Хронікі рэпрэсій. Журналістку Таццяну Мацвееву асудзілі за аватарку, на гэтым жа судзе затрымалі Барыса Хамайду

З дапамогай дадзеных праваабаронцаў сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі 25 жніўня.

photo_2022_08_25_16_32_17.jpg

Былой журналістцы T*T.ВY Таццяне Мацвеевай прысудзілі 8 сутак арышту. Справу разгледзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска.

На жанчыну склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: за аватарку ў Фэйсбуку са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» на фоне палосаў белага і чырвонага колераў.

Вядома, што на судовым працэсе па справе журналісткі затрымалі віцебскага дысідэнта Барыса Хамайду.

Верагоднай прычынай затрымання стаў медальён з «Пагоняй». Барыс быў сведкам на працэсе.

У Гродне затрымалі супрацоўніка «Гроднажылбуда», які нібыта заклікаў калегаў баставаць.

Папярэдне, яго завуць Мікалай Мардовіч, яму 36 гадоў. У 2020 годзе ён нібыта браў удзел у акцыях пратэсту, а таксама «захоўваў сабе на старонку пратэсную інфармацыю і распаўсюджваў яе».

Мяркуючы па відэа, мужчыну затрымалі проста на аб'екце, дзе ён працаваў,

У Брэсце затрыманы музыка Сяргей Нікіцюк.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 32-гадовы мужчына нібыта абразіў у каментарах Лукашэнку, на сваёй старонцы ў сацсетках размясціў нацысцкую сімволіку, а таксама даслаў свой бюлетэнь з лютаўскага рэферэндуму «экстрэмісцкім каналам».

Паводле сілавікоў, Нікіцюк атрымаў штраф за распаўсюд нацысцкай сімволікі, а таксама супраць яго распачалі крымінальную справу ажно па трох артыкулах: арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі); арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім); арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Сілавікі затрымалі 31-гадовага мінчука, які збіраўся ехаць ваяваць ва Украіну.

Следчы камітэт піша, што малады чалавек, «паддаўшыся ўплыву ілжывай інфармацыі аб спецаперацыі ва Украіне», вырашыў прыняць удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Для гэтага ён у адным з тэматычных Telegram-каналаў прайшоў рэгістрацыю і паведаміў аб гатоўнасці «ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях». Таксама ён нібыта ў 2020 годзе ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

Дзеянні хлопца (імя не называецца) кваліфікаваны па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч.1 арт. 13 ст.361-3 (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы).

23 жніўня ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд 31-гадоваму Іллю Гольцаву. Суддзя Васіль Бягун прызнаў мужчыну вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы). Гамельчуку прызначылі 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Іллю затрымалі ў лютым — верагодна, за каментары. Вядома, што ў кастрычніку 2021 года ў судзе Савецкага раёна Гомеля Гольцаву прысудзілі штраф — 10 базавых велічынь (на той момант — 290 рублёў) паводле арт. 19.11 (выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КаАП.

26 жніўня ў Мінскім абласным судзе пройдуць спрэчкі бакоў па «справе змоўшчыкаў». Падазраваным пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 4 да 12 гадоў. Прысуд можа быць вынесены напачатку верасня.

На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офісу Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч.

На пастара гомельскай суполкі хрысціян поўнага Евангелля «Жывая вера» Дзмітрыя Падлобку не спыняецца ціск. Нядаўна яго асудзілі за правядзенне абраду хрышчэння ў двары прыватнага дома, расцаніўшы гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

А 24 жніўня пастару выдалі ў міліцыі папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона аб масавых мерапрыемствах, распавёў ён на сваёй старонцы:

«Папярэдзілі, што калі будзе парушэнне закону яшчэ, то гэта ўжо можа быць крымінальная справа. А бонусам мяне апавясцілі, што цяпер цягам года кожны месяц са мной асабіста будзе сустракацца ўчастковы міліцыянт — каб праводзіць прафілактычную працу».

У судзе Партызанскага раёну Мінска пакінулі без задавальнення скаргу палітвязня Эдуарда Бабарыкі на чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Ён застаецца ў зняволенні як мінімум да 14 верасня.

Эдуард з'яўляецца «рэкардсменам» па тэрміне ўтрымання пад вартай на стадыі папярэдняга расследавання — ужо больш за 26 месяцаў ён у зняволенні, справа ў суд да гэтага часу не перададзена.

Палітзняволены старшыня «В*сны» Алесь Бяляцкі ў СІЗА-1 утрымліваецца ў так званым «спецкалідоры» — паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.

Цягам гэтага года Бяляцкага моцна абмяжоўваюць у ліставанні.

Алесь быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года і разам з Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам абвінавачаны ў нясплаце падаткаў у буйным памеры. Больш за год ён утрымліваецца за кратамі, а следства працягнутае да 14 кастрычніка.

У Беларусі стала на 10 палітвязняў больш. Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі Паўла Абуховіча, Аляксея Грыцкевіча, Паўла Бабчонка, Уладзіміра Рабчанку, Уладзіміра Прадкіна, Івана Супрунчыка, Віталя Гузава, Аляксея Парэцкага, Роберта Кузняцова, Аляксея Багдзея.

Цяпер у Беларусі 1309 палітвязняў, але гэта толькі паводле спісаў праваабаронцаў. Насамрэч іх значна болей.  

Палітвязень Ілля Сілянкоў цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю.

Студэнта чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту асудзілі да 1,5 гадоў «хіміі» за абразу Лукашэнкі — хлопец 13 жніўня 2020 года расклеіў і раскідаў не менш за 17 улётак з выявай Лукашэнкі і надпісамі пра яго, якія «прынізілі яго гонар і годнасць».

Свой тэрмін Ілля адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу №9.