Хронікі палітычнага пераследу ў Беларусі за 12 верасня

Расказваем пра галоўныя навіны, якія адбыліся ў краіне сёння, 12 верасня.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»


Адноўлены судовы працэс над журналістамі «БелаПАНа». Але «праз хваробу ўдзельнікаў» Мінскі абласны суд перанёс разгляд справы яшчэ на некалькі дзён. Пасяджэнні суда праходзяць у закрытым фармаце, а сутнасць справы дагэтуль невядомая.
Праваабаронцы паведамляюць, што экстрадаваную ў Беларусь Яну Пінчук трымаюць у віцебскім СІЗА №2. Дзяўчыне інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэкса, па двух з іх ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, па трэцім — да 10-ці.
Сёння з апошнім словам у судзе выступіў палітзняволены журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын. Праз тое, што судовы працэс быў закрытым, невядома, што сказаў палітвязень у судзе. Як адзначае ў сваім фэйсбуку жонка Дзяніса Вольга Івашына, паслязаўтра стане вядомы прысуд. Ніякіх ілюзій, піша Вольга, сям'я не мае, але прызначаны тэрмін «неістотны» — бо яго «не перажыве перш за ўсё сама сістэма».
Дызайнер Анатоль Лазар, пра затрыманне якога стала вядома ўвечары 11 верасня, быў пакараны сёння 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Палітзняволеную Вольгу Маёраву, фігурантку «справы Аўтуховіча», якую КДБ унесла ў «спіс тэрарыстаў», змясцілі ў карцар. Прычыны і тэрмін невядомыя.
Па тры гады калоніі агульнага рэжыму суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Аляксею Хількевічу і Раману Лабанаву, паведамляюць праваабаронцы. Мужчын судзілі за рассылку лістоў з заклікамі сумленна лічыць галасы на выбарах.
Тры гады «хатняй хіміі» ў Баранавічах прысудзілі Уладзіславу Рабічу — інваліду 1-й групы з ДЦП. Яго прызналі вінаватым у «абразе Лукашэнкі». Падставай стаў каментар у адным з ТГ-каналаў.
ГУБАЗіК затрымаў 37-гадовага кіроўцу «Яндэкс.Таксі». Прычына затрымання — адмова таксоўца везці дзвюх супрацоўніц Следчага камітэта. З мужчынам знялі «пакаяльнае відэа».
Гродзенскі абласны суд вынес чарговы вырак па «справе Зельцэра». 52-гадовага Рыгора Грыга асудзілі да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі мужчыну палітычным зняволеным.
У Беларусі прызнаны «экстрэмісцкімі» ТГ-каналы «"Нафтан" супраць экстрэмізму», «Беларускiя Адвакаты», «Народны аўтаінспектар Info», а таксама сайт і ТГ-канал «Вектор Нашего Города».
На сённяшні дзень праваабаронцы «Вясны» налічваюць у Беларусі 1329 палітзняволеных, ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1638 чалавек, з іх 196 жанчын і 8 непаўнагадовых.