«Гэта, як у Оруэла, зусім іншы свет». Святаслаў Вакарчук адрэагаваў на прысуд Мэрыем Герасіменка

Лідар гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук пракаментаваў прысуд беларускай спявачцы Мэрыем Герасіменка, якая атрымала тры гады «хатняй хіміі» за выкананне хіта «ОЕ» «Обійми» пад час канцэрту на Зыбіцкай у Мінску.

photo_2022_08_06_15_37_34_1.jpg


Падчас эфіру на тэлеканале «1+1» Вакарчук сказаў, што ў Беларусі прымяняюцца рэпрэсіўныя метады, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, калі маглі звольніць з працы за тое, што чалавек слухае «няправільную» музыку, ці ў больш раннія часы ў СССР ці ў Германіі ў час нацыстаў, калі за «няправільную» творчасць маглі проста забіць. Ён узгадаў, што ў 1930-я гады Украіна страціла багата паэтаў і пісьменнікаў, бо яны пісалі тое, што Саветам не падабалася.

Кажучы пра прысуд Герасіменка музыка адзначыў: «У дадзеным выпадку гэта тыповыя рэпрэсіўныя метады. Мне вельмі шкада гэту выдатную дзяўчыну, якая, я спадзяюся, знойдзе сілы і годна пройдзе гэтае выпрабаванне. Жадаю ёй і ўсім астатнім, цалкам несправядліва асуджаным, або тым, хто чакае суда, — трываласці. Безумоўна, мы іх у гэтым падтрымліваем маральна, чым можам», — сказаў Вакарчук.

Музыка таксама звярнуў увагу на тое, што спачатку прычынай затрымання Герасіменка назвалі выкананне ёю песні на ўкраінскай мове, а потым заявілі, што прычынай стала тое, што артыстка данаціла на ўкраінскае войска:

«Я не магу зразумець, чаму данаціць украінскаму войску — гэта парушэнне грамадскага парадку. Гэта, як у Оруэла, зусім іншы свет, з якога, дзякуй Богу, мы, украінцы, сышлі ў 1991 годзе і дакладна ніколі не вернемся. Мы цяпер плацім цану страшных ахвяраў, каб не вярнуцца да гэтага страшнага жаху, у якім цяпер знаходзяцца Беларусь і Расія», — сказаў Вакарчук.

Як пісаў «НЧ», Мэрыем Герасіменка затрымалі ў пачатку жніўня мінулага года пасля таго, як яна на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» ў цэнтры Мінска на вуліцы Зыбіцкай, спявала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Дзяўчыну асудзілі спачатку на 15 сутак, потым яшчэ раз на той жа тэрмін, але на волю яна так і не выйшла.

Дзяўчыну абвінавачвалі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса ў грубым парушэнні грамадскага парадку. 20 студзеня яе прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі». Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, вядомая мноствам палітычных прысудаў.

Акрамя спявачкі сілавікі таксама затрымалі ўладальніка бара Андрэя Жука і некалькіх супрацоўнікаў (а пазней і жонку ўладальніка). З тых часоў бар зачынены.