Хроніка рэпрэсій у Беларусі за 22 жніўня

Расказваем пра галоўныя падзеі, якія адбыліся сёння ў палітычным жыцці краіны.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Пераслед «ціктокераў»: затрыманаму блогеру Андрэю Бяляўскаму за «абразу Лукашэнкі» прысудзілі два гады калоніі. Бяляўскага затрымалі 28 сакавіка проста на працы разам з сынам, сына пасля адпусцілі.
ГУБАЗіК затрымаў другую віцэ-місіс свету 2018 года Дар'ю Рэут. Яе вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. У жанчыны ёсць непаўнагадовы сын.
За ўдзел у пратэстах затрыманы таксама ўладальнік двух мінскіх рэстаранаў і сеткі кулінарных крам Сяргей Міргародскі. Разам з ім сілавікі забралі яго жону і сына.
Праз 15 сутак адміністрацыйнага арышту не вышла на волю і была перазатрыманая спявачка Мэрыем Герасіменка. Яе затрымалі пасля выступу ў бары «Банки-бутылки», дзе яна заспявала песню «Обійми» ўкраінскага гурта «Океан Ельзи».
Стала вядомая дата вынясення прысуду палітзняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай. Суд над ёю і яшчэ дзевяццю палітвязнямі скончыцца 6 верасня.
Завершана расследаванне пра справе «Рабочага руху». У матэрыялах КДБ праходзяць дзесяць былых супрацоўнікаў «Гродна Азота», «Нафтана», БМЗ. Яны абвінавачваюцца ў «здрадзе дзяржаве» і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання».
Стала вядома пра затрыманне керамісткі Наталлі Багданавай і яе мужа. Іх дзесяцігадовую дачку Багдану забралі ў прытулак. Зараз старэйшая дачка, якой нядаўна споўнілася 18 гадоў, спрабуе сабраць дакументы на апеку.