«Наша вайна яшчэ не прайграная». Блогерка Вольга Такарчук — пра сваё зняволенне

Паўтара года ў калоніі, галадоўка, карцар — праз усё гэта давялося прайсці палітзняволенай Вользе Такарчук. Публікуем вытрымкі з яе размовы з «Вясной».

0_5366462998133082667__1838696030_logo_1.jpg

Блогерка і экс-палітзняволеная Вольга Такарчук была асуджаная на паўтара года калоніі. Пасля 23 студзеня 2024 года яна пакінула Беларусь дзякуючы «BySOL», а яе маці цяпер прызнаная палітзняволенай. У інтэрв'ю «Вясне» Вольга расказала пра тое, як гэта — быць палітзняволенай, пра падтрымку сімвалічных «хросных», пра суд і калоніі, пра сваіх дзяцей і пра тое, чаму важна не маўчаць.

— Да вас прыйшлі з затрыманнем 19 траўня 2021 года, а ўжо 27 траўня 2021 года выйшла заява аб прызнанні вас палітзняволенай. Як вы паставіліся да гэтай навіны?

— Пра гэта я даведалася, калі мяне перавезлі з Акрэсціна ў Жодзіна. Мы меркавалі, што мяне могуць «закрыць», таму адразу з бацькамі агаворвалася, каб яны не маўчалі, каб яны не баяліся зрабіць мне горш у турме, а адразу падавалі [маю інфармацыю] на статус палітвязня, як бы іх ні палохалі і што б ні адбывалася далей. Гэта быў мой выбар.

— Чаму?

— Перш за ўсё, гэта галоснасць. Ты заяўляеш, што цябе незаконна ўтрымліваюць, ты «палітычны». Калі кожны будзе маўчаць, як тады свет даведаецца пра тое, колькі нас і як нас шмат, як нас незаконна ўтрымліваюць? Плюс для мяне гэта вялікі гонар атрымаць такі статус, таксама як гонар — усе мае артыкулы (крымінальныя). Я імі ганаруся, і яны нездарма называюцца «народнымі». І, як бы ні было цяжка, як бы ні было балюча за людзей, я ганаруся кожным, хто сядзіць па палітычных артыкулах і палітычных матывах. І лічу, што ўсім трэба больш і больш адкрыта гаварыць, заяўляць, нагадваць, асабліва тым, хто выехаў цяпер. Улады ж дамагаюцца таго, каб мы ўсе баяліся, каб мы ўсе маўчалі, каб як мага цішэй адбываліся ўсе тыя зверствы, якія дзеюцца ў Беларусі, таму, мне здаецца, трэба набірацца смеласці і не маўчаць пра гэта.

— Вы ўжо расказалі «Радыё Свабода», што ў Жодзіне ад адчаю спрабавалі рэзаць вены каменем, а затым абвясцілі галадоўку. І яшчэ ў лісце вы напісалі мужу, што не хочаце падымацца раніцай — за гэта вас паставілі на ўлік як «схільную да суіцыду». Што мяняе гэты ўлік у жыцці і якая псіхалагічная дапамога ў пенітэнцыярнай сістэме?

— Псіхалагічнай дапамогі там няма ніякай ад слова «зусім». Нават перад тым, як ставіць мяне на гэты ліпавы ўлік па суіцыдзе, са мной не было размовы псіхолага або псіхіятра: з чым звязаны мой стан, які ў мяне маральны стан? А ў мяне назапасілася ўсё. Па-першае, як ты ні рыхтуешся да таго, што цябе могуць затрымаць, ты ўсё роўна маральна не падрыхтуешся, калі ты першы раз сутыкаешся з гэтым, плюс для «палітычных» створаны ўсякія зневажальныя рэчы: цябе водзяць з сабакамі, з палкамі, з канваірамі, твар у сцяну, «адкатваюць» пальцы, распранаюць.


Глядзіце таксама

Ты да гэтага не гатовы, ты ў прынцыпе не ведаеш, як гэта ўсё адбываецца. І гэта першы шок. У цябе потым рэзка абсякаецца сувязь са знешнім светам, забітыя вокны, ты не бачыш родных, ты не бачыш дзяцей, твае зносіны толькі ў лістах, плюс гэты карцар, які быў практычна з парога (мяне прывезлі ў Жодзіна 26-га, а 7-га чэрвеня я ўжо была ў карцары). Карцар наогул для мяне страшная рэч. Я з жахам уяўляю, як там цяпер нашы хлопцы і дзяўчаткі праз усё гэта праходзяць, з улікам таго, што цяпер усё гэта стала больш жорсткім. І ў мяне яшчэ была лайт-версія ўсяго, і ў карцары я правяла ўсяго сем дзён, было вельмі холадна.

Галадоўка таксама была вымушанай мерай, пачалася яна яшчэ да карцара, але потым, дзякуй богу, хоць бы такім чынам я змагла абмяняць сваё спыненне галадоўкі на цёплыя рэчы, потым у мяне быў жудасны каронавірус. Гэта ўсё супала з тым, што маю справу, якая была перададзеная пракурору, завярнулі назад і накіравалі ў Следчы камітэт на дадатковае расследаванне. У мяне ў гэты час быў дзень нараджэння ў мамы, на наступны дзень — у сына, праз пяць дзён — у дачкі. І я з тэмпературай, і на вуліцы 33 градусы тады было. І ўсё вось гэтае: што ты прапускаеш дні нараджэння дзяцей, у цябе стрэсавы стан, ты пасля галадоўкі, ты з каронавірусам, з тэмпературай — натуральна, маральны стан быў абсалютна жудасны. І я напісала мужу проста адзін радок: я засынаю і не хачу прачынацца тут. Я прачынаюся ў турме з пытаннем: навошта я прачнулася?

