Карбалевіч: Калі раней смерць была мяжой для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, то цяпер гэтая мяжа сцерлася
У Беларусі і Расіі адбываецца сінхранізацыя рэпрэсіўных практык, і гэты працэс узмацняецца. Смерць Навальнага ў расійскай калоніі — сведчанне гэтых працэсаў, лічыць палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Валерый Карбалевіч.
— У нас таксама, на жаль, палітвязні паміраюць у турме. Ужо вядомыя некалькі выпадкаў, самы гучны — з Алесем Пушкіным, — нагадаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Карбалевіч, каментуючы смерць Аляксея Навальнага. — Таму мы можам казаць, што ў Беларусі і Расіі адбываецца сінхранізацыя рэпрэсіўных практык, і гэты працэс узмацняецца.
Калі раней смерць была мяжой, перашкодай для гэтых рэжымаў, то цяпер гэтай мяжы няма, яна сцерлася.
Яшчэ калі забілі Нямцова, можна было сказаць, што гэта зрабілі нейкія незразумелыя людзі і што ўлады да гэтага не маюць дачынення. Але калі чалавек памірае ў турме, відавочна, што ўлады маюць да гэтага дачыненне.
Навальны не адрозніваўся дрэнным здароўем, нейкіх прыкмет таго, што ён хворы і можа памерці, не было. Таму, безумоўна, адказнасць ляжыць на ўладзе. Яна вінаватая ў гэтай трагедыі.
Палітычныя рэжымы Беларусі і Расіі ідуць па шляху ўзмацнення жорсткасці ў дачыненні да сваіх палітычных праціўнікаў. На жаль, мне здаецца, гэта непазбежная рэальнасць: калі падобны рэжым пачынае вайну са знешнім светам, ён абавязкова будзе весці вайну і са значнай часткай уласнага народа.
Лёс палітычных рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна гэта вельмі яскрава пацвярджаюць.
— Для іх больш наогул ніякіх межаў не існуе?
— Пакуль няма публічных расстрэлаў, няма публічных забойстваў, на вуліцы не страляюць у пратэстоўцаў, як, скажам, у Іране ці М'янме. Ім яшчэ ёсць куды падаць.