Ва Украіне вынеслі першы прысуд за ўдзел у арганізацыі «рэферэндуму» у Херсонскай вобласці
Беларуская ЦВК павінна напружыцца. Стаў вядомы тэрмін, на які асудзілі грамадзянку Украіны.
Суд ва Украіне прысудзіў жыхарку Херсонскай вобласці да пяці гадоў пазбаўлення волі па артыкуле аб калабарацыйнай дзейнасці за ўдзел у арганізацыі «рэферэндуму аб далучэнні да Расіі». Як паведамляе Служба бяспекі Украіны, гэта першы такі прысуд.
Таксама падсудную пазбавілі права займаць пасады ў органах улады і займацца дзейнасцю, звязанай з выбарчым працэсам, тэрмінам на 10 год.
Справу ў дачыненні да жыхаркі пасёлка Новааляксандраўка завялі на падставе матэрыялаў, сабраных СБУ. Па дадзеных ведамства, яна была чальцом выбарчай камісіі, створанай на акупаванай у той момант тэрыторыі для правядзення «рэферэндуму».
Падсудная фармавала рэестры выбарцаў, заклікала прыходзіць на «участкі для галасавання» і аддаць свой голас за далучэнне да РФ, сцвярджае СБУ.
Пасля вызвалення Новааляксандраўкі ўкраінскімі вайскоўцамі жанчына была затрыманая падчас «стабілізацыйных мерапрыемстваў». Абвінавачаная супрацоўнічала са следствам, зазначаецца ў прэс-рэлізе ўкраінскага ведамства.
23-27 верасня 2022 года Расія правяла ў часткова акупаваных Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях Украіны «рэферэндумы», а затым анексавала гэтыя тэрыторыі. У лістападзе расійскія войскі пакінулі частку Херсонскай вобласці.