— Суддзя Алена Капцэвіч 21 снежня 2021 года вынесла прысуд: паўтара года пазбаўлення волі. А потым у сярэдзіне студзеня 2022 года вас перавялі ў гомельскае СІЗА № 3. І 31 студзеня 2022 года Яміла Шэфер, намесніца старшыні «Альянса 90/Зялёныя», дэпутатка бундэстага і Камітэта замежных спраў, стала вашай сімвалічнай «хроснай». Яна пры гэтым заявіла: «Мы павінны працаваць разам, каб такія людзі, як блогерка Вольга Такарчук, не зніклі з поля зроку сусветнай грамадскасці. Не забываць іх імёны і выказваць салідарнасць. Еўрасаюз не павінен аслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя без якіх-небудзь умоў». Ці было для вас гэта падтрымкай?

— Я лічу, што пра ўсіх «палітычных» трэба гаварыць. Я ўдзячная людзям, якія расказваюць пра нас і становяцца сімвалічнымі «хроснымі». Дзякуй ім велізарны. Трэба выкарыстоўваць усе шанцы, каб Беларусь і палітычныя зняволеныя не сыходзілі з парадку дня. Таму што, на жаль, чым больш часу мінае, тым менш гавораць пра Беларусь, тым менш памятаюць і задумваюцца пра палітычных зняволеных, якім, на жаль, з кожным днём становіцца ўсё больш невыносна ў турмах.

— У кастрычніку вас этапавалі ў ПК №4...

— Ёсць міні-прэсінг у калоніі на «палітычных». Ты як з жоўтай біркай, ты не можаш браць дадатковыя гадзіны працы. Гэта значыць, ты не можаш пайсці на другую змену на фабрыку. Мне заставалася два месяцы (у калоніі) — і мне было ўсё роўна. Але як гэта працуе там: кожны месяц падлічваецца, колькі ты зрабіў, і табе ідзе адсотак выпрацоўкі на фабрыцы. І так як яны не даюць «палітычным» ніяк падпрацаваць (на другую змену выйсці), у цябе заўсёды маленькі працэнт, і гэта значыць, што ты заўсёды будзеш на ўсіх дзяжурствах, гэта значыць цябе будуць заўсёды ставіць лішні раз мыць прыбіральню, мыць падлогу, мыць калідоры, ісці чысціць гнілую бульбу. Тым, у каго вялікі план, іх не ставяць. А тыя, у каго маленькі працэнт і маленькі план — як бясплатныя рабы. Гэта значыць, ты ўвесь час мыеш «таўчкі». Вось такі своеасаблівы прэсінг, і ты нічога не можаш з гэтым зрабіць.


Глядзіце таксама

— Што б вы хацелі дадаць да сваёй гісторыі?

— Я хачу ўсім падзякаваць, усім неабыякавым. Столькі было дапамогі маёй сям'і, столькі дапамогі цяпер мне, што без слёз... Я першыя дні (учора і пазаўчора) нават не магла пра гэта сказаць, таму што гэта бясконца кранае. Таму дзякуй усім велізарны за тое, што мяне чакалі, што мяне памятаюць і любяць.

Я вельмі хачу, каб людзі не баяліся гаварыць. Нават ананімна, тыя, хто знаходзіцца ў краіне. Не баяліся расказваць свае гісторыі. Не баяліся расказваць пра тое, як іх прэсуюць, або тэрарызуюць, або палохаюць. Гэта важна, свет павінен пра гэта ведаць. Калі мы будзем маўчаць, пра нас забудуць. А мы не маем на гэта права, у нас занадта шмат людзей сядзіць, занадта шмат рэпрэсаваных, занадта шмат пацярпелых. І калі пра нас забудуць і Беларусь сыдзе з парадку дня — для мяне гэта здрада гэтым людзям.

Усім страшна. Мне таксама страшна было заставацца ў краіне. Але я разумела, што не хачу пакідаць яе «ябацькам», я разумела, што хай цішком, але я камусьці магу там дапамагчы, каму гэта трэба. Усім страшна. І ўсё адно трэба быць разам, трэба не забываць, што наша сіла — у нашай салідарнасці і ў нашай падтрымцы. І ўнутры краіны таксама можна партызаніць, неяк дапамагаць адно аднаму, гэта таксама трэба. Згадваць, якія мы неверагодныя былі ў 2020-м годзе. Нічога не змянілася, мы засталіся такімі ж. Мы адно аднаго тады такімі адкрылі, і ў нашых галовах жа нічога не змянілася, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі ды ўзмацненне жорсткасці рэжымам жыцця ў Беларусі, мы ўсё адно такія ж, якімі былі ў 2020-м годзе, трэба не забываць гэта!

Трэба заставацца моцнымі, нешта рабіць для перамогі. Бо рэжым жа нешта робіць, каб нас прэсаваць — і ў яго атрымліваецца, бо яны робяць. Значыць мы таксама павінны рабіць яшчэ ў сто разоў больш, каб мы маглі супрацьстаяць гэтаму рэжыму, таму што няхай цяпер нейкія баі яны выйграюць, але вайна наша яшчэ не прайграная. І я ўпэўненая, што ўсё роўна перамога будзе за намі, перамога будзе за дабром, перамога ва Украіне, перамога будзе ў нас.

Усё рана ці позна заканчваецца, усё цыклічнае, трэба проста не апускаць рукі, верыць і нешта рабіць. Проста заўсёды нешта рабіць. Любое маленькае дзеянне... Калі шмат маленькіх дзеянняў, ужо атрымліваецца вялікае добрае маленькае дзеянне, і так, як пазлік, складваецца цэлая карціна.