У Мінску другі раз па «народным артыкуле» асудзілі мужа, жонку і пляменніцу

Праваабаронцам стала вядома, што яшчэ ў жніўні ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынеслі прысуд адразу траім жыхарам горада.

faee945_6.jpg

Сужэнцаў Алу і Васіля Раманенкаў і пляменніцу жанчыны Аляксандру Антаненка прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да «хатняй хіміі»: Алу і Васіля — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ, Аляксандру — да двух гадоў аналагічнага пакарання.

Прысуд вынесла суддзя Юлія Шчоткіна. Васіль Раманенка да суда знаходзіўся пад вартай. Алу Раманенка выпусцілі на волю пад заклад у памеры 9600 рублёў (3800 долараў). Пасля ўступлення прысуду ў сілу грошы вернуць заклададавальніку. Аляксандра Антаненка знаходзілася на волі пад асабістым паручыцельствам. Вядома, што ў Васіля ёсць дзіця.

Васіль і Ала Раманенка, Аляксандра Антаненка раней ужо былі асуджаны паводле таго ж артыкула.

Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў трох Маршах. Згодна з тэкстам абвінавачання, яны дзейнічалі наўмысна і «ўзгоднена з групай асоб». Прынялі «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, не рэагавалі на патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі спыніць мерапрыемства, знаходзіліся на праезнай частцы і перашкаджалі руху транспарту». У Раманенкаў было два БЧБ-сцягі.