«Праз месяц я зрабіла спробу суіцыду». Што адбываецца ў турмах з палітвязнямі

Тэлеканал «Настоящее время» расказвае пра тое, як у беларускіх турмах катуюць зняволеных па палітычных матывах і што з імі адбываецца потым на волі.

58975_qm9rtkuylhbyypl9k5h5mloqm7t9ww5z_100.webp

На мінулым тыдні споўніўся год з таго моманту, як сям'я беларускай палітзняволенай Марыі Калеснікавай не атрымлівае ад яе лістоў з калоніі. Пра гэта амерыканскаму навінаваму агенцтву «Associated Press» расказаў бацька апазіцыянеркі Аляксандр Калеснікаў: «Я магу толькі маліцца, каб мая дачка была жывая, таму што адміністрацыя калоніі ў Гомелі недазваляе спаткання і не адказвае на мае лісты і просьбы. Больш за год Марыя знаходзіцца ў строгай ізаляцыі, без лістоў. Візіты адвакатаў забаронены, а яе сваякі вар’яцеюць і страцілі сон».

Марыя Калеснікава, адна з лідараў беларускіх пратэстаў 2020 года, знаходзіцца ў зняволенні больш за тры гады. Яе прысудзілі да 11 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў «змове з мэтай захопу ўлады». У лістападзе 2022 года стала вядома, што Калеснікаву шпіталізавалі ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Яе паплечнікі і праваабаронцы тады звязвалі гэта з умовамі ўтрымання ў турме. Беларускія палітвязні рэгулярна скардзяцца на адсутнасць медыцынскай дапамогі і антысанітарыю.

Менш за год беларуска Анастасія Булыбенка жыве ў Вільні. Дзяўчына была адной з фігурантак «справы студэнтаў»: 12 студэнтаў з Мінска асудзілі за ўдзел у мірных пратэстах. Анастасія правяла за кратамі больш за два гады: у цэнтры ізаляцыі на Акрэсціна, у двух СІЗА і ў калоніі ў Гомелі.

«Умовы на Акрэсціна непараўнальныя з СІЗА або калоніяй. Там мы спалі на падлозе. Не было ніякіх перадач, ніякіх рэчаў. У двухмеснай камеры нас знаходзілася да 18 чалавек: мінімум восем і максімум 18. Святло не выключаецца, гэта значыць своеасаблівае катаванне адсутнасцю сну. На нейкія суткі ты проста перастаеш разумець, дзе дзень, дзе ноч», — згадвае дзяўчына.


Глядзіце таксама

Умовы ўтрымання для палітвязняў у беларускіх турмах і калоніях заўсёды былі цяжкімі, але пасля 2020 года правілы зрабілі яшчэ больш жорсткімі. Блогер і былы палітвязень Аляксандр Кабанаў расказаў пра медыцынскае абслугоўванне ў калоніі №1 у Наваполацку, дзе сядзяць экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка, кансультант беларускай службы «Радыё Свабода» Ігар Лосік і дзясяткі іншых палітвязняў: «Звяртацца да медыкаў —  бессэнсоўна. Там папярэджваюць яшчэ на каранціне, што да той кабеты, калі яна будзе на прыёме, лепш не ідзіце. Калі будзеце дакучаць, то проста паедзеце ў ШІЗА па яе замове».

Аляксандр Бабко, як і тысячы беларускіх палітвязняў, таксама прайшоў праз жодзінскі ізалятар і магілёўскую турму. Мужчына разам са знаёмымі восенню 2021 года размаляваў у бел-чырвона-белыя колеры больш за 80 цюкоў з сенажом. Спачатку затрыманых збілі проста на полі, а потым і ў ізалятары. «Сказалі здымаць для следчага дзеяння штаны, абутак і куртку. Натуральна, я зняў, і мяне павялі ў «прэс-хату». Калі мяне ў «прэс-хаце» білі, цякла кроў, я зноў паварочваўся і разумеў, што трэба неяк вытрымаць гэта ўсё», — згадвае Аляксандр Бабко.

