8,5 гадоў калоніі і штраф 300 базавых — палітзняволенаму Сцяпану Латыпаву вынеслі прысуд

У судзе Савецкага раёна Мінска 16 жніўня вынеслі прысуд 41-гадоваму палітзняволенаму жыхару «Плошчы Перамен» і арбарысту Сцяпану Латыпаву.

aux_1601042226_photo_2020_09_25_15_47_02.jpg

Суддзя Аляксандр Воўк прызнаў палітвязня вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.ч. 1, 2 арт. 342, ч. 2 арт. 363, ч. 4 арт. 209. Яго абвінавацілі ў стварэнні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэстнай сімволікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 15 верасня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзенні ў зман кліентаў пры аказанні паслуг па хімічнай апрацоўцы раслін. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну, адмовіўся ад дачы паказанняў. Суд Савецкага раёна прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на восем гадоў і шэсць месяцаў ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафа ў памеры 300 базавых велічынь. Менавіта такое пакаранне прасіў прызначыць пракурор Уладзімір Рабаў.

У чым абвінавацілі Сцяпана Латыпава?

Згодна з версіяй абвінавачання, у жніўні 2020 года Сцяпана Латыпава «аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для сумеснага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак на тэрыторыі сталіцы. Для выканання сваёй злачыннай мэты ён стварыў у месенджары Telegram чат, у якім заклікаў яго ўдзельнікаў да стварэння дваровай супольнасці з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве». Латыпаву ставіцца ў віну, што ён «арганізоўваў правядзенне сустрэч удзельнікаў групы, сумеснае распаўсюджванне агітацыйнай прадукцыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў пратэснага характару на фасады будынкаў і збудаванняў. Названыя дзеянні прывялі да фарміравання ў асоб гатоўнасці і жадання ўдзельнічаць у названых супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама стварэння ў грамадзян пратэснага настрою».  
Акрамя гэтага, Латыпава абвінавацілі ў тым, што ён разам з удзельнікамі чата стварыў «майстэрню па вырабе пратэснай сімволікі, у тым ліку сцягоў, якія прызначаліся для размяшчэння на фасадах будынкаў».
Згодна з матэрыяламі справы Латыпаў арганізаваў збор грашовых сродкаў з боку ўдзельнікаў супольнасці для матэрыяльнай арганізацыі яго дзейнасці.
«Мінчук рэгулярна інфармаваў адміністратараў радыкальных і экстрэмісцкіх Telegram-каналаў з дапамогай чат-бота пра створанае ім дваровае аб'яднанне і агітаваў іншых асоб да стварэння падобнага на тэрыторыі іншых раёнаў Мінска, што ў рэшце рэшт пацягнула за сабой арганізацыю такіх», — гаворыцца ў абвінавачанні.  
Акрамя гэтага, Латыпаву інкрымінуюць ч. 2 арт 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, 15 верасня мінулага года ён аказаў актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з ужываннем гвалту.
Таксама Сцяпана Латыпава абвінавачваюць па ч. 4 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»). Паводле звестак следства, у перыяд з красавіка 2019 года да верасня 2020 года абвінавачаны пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман завалодаў грашовымі сродкамі 16 юрыдычных асоб на агульную суму больш за 123 тысячы рублёў.
Паводле версіі абвінавачання, Латыпаў наўмысна ўводзіў у зман кліентаў і паведамляў ім загадзя ілжывыя звесткі пра магчымасць аказання паслуг па вытворчасці комплексу мер па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка шляхам хімічнай апрацоўкі дарагім і высакаякасным сродкам.
«Падчас збору характарызуючага матэрыялу ў дачыненні да фігуранта, а таксама праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства "Беларбо", дырэктарам і бухгалтарам якога ён з'яўляўся, устаноўленыя факты крадзяжу і неналежнага аказання паслуг, парушэння правілаў абыходжання са сродкамі хімічнай апрацоўкі раслін, іх незаконнага набыцця і выкарыстання ў гаспадарчай дзейнасці з яго боку», — гаворыцца ў абвінавачанні.  
Такім чынам, Сцяпана Латыпава абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч.1 і ч. 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады і якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацыі, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»);ч. 2 арт. 363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»);ч. 4 арт. 209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»).
Але, што характэрна, да 11 сакавіка Сцяпану Латыпаву замест арт. 342 і 209 КК ставіўся ў віну артыкул 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). На гэта падчас судовых спрэчак звярнула ўвагу адвакатка палітвязня.
Нагадаем, 1 чэрвеня ў суд Латыпава прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў пра так званую «прэс-хату», у якую яго ўкінула адміністрацыя турмы, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Пасля гэтага Сцяпан спрабаваў забіць сябе наўпрост у залі суда — падчас пасяджэння, седзячы ў клетцы, ён уваткнуў сабе ў горла асадку. Суд быў перапынены, мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. І ўжо ў ноч адразу пасля аперацыі, з 1 на 2 чэрвеня, сілавікі забралі Сцяпана з бальніцы і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
12 жніўня выступіў з моцным апошнім словам, у якім распавёў пра сваю сям'ю, рэпрэсаванага прадзеда ў 1937 годзе, як яго збівалі сілавікі і як ён рыхтаваўся да суіцыду.
spring96.org