Старое фота аэрадрома ў Зябраўцы суд трактаваў як здраду дзяржаве
За фота аэрадрома ў Зябраўцы 8-гадовай даўніны Яўгена Глушкова абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і прысудзілі 9 гадоў калоніі, паведамляюць праваабаронцы.
![glushkou_jaugen.jpg glushkou_jaugen.jpg](/img/v1/images/glushkou_jaugen.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гомельскі абласны суд 20 студзеня ў закрытым рэжыме вынес прысуд жыхару вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгену Глушкову. Яго абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс пачаўся яшчэ 3 студзеня, суддзя — Алег Харошка.
32-гадовы Яўген Глушкоў быў затрыманы ў жніўні мінулага года, з таго часу яго трымалі ў СІЗА-3 Гомеля.
Яўген апошнім часам жыў у вёсцы Зябраўка Гомельскага раёна. Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, дзе з пачатку вайны размяшчаюцца расійскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракет па ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
Яўген скончыў ветэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у беларускім войску – у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спецназе памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падраздзяленняў беларускага войска.
![На аэрадроме ў Крыме 8-9 моцна пашкоджаных самалётаў. Выпадковыя выбухі? Спадарожнікавыя здымкі не пацвярджаюць версію РФ](/img/v1/images/_126277447_d445ce82_1ad3_4dfe_83fe_27d791575b81.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У ноч з 10 на 11 жніўня на аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі СМІ. З гэтай нагоды пачаліся праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён рабіў з дрона. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было дастаткова, каб яго затрымаць.
Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны на тэрыторыі Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў наўмысна аказаў дапамогу замежнай дзяржаве ў правядзенні дзейнасці, загадзя накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю разведвальнага характару аб аб'ектах ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым ліку аб беларускіх ваенных аб'ектах. Пасля, нібыта, з выкарыстаннем месенджара Telegram перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.
![Жыхара Зябраўкі могуць пасадзіць на 15 гадоў За стары здымак аэрадрома жыхара Зябраўкі могуць пасадзіць на 15 гадоў](/img/v1/images/glushkou_jaugen.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Суд прызнаў Яўгена Глушкова вінаватым у аказанні дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. На падставе ч.1 арт. 356 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў. Ён жа прызнаны вінаватым у «іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і на падставе ч. 1 арт. 361-4 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам у два гады.
Канчаткова прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін дзевяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
![«Афіцыйнай інфармацыі не вераць не толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі» «Афіцыйнай інфармацыі не вераць не толькі праціўнікі рэжыму, але і яго прыхільнікі»](/img/v1/images/3j_2_1200x740.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)