Сяргея Ціханоўскага ўтрымліваюць ў ШІЗА больш за тры тыдні
Палітвязень Сяргей Ціханоўскі з 18 жніўня бесперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары жодзінскай турмы.
«У халоднай камеры ізалятара памерам каля пяці квадратных метраў, куды практычна не трапляе дзённае святло. Сяргей таксама фактычна пазбаўлены нармальнага сну, яго «ложак» цяпер уяўляе сабою драўляныя дошкі без матраца, падушкі і пасцельнай бялізны. «Ложак» адкідваецца ад сцяны з 22 да 6 гадзін. З-за дзікага холаду (тэмпература ў камеры такая ж, як на вуліцы) Сяргею даводзіцца ўставаць некалькі разоў за ноч, каб хоць трохі сагрэцца з дапамогай фізічных практыкаванняў. Сяргею забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, кнігамі, ён не атрымвае лісты і газеты», — паведамляе тэлеграм-канал «Турма для жыцця».
Нагадаем, 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.
Як зазначаецца ў канале са спасылкай на лісты палітвязня, Сяргей у турме пераасэнсоўвае многія рэчы, а затым дзеліцца сваімі разважаннямі. Ён па-ранейшаму ўпэўнены ў правільнасці свайго шляху, і ведае: беларусы абавязкова змогуць перамагчы рэжым.
«Калі ты знайшоў дарогу без перашкод, значыць, яна нікуды не вядзе», — так ён нядаўна напісаў у лісце.
Падтрымаць Сяргея Ціханоўскага: Турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі