Сваякам Навальнага не аддаюць яго цела, ёсць падазрэнне, што яго атруцілі

Маці Аляксея Навальнага паведамілі ў калоніі, што ён памёр ад сіндрому раптоўнай смерці. Адвакату заявілі ў СК, што прычына смерці невядомая.

2023_09_26t162738z_334448411_rc2eg3ano9v6_rtrmadp_3_russia_politics_navalny_pic_32ratio_1200x800_1200x800_43176.jpg

Прадстаўнікі калоніі ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай акругі РФ, дзе знаходзіўся расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны, заявілі яго маці, што ён памёр ад сіндрому раптоўнай смерці. Пра гэта паведаміў дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў.

«Калі адвакат і мама Аляксея сёння раніцай прыехалі ў калонію, ім сказалі, што прычына смерці Навальнага — сіндром раптоўнай смерці», — напісаў Жданаў.

Аднак у Следчым камітэце Салехарда, паведаміла прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш, адвакату палітыка сказалі, што прычына яго смерці не ўстаноўленая. Супрацоўнік СК заявіў, што «ўзятая паўторная гісталагічная экспертыза», вынікі якой будуць вядомыя на наступным тыдні. «Відавочна, што яны хлусяць і робяць усё, каб не выдаць цела», — дадала прэс-сакратарка палітыка.

Паводле слоў Ярмыш, у СК заявілі, што цела Навальнага не аддадуць сваякам, пакуль не завершыцца праверка. Яна адзначыла, што за гадзіну да гэтага адвакатам паведамілі, што «праверка скончаная, крыміналу не выяўлена».

Кіра Ярмыш заявіла ў эфіры «Дажджу», што афіцыйную прычыну смерці Навальнага дагэтуль не назвалі, таму версія прапагандыстаў пра тое, што ў Навальнага адарваўся тромб, пацвердзіць няма чым. «Мы відавочна разумеем, што калонія хлусіць, гэта відавочна прама цяпер. Няма ніякага сумневу, што забойства было спланавана», — сказала яна.


Глядзіце таксама

Акрамя гэтага, з’явіліся падазрэнні ў тым, што насамрэч Навальны памёр не 16 лютага, а раней. Пра гэта выданню «Новая газета. Еўропа» расказаў адзін са зняволеных калоніі ў Харпе. Ён адзначыў, што «незразумелы кіпеж пачаўся ў крытцы яшчэ ўвечары 15 лютага».

«Пачалося ўсё з таго, што вячэрняя паверка, яна ў нас праходзіць з 20:00 да 20:30, была моцна паскораная, — сказаў ён. — Такое часта бывае напярэдадні святаў, калі вертухаі за стол спяшаюцца, але ў той дзень ніякага свята не было. Затым нас замкнулі па бараках, папярэдзілі, каб не было ніякіх рухаў паміж баракамі, і ўзмацнілі ахову. Так што на вуліцу і нос было не высунуць. Было чуваць, як на тэрыторыю зоны познім вечарам і ноччу тры разы заязджалі нейкія машыны, але якія менавіта, у акенца не разглядзіш».

Паводле слоў зняволенага, раніца 16 лютага пачалася з татальнага «шмона» баракаў. Супрацоўнікі калоніі канфіскавалі некалькі сотавых тэлефонаў, карты і нават кіпяцільнікі, на карыстанне якімі раней глядзелі скрозь пальцы. З фраз аховы зняволеныя зрабілі выснову, што ў калоніі чакаецца праверка.

«Звычайна пра такія праверкі і адміністрацыя зоны, і зняволеныя даведаюцца не за дзень-два да прыезду, а прыкладна за месяц, — кажа крыніца, — і рыхтуюцца да іх загадзя. Таму што ні сядзельцам, ні вертухаям (ахоўнікам) лішнія вушакі, якія могуць знайсці правяраючыя, не патрэбныя. А тут бах, з бухты барахты — і камісія прыязджае! Відавочна павінна было нешта здарыцца!»

