Пакаранне Сцяпану Латыпаву хочуць зрабіць яшчэ больш жорсткім

Палітзняволенага Сцяпана Латыпава, арбарыста і «жыхара Плошчы перамен», хочуць перавесці з калоніі ў турму

aux_1601042226_photo_2020_09_25_15_47_02_1_logo_1.jpg

29 жніўня ў судзе Івацэвіцкага раёна адбудзецца суд па замене пакарання палітвязню Сцяпану Латыпаву, які адбывае тэрмін у «Воўчых норах», на больш жорсткае. Верагодна, яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым, пішуць праваабаронцы.

Рашэнне пра змену пакарання будзе прымаць суддзя Аляксандр Кірыловіч.

Нагадаем, у сярэдзіне траўня Сцяпана перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на пяць месяцаў. Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні парадку ў калоніі. Там вязні маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль раз на 6 месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу. За першыя два тыдні ў ПКТ палітвязень атрымаў толькі два лісты. Сябры палітвязня просяць усіх, хто пісаў яму ў калонію, пазначыць у адмысловай google-форме свае пасланні.



Нагадаем, больш за год таму, 16 жніўня 2021-га Сцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь.

Пасля суда сваякі распавялі, што фізічнае здароўе Сцяпана падарвана зняволеннем — ён стаў горш чуць пасля збіцця сілавікамі.

На судзе ў апошнім слове Сцяпан Латыпаў распавёў пра збіццё і катаванні: «Ніколі ў жыцці мне не было так страшна. Людзі ў масках білі рукамі, нагамі, дубінкамі. Усе гуртам і па адным. Выкручвалі рукі, ногі за спіной, ластаўкай, білі кулакамі і далонямі па вушах так, што ў галаве нібы выбухала граната…

Я крычаў, задыхаючыся ў чорным пакеце, а яны смяяліся. Казалі: "Вучым алфавіт, зараз спытаем літару "Аааа" і пачнём вучыць Б". Я крычаў і думаў, вельмі добра, што ўзялі мяне, мала хто з суседзяў у Беларусі вытрымае гэта. Калі было асабліва балюча, я ўспамінаў словы маці, яна вучыла мяне гаварыць сабе: "Я маленькі-маленькі вожык, мне зусім не балюча". І гэта ў нейкае імгненне дапамагала мне. Але яны [сілавікі] вельмі вопытныя, мяне пастаянна называлі па імені, і ў мяне не атрымлівалася адключацца ніяк».

За пяць месяцаў у калоніі палітвязня змяшчалі ў ШІЗА агулам на 32 дні.


Сцяпану можна пісаць на адрас: ПК №22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сцяпан Сяргеевіч Латыпаў