«Сілавікі казалі, што я падтрымліваю фашызм». Мерыем Герасіменка — пра сваё затрыманне
Эвакуяванай з Беларусі поп-спявачцы Мерыем Герасіменка «давялося прыкласці шмат намаганняў», каб апынуцца за мяжой. Сваёй гісторыяй яна падзялілася 16 лютага ў Варшаве падчас першага канцэрта пасля затрымання і вызвалення, піша «Позірк».
Апошні раз артыстка публічна выступала на радзіме ў жніўні 2022 года. «У той дзень сабралася 1,5 тысячы чалавек у Мінску. Я праспявала трэк (песню «Обiйми» ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы») і тады сказала гэтыя словы: «Давайце дапаможам, давайце наша энергетыка дапаможа тым, каму гэта цяпер трэба», — сказала яна.
«Першая [прэтэнзія сілавікоў] была з такой нагоды, што я падтрымліваю фашызм, я прапагандую нянавісць да беларускага народа і падтрымліваю фашысцкую краіну. Вось з такой тэрміналогіяй мяне трымалі першыя 40 сутак», — заявіла Герасіменка.
Пра тое, што Герасіменка пакінула Беларусь і знаходзіцца ў бяспецы, паведаміў кіраўнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак 16 студзеня.
20 студзеня 2023 года артыстка была прыгаворана да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Рашэнне вынес суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя Вікторыя Шабуня).
Спявачку абвінавацілі ў «дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Раней праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
3 жніўня 2022 года на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» на мінскай вуліцы Зыбіцкай адбылося выступленне Герасіменка. Пасля гледачы размясцілі ў сацсетках відэазапісы з канцэрта са стыкерамі ў колерах украінскага сцяга.
Пасля гэтага спявачка перастала з’яўляцца ў сацсетках, на званкі ў яе студыю вакалу ніхто не адказваў.
5 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явіліся паведамленні, што Герасіменка затрымалі за ахвяраванне на турэцкі дрон «Байрактар» для Украіны. Сцвярджалася, што спявачка, якая доўгі час знаходзілася пад назіраннем сілавікоў, частку даходаў, атрыманых ад сваёй дзейнасці, нібыта адпраўляла на патрэбы Украіны і брала ўдзел у «масавых беспарадках».
Пасля затрымання Герасіменка двойчы запар арыштавалі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула. Пазней яна была затрыманая ў рамках крымінальнай справы і змешчаная ў следчы ізалятар. Інфармацыя пра ахвяраванні на дрон не знайшла адлюстравання ў матэрыялах справы.
Пасля выезду з Беларусі Герасіменка пражывае ў Грузіі.
Мерыем Герасіменка стала вядомай пасля ўдзелу ў некалькіх вакальных шоу на расійскім і ўкраінскім тэлебачанні ў 2017–2018 гадах.
Таксама пакінулі Беларусь уладальнік бара «Банкі-бутэлькі»
Андрэй Жук і яго жонка Марыя. Цяпер яны знаходзяцца ў Варшаве, паведаміў
мужчына ў сацсетках. Як і Герасіменка, пару затрымалі ў жніўні 2022 года. У
лютым паводле арт. 342 КК сужэнцаў прыгаварылі да 2,5 года абмежавання волі па
месцы жыхарства.