Зняволены дадаў, што пра смерць Аляксея Навальнага ў калоніі стала вядома каля 10 гадзін раніцы (08:00 па маскоўскім часе) 16 лютага.

«ПКТ, куды яго змясцілі, размешчанае ў баку ад баракаў, але калі б туды пад'язджала хуткая, то гэта было б відаць, — кажа зняволены. — Ніякіх хуткіх раніцай 16-га ў калоніі не было, з'явілася толькі пасля таго, як стала вядома, што Навальны ўжо мёртвы. Так што я думаю, што Навальны памёр значна раней таго часу, які абвясцілі. Хутчэй за ўсё, яшчэ ўчора ўвечары. А інакш навошта трэба было замыкаць нас наглуха ў бараках, а раніцай ладзіць шмон?»

У той жа час суразмоўца лічыць, што смерць Навальнага была нечаканасцю і для кіраўніцтва калоніі.

«З самай раніцы і «гаспадар» (начальнік калоніі), і «кум» (начальнік аператыўнай часткі калоніі) хадзілі як пустым мяшком па галаве прышыбленыя, — кажа зняволены. — Днём, прыкладна гадзіны ў тры, у адміністрацыю адразу некалькі машын праехала. Адна з «Савы» (ВК-18 — калонія для асуджаных пажыццёва), яшчэ парачка, мабыць, з Лабытнангі (бліжэйшы да пасёлка Харп горад, прыкладна ў 35 км) і адна дакладна з Салехарда (прыкладна 70 км ад Харпа). Я так думаю, агульную пазіцыю перад камісіяй з Масквы выпрацоўвалі».


Глядзіце таксама

Паводле звестак тэлеграм-канала «Сота», Навальнага павольна атручвалі ў зняволенні са жніўня, каб выклікаць смерць. «Сота» спасылаецца на свае крыніцы ў СК.

Паводле слоў дзвюх высокапастаўленых крыніц у СК, якія пацвярджаюць паведамленні адна адной, асноўным «лабістам» забойства Навальнага з'яўляўся кіраўнік СК Аляксандр Бастрыкін, які меў асабістую непрыязнасць да палітыка яшчэ з часоў расследавання Навальнага пра яго ад 2012 года. У далейшым Бастрыкін не раз пацвярджаў сваё стаўленне да Навальнага вершамі, якія пад псеўданімам публікаваў у Інтэрнэце.

Пасля арышту Навальнага, сцвярджаюць крыніцы, Бастрыкін дамагаўся санкцыі Пуціна на забойства палітыка ў калоніі, у выніку заручыўшыся падтрымкай кіраўніка Федэральнй службы выканання пакаранняў (ФСВП) Аркадзя Госцева. Апошні, сведчаць крыніцы, пагадзіўся з Бастрыкіным, у прыватнасці, з-за шматлікіх публікацый пастоў Навальнага падчас яго зняволення. Паралельна з гэтай жа прычыны была распачатая крымінальная справа супраць адвакатаў Навальнага.

У выніку ў жніўні 2023 года Уладзімір Пуцін даў дазвол на павольнае атручэнне Навальнага ў якасці «падарунка» на 70-годдзе Бастрыкіна. Згодна з першапачатковым планам, меркавалася, што палітык памрэ ад праблем сардэчна-сасудзістай сістэмы да канца 2023 года, аднак смерць наступіла толькі 16 лютага.

Як сцвярджае крыніца ў асяроддзі памерлага палітыка, ён з калоніі перадаваў паведамленні аб тым, што, на яго думку, атрымлівае нейкую атруту.

На думку біяхіміка, з якім пагаварыла «Сота», калі інфармацыя аб тромбе, ад якога памёр Навальным, дакладная, гаворка магла ісці аб любым рэчыве-каагулянце, якое ва ўмовах недахопу вады ў калоніі і катавальнага рэжыму ўтрымання непазбежна вяло да згушчэння крыві і, як следства, смерці.