«Пуцін забіў Навальнага!» Актывісты і сусветныя лідары рэагуюць на смерць расійскага апазіцыянера
Абураныя грамадзяне па ўсім свеце збіраюцца на спантанныя акцыі памяці загінулага ў калоніі апазіцыянера Аляксея Навальнага.
Кветкі ля помнікаў ахвяр палітычных рэпрэсій ужо з'явіліся ў некалькіх гарадах Расіі:
- Белгарад
- Ульянаўск
- Казань
- Новасібірск
- Масква
- Ніжні Ноўгарад
У Мурманску затрыманая дзяўчына, якая выйшла на пікет з плакатам «Забіты Аляксей Навальны. Яго кроў на тваіх руках, Вова». Пікет таксама правяла жыхарка Новасібірска — яна выйшла з плакатам «Хто наступны?».
Акцыі пратэсту супраць рэжыму Пуціна і памяці Навальнага адбудуцца сёння і заўтра ў дзясятках краін свету, уключаючы Польшчу, Германію, Нідэрланды, Партугалію, Ізраіль, Чэхію, Францыю, Грузію, Італію, Расію і Паўднёвую Карэю.
У Літве падчас святкавання Дня незалежнасці абвясцілі хвіліну маўчання ў сувязі з паведамленнямі пра смерць Навальнага.
У Мілане і Рыме пачаліся серыі адзіночных пікетаў. Актывісты выходзяць з плакатамі з надпісамі «Пуцін — забойца».
Стыхійныя мітынгі пратэсту праходзяць у Тбілісі і Батумі, дзе жыве шмат расійцаў, якія з'ехалі пасля пачатку вайны і мабілізацыі.
У Тбілісі людзі сабраліся ля будынка былога пасольства Расіі на праспекце Іллі Чаўчавадзэ. На акцыю прыйшлі па меншай меры трыста чалавек, і новыя ўдзельнікі ўсё прыбываюць. Яны запоўнілі ўвесь тратуар, часткова людзі выходзяць на праезную частку. Паліцыянты не ўмешваюцца ў акцыю. Каля двухсот чалавек выйшлі на акцыю і ў Батумі.
Гучаць рэплікі: «Лёша, мы не здадзімся», «Не забудзем, не даруем». Людзі скандуюць лозунгі «Пуцін — забойца», «Дзеда ў Гаагу».
Жалобныя мерапрыемствы памяці Навальнага ў Расіі запланаваныя на заўтра а 12:00, арганізатары акцый невядомыя.
Міхаіл Хадаркоўскі заклікаў усіх апоўдні 17 сакавіка прыйсці на выбарчыя ўчасткі па выбарах прэзідэнта Расіі і ўпісаць імя Аляксея Навальнага ў бюлетэнь для галасавання. «Калі вы не ведалі або сумняваліся, як дзейнічаць у гэты дзень, то вось вам адказ», — дадаў ён.
Юлія Навальная пракаментавала смерць мужа на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы:
«Я доўга думала, ці варта мне выйсці сюды або адразу ляцець да сваіх дзяцей. І потым я падумала, што б зрабіў Аляксей Навальны. І я ўпэўненая, што ён быў бы тут... — сказала Юлія Навальная. — Калі гэта праўда, я хачу, каб Пуцін і ўсё ягонае асяроддзе, ягоныя сябры і ягоны ўрад ведалі: за тое, што яны зрабілі з нашай краінай, з маёй сям'ёй і з маім мужам, яны панясуць адказнасць. І гэты дзень наступіць вельмі хутка».
Святлана Ціханоўскаяадрэагавала на смерць Аляксея Навальнага адной з першых.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен: «Перш за ўсё, калі гэтыя паведамленні дакладныя, мы спачуваем яго жонцы і сям'і. Акрамя гэтага, ягоная смерць у расійскай турме, а таксама зацыкленасць і страх аднаго чалавека толькі падкрэсліваюць слабасць і гнілату ў сэрцы сістэмы, якую пабудаваў Пуцін. Расія нясе за гэта адказнасць. Мы будзем абмяркоўваць гэта з многімі іншымі краінамі, занепакоенымі лёсам Аляксея Навальнага, асабліва калі гэтыя паведамленні апынуцца праўдай».
Джэйк Саліван, саветнік Белага дома па нацыянальнай бяспецы: «Калі гэта пацвердзіцца, то гэта жудасная трагедыя. І ўлічваючы доўгую і брудную гісторыю расійскага ўрада, калі яна прычыняла шкоду сваім супернікам, гэта падымае рэальныя і відавочныя пытанні аб тым, што менавіта адбылося».
Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны: «Відавочна, ён [Навальны] забіты Пуціным, як і тысячы іншых, закатаваных з-за адной гэтай істоты. Пуціну ўсё роўна, хто загіне, абы ён захаваў свае пазіцыі».
Олаф Шольц, канцлер Германіі: «Навальны заплаціў за гэта (рашэнне вярнуцца ў Расію) сваім жыццём. Мы вельмі добра ведаем, што гэта за рэжым. Той, хто крытыкуе, хто выступае за дэмакратыю, павінен баяцца за сваё жыццё і сваю бяспеку. Таму мы ўзрушаныя. Нашы думкі з яго жонкай, яго дзецьмі, яго сябрамі, з яго паслядоўнікамі. Гэта проста жудасна. І гэта знак, як Расія змянілася».
Рышы Сунак, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: «Будучы самым лютым абаронцам расійскай дэмакратыі, Аляксей Навальны на працягу ўсяго свайго жыцця дэманстраваў неверагодную мужнасць. Мае думкі — з яго жонкай і народам Расіі, для якога гэта велізарная трагедыя».
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвінаваціў расійскія ўлады ў смерці «самага вядомага крытыка Крамля» Аляксея Навальнага. Ён дадаў, як перадае AFP, што адчувае гнеў і абурэньне. «У сённяшняй Расеі свабодных духам адпраўляюць у ГУЛАГ і прысуджаюць да смерці», — сказаў Макрон.
Аляксандр дэ Кро, прэм'ер-міністр Бельгіі: «Яго трагічная смерць яшчэ раз падкрэслівае, чаму мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну. Расія не пераможа ва Украіне. Нашы думкі з сям'ёй і сябрамі Навальнага і ўсімі мужнымі расійскімі палітвязнямі».
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі выказала спачуванні родным і блізкім Аляксея Навальнага: «Смерць Аляксея Навальнага — трагедыя для ўсіх абаронцаў дэмакратыі і праваабаронцаў. Мае спачуванні яго сям'і і тым, хто ў Расіі працягвае яго барацьбу за дэмакратыю».
ПаводлеВВС, DW, Можам патлумачыць