Дзяржава выціскае сумленных адвакатаў, замест іх на льготных умовах набіраюць былых следчых, пракурораў, суддзяў

Сёння праваабарончыя рэсурсы паведамілі пра затрыманне раніцай цэлай групы адвакатаў нібыта за разгалошванне даных следства. Хто канкрэтна затрыманы, пакуль невядома, але інкрымінуюць ім менавіта разгалошванне — 407 артыкул Крымінальнага кодэкса.

aheev_123345567.jpg

Артыкул 407 тычыцца не толькі разгалошвання даных следства, але і даных дазнання, а таксама закрытага судовага пасяджэння. Ён тычыцца «асоб, папярэджаных ва ўстаноўленым законам парадку аб недапушчальнасці іх выдавання», і караецца штрафам або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.

Але тое ж дзеянне, здзейсненае асобай, якая мела доступ да матэрыялаў крымінальнай справы па службе, караецца штрафам або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або без пазбаўлення.

Але справа ў тым, што сама практыка ўжывання 407 артыкула, роўна як і практыка адабрання падпісак аб неразгалошванні ва ўсіх удзельнікаў грамадска значнага працэсу, у сённяшніх умовах з’яўляецца ганебнай, лічыць былы адвакат Алег Агееў. Пра гэта ён выказаўся ў каментарыі «НЧ»:

— Сітуацыя такая, што, на жаль, 407 артыкул выкарыстоўваецца для абмежавання свабоды выказвання меркавання адваката. Ён і раней ужываўся ў Беларусі, у практыцы такія кейсы былі, калі адвакатаў прыцягвалі да крымінальнай адказнасці па палітычна значных справах.

Нашы органы — і следчыя, і судовыя — злоўжываюць сваім правам адбірання падпісак ад удзельнікаў працэсаў для закрыцця інфармацыі, якая ўяўляе грамадскую значнасць. І, на жаль, так у тых адвакатаў, якія працавалі па гэтай справе: напэўна ад іх былі адабраныя падпіскі аб невыдаванні звестак следства, дазнання альбо закрытага судовага пасяджэння, і, на жаль, гэты артыкул прадугледжвае такі від пакарання, як крымінальны арышт. І гэта, хутчэй за ўсё, адаб'ецца на іх статусе адваката. Раней Міністэрства юстыцыі і органы адвакацкага самакіравання пазбаўлялі статусу адваката, калі ў дачыненні да адваката распачыналі крымінальную справу.

Праўда, 407 артыкул прадугледжвае яшчэ і штраф, і раней, як мне падказвае памяць, суды давалі штраф. Але гэта было ў так званыя «траваядныя перыяды», а цяпер ва ўмовах дастаткова масавага пераследу па палітычных матывах я не паручуся, што наш так званы суд можа абмежавацца штрафам.

— Пераслед па палітычных матывах насіў яскрава выражаны «ведамасны», скажам так, характар. Масава прыходзілі спачатку да праваабаронцаў, потым да журналістаў, потым — актывістаў НДА, прафсаюзных актывістаў… Ці не стане сённяшняе масавае затрыманне пачаткам «чысткі» адвакатуры?

— Шчыра кажучы, ціск на адвакатаў не спыняўся ўвесь гэты час. Калі паглядзець на спіс адвакатаў, якія былі пазбаўлены статусу... Я з ходу не ўспомню, як называецца рэсурс, які збірае інфармацыю пра пераслед адвакатаў. Але, паглядзеўшы на яго, вы проста жахнецеся. Проста, можа быць, не ўсе кейсы былі занадта гучныя, але чысткі ў адвакацкім асяроддзі адбываюцца практычна штомесяц. Адвакатаў альбо пазбаўляюць статусу, альбо анулююць ліцэнзію, альбо выключаюць з калегіі адвакатаў... Узгадайце гучны кейс з Людмілай Казак, якую проста затрымалі на вуліцы і асудзілі за супраціў супрацоўнікам міліцыі... Многія праз гэта праходзілі, у тым ліку і адвакаты.

То-бок, гэта — абсалютна невыбіральная сістэма пераследу розных слаёў грамадзянскай супольнасці, яна ў тым ліку накрыла крыламі пераследу і адвакатаў.

А калі ўспомніць храналогію пераследу адвакатаў, то практычна ўсе прэзідэнцкія кампаніі суправаджаліся крымінальным пераследам кандыдатаў у прэзідэнты і рэпрэсіямі ў дачыненні да адвакатаў, якія абаранялі палітычных апанентаў дзеючага рэжыму. І ваш пакорны слуга — адзін з іх. Па мне, дарэчы, нават вынесена рашэнне Камітэтам ААН па правах чалавека — «Агееў супраць Беларусі» — з патрабаваннем да ўлад Беларусі аднавіць мой статус адваката. Гэта рашэнне ўлады Беларусі не выконваюць, як і ўсе астатнія рашэнні КПЧ ААН.


— Калі масава арыштоўваць адвакатаў, пазбаўляць іх ліцэнзій, як вы кажаце, ці не застанемся мы наогул без адвакатуры?

— Калі звярнуцца да заканадаўства аб наданні статусу адваката, то дзяржава стварыла ўмовы для пераходу ў статус адваката супрацоўнікаў дзяржаўных органаў. Былых следчых, пракурораў, суддзяў ахвотна набіраюць у адвакаты, для таго (з майго пункту гледжання), каб яны былі лаяльныя дзяржаўным органам больш, чым сваім кліентам. Таму дзяржава адных адвакатаў, сумленных, якія працуюць з пагрозай для сваёй прафесіі, але ў інтарэсах кліента, усяляк вымывае з інстытута адвакатуры, а замест іх на льготных умовах дае магчымасць набываць статус адваката супрацоўнікам сілавых ведамстваў, пракуратур і судоў, якія ў прынцыпе лаяльныя, кіруюцца, падкантрольныя. Ёсць верагоднасць, што яны будуць дзейнічаць у інтарэсах дзяржаўных органаў ахвотней, чым абараняць інтарэсы сваіх кліентаў.

Паўтаруся: гэта маё асабістае і ацэначнае меркаванне па гэтым пытанні.

— Ці могуць затрыманыя сёння адвакаты абысціся адміністрацыйным арыштам?

— Не, гэта крымінальны артыкул, які прадугледжвае да шасці месяцаў арышту. У гэтым і праблема, што пераслед адвакатаў па такім артыкуле цягне за сабой крымінальнае пакаранне. Альбо крымінальны штраф, альбо крымінальны арышт — адміністрацыйны арышт тут непрыдатны.