«Катавалі нават жанчын». Жыхары вызваленай Балаклеі распавялі пра «фільтрацыйную» турму расійскай арміі
Пачуццё палягчэння ў толькі што вызваленых ад расійскіх войскаў раёнах Украіны змешваецца з горам: мясцовыя жыхары распавядаюць, як сталі сведкамі катаванняў і забойстваў, што адбываліся ў перыяд расійскай акупацыі.
Балаклея была вызвалена 8 верасня, пасля больш за паўгода акупацыі расійскай арміяй, піша карэспандэнтка ВВС Орла Герын, якая наведала Балаклею.
Арцём, жыхар горада Балаклея ў Харкаўскай вобласці, распавёў ёй, што правёў у палоне ў расійцаў больш за 40 дзён, і яго катавалі электрычнасцю.
Самыя жудасныя рэчы рабіліся ў будынку мясцовай паліцыі, дзе размясціліся расійскія войскі. Арцём кажа, што з суседніх камер ён чуў, як іншыя зняволеныя крычалі ад болю і жаху. Пры гэтым, па яго словах, расійцы відавочна паклапаціліся, каб крыкі былі добра чутныя астатнім, паколькі ў будынку была адключаная шумная сістэма вентыляцыі. «Яны яе выключылі, каб усе маглі чуць, як крычаць людзі, калі іх катуюць токам, — кажа Арцём. — З некаторымі зняволенымі гэта рабілі праз дзень. Нават жанчын катавалі».
Арцёму таксама давялося перажыць катаванне токам — але толькі адзін раз. «Мяне прымусілі ўзяць у рукі два драты, — распавёў ён. — Там быў электрагенератар. Чым хутчэй ён круціўся, тым больш было напружанне. Яны сказалі: “Адпусціш драты — табе канец”. Потым сталі задаваць пытанні. Сказалі, што я хлушу — і генератар закруціўся хутчэй, так што напружанне расло».
Як распавёў нам Арцём, яго затрымалі пасля таго, як расійцы знайшлі ў яго фатаграфію брата — служачага УСУ — у вайсковай форме. Яшчэ аднаго жыхара Балаклеі, па словах Арцёма, затрымалі на 25 дзён за тое, што дома ў яго знайшлі ўкраінскі сцяг.
Дырэктарка мясцовай школы Таццяна, якая правяла ў паліцэйскім участку трое сутак, кажа, што таксама чула крыкі, што разносіліся з іншых камер.
На сцяне адной з гэтых камер мы знайшлі тэкст малітвы «Ойча наш» і паметкі пра тое, колькі дзён прайшло ў зняволенні. Паводле звестак украінскай паліцыі, у камерах, разлічаных на дваіх, акупацыйныя ўлады трымалі да васьмі чалавек. Як кажуць паліцыянты, падчас паўгадавой акупацыі людзі стараліся лішні раз не падыходзіць да будынка, каб іх не схапілі расійскія вайскоўцы.
«Навошта ён застрэліў майго сына?»
Непадалёк ад цэнтра горада, у канцы невялікай вуліцы, знаходзяцца магілы тых, каго ў спешцы пахавалі суседзі. На месцы адной з іх, дзе пахаваны таксіст Пётр Шэпель, стаіць просты драўляны крыж. Побач з ім ляжыць яго пасажыр, асоба якога да гэтага часу не ўстаноўленая.
Паліцыя пачала эксгумаваць іх цела, і, калі астанкі загінуўшых змяшчалі ў мяшкі, у паветры павіс пах смерці. Па словах мясцовых уладаў, абодвух загінулых мужчын застрэлілі ля расійскага блокпаста літаральна за дзень да вызвалення горада.
За эксгумацыяй назірала Валянціна — маці загінулага таксіста.
«Я хачу спытаць Пуціна, навошта ён застрэліў майго сына? — крычыць яна. — Навошта? Хто яго прасіў сюды прыходзіць з такой страшнай зброяй? Ён не толькі забіў нашых дзяцей — ён забіў і нас, іх маці. Я цяпер усё роўна што мёртвая. І я хачу звярнуцца да ўсіх маці свету: паўстаньце супраць гэтага забойцы!»
Па дарозе ў Балаклею мы бачылі вайсковую тэхніку, адзначаную літарай Z. Відаць, яе расійцы кінулі пры адступленні.
У найбліжэйшай вёсцы нам прадэманстравалі будынак мясцовай школы, што моцна пацярпеў у ходзе баявых дзеянняў. Па звестках мясцовых уладаў, яна была амаль разбураная ўжо непасрэдна перад выгнаннем расійцаў.
Стоячы на яе руінах, кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў назваў асноўнай задачай аднаўленне падачы ў населеныя пункты вобласці вады і электрычнасці — хоць ёсць асцярогі, што лініі электраперадач могуць быць замініраваныя.
На пытанне, ці думае ён, што расійскія войскі могуць вярнуцца, Сінягубаў адказаў: «Мы на вайне, так што такая небяспека ёсць заўсёды».
У цэнтры Балаклеі, дзе зноў лунае ўкраінскі сцяг, некалькі дзясяткаў мясцовых жыхароў выстраіліся ў чаргу каля грузавіка з харчаваннем. Тут шмат пажылых людзей, якія выглядаюць знясіленымі. Але яны відавочна задаволеныя зноў бачыць адзін аднаго — і абняцца ўпершыню пасля заканчэння акупацыі.