Хроніка рэпрэсій у Беларусі за 24 жніўня

Расказваем пра галоўнае, што адбылося ў краіне сёння, 24 жніўня.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сталі вядомыя падрабязнасці справы кіраўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Яго абвінавачваюць у «кіраванні пратэстамі» 2020 года. Таксама прадстаўнік СК Сяргей Паско, які агучыў інфармацыю пра Казлова, заявіў, што па «пратэсных справах» за жнівень 2020 года было ўзбуджана 280 крымінальных спраў.
У Беларусі заблакавалі сайт «CityDog». Рэдакцыя партала ніякіх папярэджанняў і тлумачэнняў ад Мінінфарма не атрымлівала. Акрамя таго, сёння было анулявана пасведчанне аб рэгістрацыі «Газеты Слонімскай», што было патлумачана адсутнасцю выпускаў тыража на працягу шасці месяцаў (у рэдакцыі заявілі, што тыпаграфіі адмовіліся друкаваць газету).
«Экстрэмісцкімі» прызнаныя сацсеткі крамы Symbal.by і кампаніі «Годна», а таксама ТГ-канал «Белага Легіёна». Рашэнне прымаў суд Партызанскага раёна Мінска.
У палітзняволенага музыкі Аляксандра Казакевіча сёння прайшоў ператрус. Мужчыну прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» за «абразу прадстаўніка ўлады», ён правёў за кратамі 3 месяцы.
40-гадовага чэмпіёну Еўропы і віцэ-чэмпіёну свету па гандболе Міхаілу Міхуту прысудзілі 5 гадоў «хатняй хіміі» за каментар пра Лукашэнку. Паводле версіі абвінавачання, Міхута зрабіў некалькі рэпостаў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», якія «абражалі гонар і годнасць Лукашэнкі». Справу разглядала суддзя Люцыя Жук.
Палітзняволены фігурант «чыгуначнай справы» Віктар Іванцоў выйшаў на волю. Яму ставілі ў віну «прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў». Іванцоў адседзеў два гады калоніі.
Стала вядомая дата суду над палітзняволенай Ксеніяй Луцкінай. Яе пачнуць судзіць 1 верасня, разглядаць праву будзе суддзя Таццяна Фалькоўская. Луцкіну затрымалі 22 снежня 2020 года па абвінавачанні ў «змове з мэтай захопу ўлады». Ёй пагражае зняволенне ад 8 да 12 гадоў.
Палітзняволеная журналістка Яна Пінчук даслала сваякам ліст з этапа: яе прывезлі ў Яраслаўль па працэдуры экстрадыцыі ў Беларусь. Дзяўчына піша, што яе вязуць у «сталыпінскім» вагоне, этап з Пецярбурга ў Яраслаўль заняў 4 дні, а наступны пункт — Смаленск. У Беларусі дзяўчыне пагражае да 19 гадоў пазбаўлення волі.