Мінінфарм пазбавіў «Газету Слонімскую» пасведчання аб дзяржрэгістрацыі
Міністэрства інфармацыі 23 жніўня паведаміла рэдакцыі «Газеты Слонімскай» пра тое, што пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі — грамадска-палітычнага выдання «Газета Слонімская» і рэкламнай газеты «Отдушина» — ануляваныя.

Міністэрства інфармацыі сваё рашэнне абгрунтоўвае тым, што выпуск гэтых выданняў не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар (падпункт 2.10 пункта 2 артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года №427-3 «Аб сродках масавай інфармацыі»), паведамляе БАЖ.
«Ні гродзенская, ні брэсцкая, ні пінская друкарні не ўзяліся друкаваць «Газету Слонімскую» і газету «Отдушина», спасылаючыся на высокую ступень загружанасці і шчыльны графік друку», — патлумачылі сітуацыю ў рэдакцыі.
«Газета Слонімская» друкавалася з 2011 года ў гродзенскай друкарні, якая была ліквідаваная ў 2021 годзе.

Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина» не выходзіць з 9 лістапада 2020 года. Здарылася гэта пасля ператрусаў і пагрозы крымінальнай справы.
Уладальніка сайта gs.by Яўгена Валадашчука ў чэрвені 2021 года аштрафавалі за публікацыю з «экстрэмісцкага» рэсурсу, калі той яшчэ не быў «экстрэмісцкім»
Усе сілы рэдакцыя газеты засяродзіла на працы сайта. У пачатку лютага 2022 года Мінінфарм абмежавала і доступ да сайта «Газеты Слонімскай».