Павел Сапелка: «Сёння яны адказваюць «праваахоўным» тэрорам»
Юрыст і праваабаронца Павел Сапелка ў інтэрв'ю «Филину» расказвае пра небяспеку соцень новых спраў пасля стварэння так званай «відэатэкі для вылічэння ўдзельнікаў "вулічнага тэрору"».
У прэс-службе УСК па Мінску расказалі, што ў ведамстве стварылі відэатэку для вылічэнні «удзельнікаў вулічнага тэрору». Таксама, паводле слоў начальніка камітэта Сяргея Паско, толькі за апошнія паўгода затрыманыя больш за 280 чалавек. З іх 238-мі ужо прад'яўленыя абвінавачанні, усе яны заключаныя пад варту.
— Хачу адзначыць, што за першае паўгоддзе затрыманыя 280 чалавек у адным толькі Мінску, гэта значыць 1-2 чалавекі штодня. Нашым назіраннямгэтыя даныя не супярэчаць, — гаворыць Сапелка. —Тут таксама вельмі важна звярнуць увагу на практыку, якую ўзялі на ўзбраенне так званыя праваахоўныя органы. Я кажу пра заключэнне пад варту па менш цяжкім злачынстве, калі, у прынцыпе, няма падстаў для прымянення такой надзвычайнай меры стрымання.
Акрамя таго, хацеў бы яшчэ адзначыць танальнасць заяў прадстаўнікоў ведамства. Па «масавых беспарадках» (арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі) мы цяпер наогул не бачым вялікай колькасці спраў. У асноўным, гэта справы па ч.1 арт.342 КК.
А яны гэта называюць «вулічным тэрорам». Сітуацыя адсылае нас у часы, калі на тэрор адказвалі Чырвоным бальшавіцкім тэрорам. А сёння яны адказваюць так званым «праваахоўным» тэрорам.
Другая вялікая катэгорыя, па якой пастаянна адбываюцца затрыманні, узбуджаюцца крымінальныя справы і выносяцца прысуды, — гэта абраза або паклёп на адрас Лукашэнкі, абраза службовых асоб і шматлікія злачынствы, якія фабрыкуюцца па прыкметах артыкула 130 КК — «распальванне сацыяльнай варожасці». Як правіла, гаворка ідзе пра рознага роду выказванні ў сацсетках.
— Паводле слоў Паско, дзякуючы аналізу файлаў у відэатэцы ўжо ўстаноўленыя больш за 1400 удзельнікаў «вулічнага тэрору». Ці можна чакаць павелічэння колькасці затрыманняў?
— Так, трэба разумець, што колькасць затрыманых можа ўзрастаць. Мы бачылі на піку вулічных пратэстаў у 2020 годзе сотні тысяч людзей. Не ўсе, вядома, з іх могуць быць фігурантамі спраў па арт. 342 КК, бо не ўсе фармальна перакрывалі рух, выходзілі на праезную частку і гэтак далей. Але, тым не менш, цалкам могуць з'явіцца многія тысячы фігурантаў новых спраў.
Мы бачым, што тэндэнцыя на распальванне варожасці паміж уладай і насельніцтвам, паміж прыхільнікамі дэмакратыі і урадам працягваецца.
І менавіта гэтыя звесткі пра ўдзельнікаў пратэстаў і пра тых, хто пакідаў нейкія каментары ў Інтэрнэце, могуць яшчэ вельмі доўга падсілкоўваць рэпрэсіўную практыку.
Важна адзначыць, што толькі цяпер СК аднавіў паведамленні пра статыстычныя даныя па пераследзе людзей за ўдзел у мірных дэманстрацыях і іншыя спосабы ажыццяўлення сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
Гэта зменлівая практыка. У 2020-м — пачатку 2021 года статыстыка пастаянна вялася і агучвалася рознымі ведамствамі. Потым доўгі час мы былі без якіх-небудзь даных, каля года. Цяпер жа колькасць узбуджаных крымінальных спраў па «пратэсных» справах падвоілася.
З аднаго боку, гэта колькасць дзівіць уяўленне, а з іншага — мы разумеем, што гэтых фактаў можа быць на парадак ці два больш.
Сацыяльныя сеткі ў тыя часы кіпелі ад выказванняў наконт парушэння закону і правоў супрацоўнікамі сілавых ведамстваў і ў цэлым дзеючай улады. І сёння гэта працягваецца.