Вялікая помста дробнага чалавека

Пра смерць расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і пра катаванні беларускіх палітвязняў піша аўтар ТГ-канала «Лісты да дачкі».

Калаж svoboda.org

Калаж svoboda.org

Я, вядома, хацеў напісаць сёння пра дыверсантаў, якія на дронах перапаўзаюць праз беларускую мяжу. Але потым здарылася тое, што здарылася, і гэта стала зусім недарэчным. Хоць пра забойства Навальнага я дакладна не хацеў бы пісаць.

Цяпер некаторыя прыдумляюць складаныя прычыны, чаму Пуцін забіў Навальнага. Тлумачаць выбарамі, заблытанымі геапалітычнымі матывамі. А мне здаецца, усё проста. Пуцін забіў Навальнага, таму што хацеў і мог. Як ён забіваў у Бучы або Марыупалі. Гэта проста банальная помста банальнага чалавека.

Таму што чым больш дробны чалавек, тым больш хваравітай адчувае сябе яго годнасць. Гэта вялікія людзі ўмеюць дараваць лёгка, таму што ў іх клопаты больш важныя, чым песціць свае крыўды. А адбяры ў дробнага чалавека яго крыўды — і што ад дробнага чалавека застанецца?


Глядзіце таксама

Таму не было ў Пуціна, вядома, ніякіх разумных прычын для забойства Навальнага. І, можа быць, нават ніякай практычнай карысці яму ад забойства не было і не будзе. Можа быць, нават гэтае забойства прынясе яму часовыя палітычныя нязручнасці. Але гэта не тыя нязручнасці, дзеля якіх можна адмовіць сабе ў задавальненні. Хто думае пра карысць, калі можна даставіць сабе такую радасць?

Вось беларускім уладам таксама няма ніякай практычнай карысці ад катаванняў зняволеных у турмах. І Латыпава яны забіваюць цынгой не праз складаныя геапалітычныя меркаванні. А проста таму што хочацца. Таму што не ўмеюць ні забыць, ні дараваць.

Таму што ў расійскай і беларускай улады сутнасць адна. Гэта карлік, які ўлез на табурэтку і ўдае з сябе волата. Але карлік жа не стане вялікім, як ты ні надзімай яго ў тэлевізары. Ён застанецца тым жа самым дробным чалавекам, які да смерці будзе памятаць, як яму не вярнулі тры рублі ці футра, якую ўзялі панасіць.

Так тое футра ці тры рублі. А тут жа людзі паквапіліся на вялікую годнасць дробнага чалавека. І гэтага замаху на сваю вялікую годнасць дробныя людзі ніколі не змогуць дараваць. Не могуць дараваць свайго страху. Не могуць дараваць таго, што з іншага боку прыгожыя і смелыя людзі, якімі ім ніколі не стаць, колькі ты разоў ні падцягвайся.


Глядзіце таксама

Не могуць дараваць таго, што яны не здольныя зразумець матывы гэтых людзей. Тое, чаго не можаш зразумець, заўсёды палохае. Вось Пуцін бы ніколі не вярнуўся ў Расію, ведаючы, што ён вяртаецца на Галгофу. Крый божа. Якое там вяртанне. Ён бы закапаўся ў бункер да самага цэнтра Зямлі. Як ні адзін сведка стабільнасці не парваў бы свой пашпарт і не выйшаў бы на «Плошчу Перамен».

Вось таму, што дробныя людзі не здольныя да вялікіх спраў, вялікія справы ў іх таксама атрымліваюцца дробнымі. Пачынаеш збіранне рускіх зямель, а заканчваеш крадзяжом унітаза. Абяцаеш краіне вялікую будучыню, а розуму і фантазіі хапае толькі на тое, каб вярнуць сябе ў мінулае. І ўсю сваю надзіманую веліч марнуеш на тое, каб пазбавіцца комплексаў і крыўдаў свайго нешчаслівага дзяцінства.