Палітвязень Сцяпан Латыпаў у знак пратэсту ў калоніі глытаў лязо і рэзаў вены
Палітвязень Сцяпан Латыпаў у калоніі праглынуў лязо і парэзаў вену на руцэ. Ён зрабіў гэта ў знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі івацэвіцкай калоніі №22. Менавіта ў гэтай калоніі Латыпаў адбывае тэрмін — 8,5 гадоў зняволення.
За гэтыя ўчынкі ён ужо адседзеў 17 сутак у штрафным
ізалятары. Цяпер Латыпава могуць на тры гады перавесці з калоніі ў турму. Суд
прызначаны на 15 верасня.
«Сцяпан праглынуў лязо ў канцы ліпеня. Ён зрабіў гэта,
устаўшы перад камерай назірання ў ПКТ, і пасля запіў лязо гарбатай, каб
супрацоўнікі пераканаліся, што ён не сімулюе. Яны былі вымушаны адвезці яго на
абследаванне ў бальніцу ў Івацэвічах, — распавядае Instagram-акаўнт
volny_vozhyk, які вядуць сябры палітвязня. — Праз некалькі гадзін Сцяпана
вярнулі ў калонію. На шчасце, лязо не пашкодзіла стрававод і страўнік і пазней
растварылася ў страўнікавым соку».
Таксама Латыпаў парэзаў сабе вену на руцэ ў раёне локця.
Прыйшлося накладваць швы. Рана зажыла без ускладненняў.