Актывіст Андрэй Шляпаў, які ўцёк з «хіміі», расказаў пра збіццё ў КДБ
Былы вязень беларускай турмы расказаў праваабаронцам пра сваё затрыманне і допыты.
29-гадовы актывіст Андрэй Шляпаў, які з'ехаў з Беларусі, не адбыўшы поўны тэрмін «хіміі» па абвінавачанні ў «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК), расказаў праваабаронцам пра збіццё і здзекі ў КДБ пры яго затрыманні.
Паводле слоў Шляпава, яго затрымалі ўвечары 10 лістапада 2021 года ў Мінску. Сілавікі збілі яго з ног, калі ён ішоў па вуліцы, і кінулі ў мікрааўтобус, пры гэтым нацягнуўшы яму шапку на твар і паклаўшы на падлогу тварам уніз.
«Размаўлялі на падвышаных тонах, маглі ўдарыць па нырках, шыі, патыліцы, нагах. Побач з маім тварам перыядычна ставілі аўтамат — можа, як мера запалохвання. Па дарозе гаварылі: "Цяпер мы паедзем у лес і прывяжам цябе да дрэва ці ўвогуле распранём і пакінем у вадаёме — будзеш там стаяць, пакуль не здохнеш», — распавёў Шляпаў.
У будынку КДБ, куды прывезлі актывіста, яго адразу ж павялі на допыт, падчас якога яго перыядычна білі ў жывот або давалі яму аплявуху, сцвярджае актывіст. Калі на пытанне сілавікоў пра свой удзел у акцыях пратэсту ён адказаў адмоўна, яго нумар тэлефона аператыўнік праверыў па білінгу і пачалі ўжываць да яго гвалт.
«Назад у кабінет ён заходзіў ужо з крыкамі, што я ім схлусіў, выбіў нагой з-пад мяне крэсла і паспрабаваў паставіць мяне ў "ластаўку". Калі ў яго гэта не атрымалася, то ён проста чаравіком наступіў мне на твар, як быццам цыгарэту патушыў», — расказаў Шляпаў.
Ноч мужчына правёў у КДБ, пры гэтым адна з яго рук была прышпіленая кайданкамі да шафы. Назаўтра, калі актывіст пісаў тлумачальную, адзін з сілавікоў біў яго нагамі ў жывот са словамі: «Ды як вы мяне за*балі, змагары, хістальнікі рэжыму кончаныя!» Так, паводле слоў Шляпава, сілавік адрэагаваў на яго выказванне пра тое, што ён «хаця б паспрабаваў» змяніць свет сваімі дзеяннямі.
Неўзабаве пасля гэтага Шляпава арыштавалі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП), а затым супраць яго распачалі крымінальную справу за «ўдзел у акцыях пратэсту» 16 жніўня і «перакрыцце дарогі» 25 кастрычніка 2020 года (арт. 342 КК).
У выніку 25 красавіка 2022 года яму прызначылі 3 гады «хіміі» і вызвалілі ў зале суда. Праз два месяцы Шляпаў пакінуў краіну.