«Адзін яблык за лета». Чаму палітвязень Сцяпан Латыпаў мог захварэць на цынгу
Інфармацыю пра цынгу ў Латыпава са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіла агенцтва «Позірк». Экспэрты кажуць, што раней пра такое захворваньне ў Беларусі зьвестак ніколі не было.
Пацыенты з авітамінозам пасьля калёній
Практыкуючая лекарка-нутрыцыёляг Тацяна (імя зьмененае дзеля бясьпекі) у размове са «Свабодай» расказала, што тэарэтычна сымптомы цынгі разьвіваюцца цягам некалькіх месяцаў. Але ў ейнай 20-гадовай практыцы такіх выпадкаў не было.
«Ніколі ня чула пра выпадкі захворваньня на цынгу ў Беларусі. Так, авітаміноз дыягнастуем даволі часта, недахоп самых розных вітамінаў і элемэнтаў. Але ўсё гэта цяпер лечыцца.
Дыягназ недастатковасьці вітаміну С (цынга) ставіцца ў першую чаргу па выніках абсьледаваньня скуры і дзяснаў, фактараў рызыкі. Ну, і празь лябараторнае пацьверджаньне, іншыя аналізы. Агульны аналіз крыві часьцяком дазваляе выявіць анэмію.
У мяне было некалькі такіх пацыентаў з авітамінозам цягам апошняга году, яны вызваліліся з калёніі. Адзін малады чалавек паведаміў, што нядаўна вызваліўся, перанёс стрэс. Яму прызначылі даволі складаны аналіз па вымярэньні аскарбінавай кіслаты ў плязьме. Потым мы вызначыліся са схемай лячэньня, распрацавалі харчовую дыету з дадатковым прыёмам аскарбінавай кіслаты.
Шчыра кажучы, даволі дзіўна сутыкацца з такімі праблемамі цяпер, калі столькі садавіны-гародніны, нават цалкам даступнай, кшталту капусты, перцу. Дый вітаміны ёсьць цалкам даступныя і танныя айчыннай вытворчасьці», — разважае лекарка.
«Вітамін С ёсьць нават у бульбе і капусьце»
Хімік-дасьледчык, адмысловец у галіне калёіднай хіміі, стваральнік тэлеграм-канала LAB-66 (@lab66 ) Сяргей Бесараб кажа, што пачуць зараз выраз «хварэюць на цынгу» — нешта падобнае да таго, што і ўбачыць жывога дыназаўра на вуліцы.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку дасьледчык-хімік адзначае, што адным з дасягненьняў цывілізацыі можна лічыць тое, што цынга практычна цалкам выкаранена. Здавалася, што яна засталася толькі ў фільмах пра піратаў. І папулярна патлумачыў, што такое цынга.
«Гэта захворваньне, зьвязанае зь недахопам у арганізьме вітаміну С (аскарбінавай кіслаты). Чалавек, у адрозьненьне ад некаторых жывёл, гэты вітамін сынтэзаваць ня можа. Вітамін С ня толькі дапамагае засвойваць жалеза зь ежы, але, што важней за ўсё, удзельнічае ў сынтэзе калягену.
А каляген — гэта асноўны будаўнічы бялок у арганізьме чалавека. Калі парушаны яго сынтэз, то пачынаюць разбурацца крывяносныя сасуды, храсткі, цягліцы — любыя органы, дзе прысутнічае злучальная тканка. Капіляры становяцца далікатнымі, зьяўляюцца ўнутраныя кровазьліцьці, косьці пачынаюць лёгка крышыцца і ламацца, здараюцца пераломы. Расхістваюцца і выпадаюць зубы. Перастаюць гаіцца раны... Для таго каб выявіліся сымптомы цынгі, вітамін С павінен цалкам адсутнічаць у рацыёне хаця б некалькі месяцаў.
Вітамін С ёсьць практычна ўсюды. Ён ёсьць нават у самай таннай гародніне кшталту бульбы і капусты, ён ёсьць у хваёвай ігліцы, нават у траве на вуліцы, чорт пабяры, ён ёсьць», — эмацыйна піша Сяргей Бесараб.
«Дзяржава ня можа сказаць: «Мы вас пасадзілі, таму здыхайце»
Былы начальнік мэдслужбы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Васіль Завадзкі, які адпрацаваў у сыстэме турэмнай мэдыцыны больш за чвэрць стагодзьдзя, кажа, што за ўсю сваю доўгую практыку ні разу не сутыкаўся з цынгой. Хоць раней харчаваньне ў турмах было значна горшае, чым цяпер.
На яго погляд, і цяпер у рацыёне зьняволеных вельмі мала сьвежай садавіны і гародніны, недахоп вітамінаў прысутнічае. І праблема ня толькі ў адной аскарбінавай кіслаце, не хапае іншых вітамінаў. Да таго ж людзі ў пастаянным стрэсе. Часам мала рухаюцца, мала бываюць на сьвежым паветры, у камэрах дрэннае асьвятленьне.
