Уладальніка сайта gs.by аштрафавалі за публікацыю з «экстрэмісцкага» рэсурса, калі той яшчэ не быў «экстрэмісцкім»

Суд Слонімскага раёна аштрафаваў Яўгена Валадашчука, уладальніка сайта gs.by, на 90 базавых велічынь (2610 рублёў). Пасяджэнне суда прайшло 1 чэрвеня.

Яўген Валадашчук у судзе. Фота gs.by

Яўген Валадашчук у судзе. Фота gs.by


На судзе разглядаліся справы па двух адміністрацыйных пратаколах па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў») у дачыненні да ПУП «Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская”» і ўладальніка сайта gs.by, паведамляе REFORM.by.

Пратаколы былі складзеныя ў красавіку за публікацыю на сайце газеты ў чэрвені мінулага года матэрыялу з інтэрнэт-рэсурса, які ў кастрычніку быў прызнаны экстрэмісцкім, паведамляе выданне.

У рамках справы быў выкліканы ў міліцыю і апытаны аўтар матэрыяла і галоўрэд «Газеты Слонімскай». Калі з-за мяжы вярнуўся ўладальнік сайта і дырэктар ПУП Валадашчук, адміністрацыйныя справы былі заведзеныя на яго. На той момант матэрыял з сайта ўжо выдалілі.

Справа ў дачыненні да ПУП была спыненая, бо матэрыял не публікаваўся ў газеце, а Валадашчук як уладальнік сайта атрымаў штраф.