Сцяпана Латыпава на 5 месяцаў змясцілі ў памяшканне камернага тыпу

На палітзняволенага Сцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калоніі «Воўчыя норы», працягвае ціснуць адміністрацыя.

Палітвязень Сцяпан Латыпаў

Палітвязень Сцяпан Латыпаў


Родныя Сцяпана Латыпава паведамляюць, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Гэта спецыяльная камера, куды пераводзяць вязняў у якасці спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку калоніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу 6 месяцаў, мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін і хадзіць на працу, паведамляюць праваабаронцы.
Паводле слоў сваякоў Сцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін з якіх — ад бацькі.
«У сваім лісце Сцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камеры: ён не паспеў нарадавацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часцей», — кажа бацька.
16 жніўня палітзняволенага жыхара «Плошчы Перамен» Сцяпана Латыпаваасудзілі да 8,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічынь.
Суддзя Аляксандр Воўк прызнаў яго вінаватым у стварэнні дваровага тэлеграм-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай абароне раслін. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў.
Падчас суду Сцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам — ён утыркнуў ручку сабе ў горла. Пасля гэтага палітвязня прааперавалі ў адной з мінскіх бальніц.
За пяць месяцаў у калоніі Латыпава змяшчалі ў штрафны ізалятар агулам на 32 дні, 27 з якіх ён адбыў у лютым.


Напісаць Сцяпану Латыпаву ліст можна на адрас: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сцяпану Сяргеевічу Латыпаву.


Паводле РС