Далей зноў былі збіццё і перапоўненыя камеры. Паводле рашэння суда Аляксандр атрымаў адзін год пазбаўлення волі. Пра ізалятар у Жодзіне мужчына расказвае так: «На прыёмцы стаяла медсястра, мерала тэмпературу. У мяне была 34, мяне трэсла, холадна было. Я знаходзіўся без курткі, да гэтага быў без штаноў. Яна некалькі разоў перамерала тэмпературу. Я прасіў нешта з адзення. А яна кажа: "Ну, здохнеш, адным больш, адным менш. Такія, як вы, сукі, нічога страшнага не адбудзецца"».


Глядзіце таксама

Вельмі складана атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу і ў жаночай калоніі №4 у Гомелі, дзе цяпер знаходзяцца большасць палітзняволеных беларусак, сярод якіх Марыя Калеснікава, журналістка Кацярына Андрэева, палітолаг Валерыя Касцюгова і многія іншыя.

«Зімой я цягала мяшкі са снегам, пацягнула спіну. У мяне балела спіна, я запісалася да траўматолага. Праходзіць паўгода, мяне летам выклікаюць да траўматолага. Я яшчэ адмаўлялася ісці, таму што забылася. Пра што можна гаварыць? А калі нешта вострае ў чалавека? Ён проста не дачакаецца гэтага лекара», — расказвае былая палітзняволеная Анастасія Булыбенка. У той жа час, наведваючы ПК-4, намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс назвала ўмовы ў гомельскай калоніі «хатнімі»: «Паўнавартаснае харчаванне, залы для заняткаў спортам, творчасцю, рукадзеллем. Зразумела, што няма свабоды, але ўнутры створана ўсё, каб асуджаныя маглі быць здаровымі, развівацца, каб маглі адчуць сябе асобай».

«Я б хацела, каб такія людзі, каб гэтая чыноўніца пабыла ў такіх «хатніх умовах» хаця б пару месяцаў. І паглядзець, што яна потым скажа! Гэта нават імітацыяй жыцця не назавеш, тое, што там адбываецца», — абураецца Анастасія Булыбенка. Акрамя бытавых і медыцынскіх праблем, палітвязняў пазбаўляюць лістоў, спатканняў, перадач, не пускаюць адвакатаў. Акрамя гэтага, пра многіх палітвязняў ужо больш за год няма наогул ніякай інфармацыі.

«Самая страшная частка гэтай сітуацыі — гэта тое, што да палітвязняў ужываюць дадатковыя пакаранні: іх змяшчаюць у ШІЗА ў катавальныя ўмовы, у памяшканні камернага тыпу ў катавальныя ўмовы, іх змяшчаюць у турмы — гэта найбольш строгі від крымінальнага пакарання. Частку з іх ужо асудзілі, некаторых двойчы — да дадатковых тэрмінаў пазбаўлення волі», — тлумачыцьПавел Сапелка з праваабарончага цэнтра «Вясна».


Глядзіце таксама

Пасля вызвалення многія былыя палітвязні сутыкаюцца з новымі праблемамі: у першую чаргу гэта падарванае фізічнае і псіхалагічнае здароўе. «Часта сняцца моманты, калі трапіў у турму, калі затрымлівалі. Калі я да бацькоў хачу, трапляю ў кватэру, і мяне там затрымліваюць. Праблемы пасля турмы з зубамі, пагоршыліся праблемы з каленямі, са спінай, таму што даводзілася ляжаць на голым жалезе або сядзець на бетоне», — кажа Аляксандр Бабко.

«Калі я вызвалілася і прыехала ў Вільню, мне здавалася, што я ўсё яшчэ сяджу ў турме. Мне літаральна здавалася, што я ўсё сабе прыдумала і дагэтуль знаходжуся ў камеры. Праз месяц я зрабіла спробу суіцыду. У мяне дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад. Ужо паўгода я на тэрапіі», — расказвае Анастасія Булыбенка.

На пачатку студзеня 2024 года ўлады Беларусі анансавалі амністыю, але адразу ж адзначылі, што на асуджаных паводле «экстрэмісцкіх і тэрарыстычных» артыкулаў, гэта значыць на палітвязняў, яна распаўсюджвацца не будзе.