На думку юрыста Максіма Палавінкі, беларуская дзяржава цяпер ідзе па шляху легалізацыі свавольля, «бязьмежжа».
«Калі чалавек у турме, гэта азначае адзінае абмежаваньне — што ён не на свабодзе. Але знаходжаньне за кратамі не азначае, што да гэтага прыкладаецца адсутнасьць нармальнага харчаваньня, нявыключанае сьвятло, адсутнасьць пасьцельнай бялізны, душа, хлёрка на падлогу.
Дзяржава нясе поўную адказнасьць за стан яго здароўя. Чалавек сядзіць у тых умовах, калі ён ня можа пайсьці на мэдычнае абсьледаваньне, ён знаходзіцца ва ўладзе дзяржавы. І ў дзяржавы ёсьць так званыя пазытыўныя абавязаньні — забясьпечыць умовы для захаваньня яго жыцьця і здароўя.
Дзяржава ня можа сказаць: «Мы вас пасадзілі, таму здыхайце». Якім чалавек зайшоў у турму, такім і павінен выйсьці», — перакананы юрыст Максім Палавінка.
Інструкцыі бяз згадак пра садавіну і гародніну
Інструкцыя па мэдычным забесьпячэньні асобаў, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы МУС, была зацьверджаная ў 2003 годзе яшчэ міністрам унутраных спраў Уладзімерам Навумавым, міністрам аховы здароўя Людмілай Пастаялкай і ўзгодненая з тагачасным генпракурорам Шэйманам.
Васіль Завадзкі кажа, што зьмены ў інструкцыю ўносіліся некалькі разоў. Аднак ніякіх канкрэтных нормаў харчаваньня — колькасьці бялкоў, тлушчу, вугляводаў, вітамінаў — там не прапісана. Толькі агульныя палажэньні:
«Спэцкантынгент забясьпечваецца харчаваньнем па нормах, зацьверджаных Саветам міністраў РБ. Прапісана яшчэ разьмеркаваньне пры трохразовым харчаваньні: на сьняданак — 30–35%, на абед — 40–45%, на вячэру — 20–30% ад агульнай калярыйнасьці сутачнай нормы».
І ні слова пра садавіну і гародніну, збалянсаванасьць харчаваньня, вітаміны.
«За тры месяцы лета я зьеў адзін яблык»
Тэарэтычна зьняволеныя маюць права набываць прадукты ў турэмнай краме, атрымліваць пасылкі і перадачы ад сваякоў. Але нібыта праз парушэньні і пакараньні шмат хто гэтага пазбаўлены. Напрыклад, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі і многія іншыя, якія цяпер у ПКТ. Як, верагодна, і той жа Сьцяпан Латыпаў, якога перавялі з івацэвіцкай калёніі «Воўчыя норы» ў «крытую» турму.
Былы палітвязень, які адбываў тэрмін у магілёўскай калёніі № 15, узгадвае, што аснова харчаваньня там — супы і кашы.
«Адчуваўся недахоп і бялковай ежы, і гародніны, і садавіны. За тры месяцы лета я зьеў адзін яблык. І то гэта быў зялёны, недасьпелы яблык, які мне прынёс сябра. Ён на яблычны спас хадзіў да турэмнай царквы. Побач з царквой падалі яблыкі, ім дазволілі нешта сабраць, і ён прынёс мне ў якасьці падарунка першы яблык за лета.
У калёніі ёсьць магчымасьць у «атаварцы» нешта набываць, але звычайна і там ёсьць праблемы — ці ўжо скончыліся дэфіцытныя прадукты, ці іх увогуле не завезьлі. Мой прыклад — чалавек летам не атрымліваў ніякіх вітамінаў, а наперадзе восень і зіма... Калі я трапіў у калёнію, то ў першы дзень атрымаў салёны агурок і салёны памідор. Такія памідоры нам давалі цягам вясны... І больш нічога зь вітамінаў», — узгадвае былы вязень магілёўскай калёніі.
Другі вязень, які адседзеў больш за два гады ў Наваполацкай калёніі № 1 і значную частку тэрміну прабыў у ПКТ і ШЫЗА, кажа, што «атаваркай» (магчымасьцю набываць прадукты ў турэмнай краме) рэдка мог скарыстацца.
«Акрамя цыбулі і соку «Сочный», у турэмнай краме
нічога зь вітамінаў не было. Зрэдку на гарнір давалі кіслую капусту. І ўсё. Што
да вітамінаў, раней іх сваякі маглі перадаваць у калёнію, а цяпер — толькі па
прызначэньні турэмнага лекара, тое, што ў яго ёсьць беларускай вытворчасьці», —
кажа былы вязень Наваполацкай калёніі № 1.