блякаваньні

Паводле пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі, улады Беларусі яшчэ з 2015 году мусяць блякаваць сродкі доступу да забароненых сайтаў адразу пры выяўленьні гэтых сродкаў. Але за пяць гадоў існаваньня пастановы ніводзін такі сродак ня быў пасьпяхова заблякаваны.

VPN. Самы папулярны спосаб абыходу масавых блякаваньняў сайтаў — праграмы доступу да віртуальных прыватных сетак (VPN). Напрыклад, яшчэ ў 2016 годзе пасьля выбараў ва Ўгандзе VPN-кліенты некалькі дзён займалі ўвесь топ-12 самых папулярных праграмаў. Плюс гэтага спосабу ў тым, што ў VPN-кліенце трэба націснуць літаральна адну кнопку, каб адкрыць доступ да ўсіх заблякаваных сайтаў і праграмаў. Карыстальнік нібыта падключаецца не да заблякаваных рэсурсаў, а да чужой сеткі, а ў той сетцы ўжо заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы. Мінус — зь ненадзейных сэрвісаў могуць красьці зьвесткі карыстальнікаў або злачынцы пад выглядам VPN-кліентаў могуць распаўсюджваць праграмы крадзяжу прыватных зьвестак, а добрыя і хуткія VPN-сэрвісы платныя (але ёсьць і нямала бясплатных). Рэйтынгі найлепшых VPN-сэрвісаў вядуць шматлікія профільныя выданьні (як гэтае) і праваабарончыя арганізацыі (як гэтая).

Web proxy. Калі трэба атрымаць доступ не да праграмы, а да сайту, можна нічога не ўсталёўваць, а скарыстацца сайтам-«ананімайзэрам» (web proxy). З боку правайдэра будзе бачна, што карыстальнік заходзіць не на заблякаваны сайт, а на старонку ананімайзэра, а што адбываецца на гэтай старонцы — ня бачыць. Свой бясплатны ананімайзэр мае і Рад«ыё Свабода». Па прынцыпе ананімайзэра могуць працаваць і іншыя сайты, якія паказваюць «старонку ў старонцы»: напрыклад, перакладчык Google Translate можа паказаць цэлую перакладзеную вэб-старонку, калі яе поўны адрас увесьці ў вакно перакладу, заадно такім чынам можна паглядзець і неперакладзены арыгінал. Выбіраць ананімайзэр таксама трэба асьцярожна, пад выглядам web proxy могуць проста красьці паролі.

DNS. Мінус DNS-сэрвісаў у тым, што іх наладка патрабуе пэўных тэхнічных ведаў: нават тлумачэньне таго, што такое «сыстэма дамэнных імёнаў» (DNS), можа здацца незразумелым непадрыхтаванаму карыстальніку (калі зусім простымі словамі, DNS — гэта «адрасная кніга», у якой захоўваюцца адпаведнікі імёнаў сайтаў, прыкладам «Svaboda.org», іхным адрасам на «кампутарнай» мове, што выглядаюць накшталт «192.168.0.1»). Плюс жа ў тым, што існуе шмат бясплатных і надзейных DNS-сэрвісаў, якія маюць падрабязныя інструкцыі: напрыклад, 1.1.1.1 ад Cloudflare і 8.8.8.8 ад Google. Першы з названых нават мае бясплатныя мабільныя праграмы пад Android і iOS, у якіх нічога ня трэба наладжваць — толькі ўсталяваць.

Tor. Ананімная сетка праекту Tor («The Onion Router» — цыбулевы роўтэр) шмат разоў шыфруе і перанакіроўвае інфармацыю па вузлох сеткі, перш чым тая трапіць да карыстальніка. Праэкт «цыбулевай маршрутызацыі» распрацавалі вайскова-марскія сілы ЗША, але цяпер ён даступны кожнаму (на настольных кампутарах і Android, а ва «ўрэзанай» і не да канца ананімнай вэрсіі — на iOS). Плюс — поўная ананімнасьць, практычная немагчымасьць блякаваньня і доступ да цэлага таемнага «цёмнага вэбу», мінус — вельмі нізкія хуткасьці.

Mesh-сеткі. Трымаць сувязь можна і без мабільнага і дротавага інтэрнэту. Цяпер амаль усе тэлефоны могуць падключацца адзін да аднаго па Bluetooth і WiFi, і калі некалькі людзей зьбяруцца побач, яны могуць трымаць сувязь між сабой па гэтых пратаколах, а не праз інтэрнэт. Паводле такога прынцыпу працуе мэсэнджэр FireChat, сетка Bridgefy і іншыя праграмы. Мінус — трэба, каб карыстальнікі былі побач і ўсе ўключылі адну і тую ж праграму.

Сацсеткі і альтэрнатыўныя мэсэнджэры. Калі блякуюць адзін канкрэтны сайт (як, напрыклад, «Хартыю-97»), навіны зь яго можна атрымаць праз Facebook, Telegram, «УКантакце» і іншыя сацсеткі, дзе інфармацыю з сайта не заблякавалі. Калі ж блякуюць адзін канкрэтны мэсэнджэр (напрыклад, Telegram), можна загадзя дамовіцца трымаць сувязь празь іншы (Viber, WhatsApp, Signal…). Пакуль не заблякуюць увесь інтэрнэт, заўсёды знойдзецца пляцоўка для перапіскі і публікацыі навінаў — галоўнае, каб карыстальнікі загадзя ведалі, дзе шукаць адзін аднаго.

«Старамодныя» SMS і таксафоны. Калі кепска працуе 4G-сувязь, можна ў наладах тэлефона пераключыцца на 3G, а то і 2G (у розных мадэлях тэлефонаў гэта робіцца рознымі шляхамі, але, у прынцыпе, трэба шукаць налады мабільнай сеткі, у іх — мабільнай перадачы дадзеных, а там — перавагі сеткавага рэжыму). Калі ж сувязь працуе ледзь-ледзь, можна паспрабаваць SMS-перапіску, бо для SMS не патрэбны моцны сыгнал, а паведамленьне перашлецца пры першай магчымасьці. Калі карыстальнік турбуецца, што SMS могуць перахапіць зламысьнікі ці спэцслужбы, можна дамовіцца з важнымі кантактамі карыстацца якім-небудзь спосабам шыфраваньня SMS (прыкладам, Silence для Android). А калі не працуюць тэлефанаваньні і SMS, а трымаць сувязь трэба, у Беларусі яшчэ захаваліся асобныя таксафоны — платныя вулічныя тэлефоны. Толькі да іх выкарыстаньня трэба рыхтавацца загадзя, бо карткі аплаты прадаюцца ўжо далёка не паўсюль.