За стары здымак аэрадрома жыхара Зябраўкі могуць пасадзіць на 15 гадоў
Гомельскі абласны суд 3 студзеня пачынае разгляд крымінальнай справы жыхара вёскі Зябраўка Гомельскага раёна Яўгена Глушкова, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356) і садзейнічанню экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс прызначаны весці суддзя Алег Харошка, адзначаюць праваабаронцы.
32-гадовы Яўген Глушкоў быў затрыманы яшчэ ў жніўні, з
таго часу жыхара Гомельскага раёну трымаюць у СІЗА-3 Гомеля.
Ён у апошні час жыў у вёсцы Зябраўка Гомельскага раёну.
Менавіта каля яе знаходзіцца вайсковы аэрадром, на якім з пачатку вайны
размяшчаюцца расійскія вайскоўцы. Адтуль былі зафіксаваныя запускі ракетаў па
ўкраінскай тэрыторыі. Адтуль жа выляталі вайсковыя самалёты.
Яўген скончыў ветэрынарную акадэмію ў Віцебску, адслужыў у
беларускім войску — у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў (АСАМ), спецназе
памежных войскаў. Гэта адно з самых непублічных падраздзяленняў беларускага
войска. Пасля службы Глушкоў пэўны час жыў ва Украіне (ягоныя бацькі — этнічныя
ўкраінцы, даўно жывуць у Беларусі), граў там у музычным гурце. Акрамя гэтага,
Глушкоў таксама жыў у Кітаі — у тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў жніўні
2020 году. З'ехаў цераз кавідныя абмежаванні.
Паводле інфармацыі некаторых СМІ, у ноч 11 жніўня на
аэрадроме ў Зябраўцы здарыўся інцыдэнт, пра які шмат пісалі медыя. Пасля гэтага пачаліся
праверкі мясцовых. У Яўгена ў тэлефоне знайшлі стары здымак аэрадрому, які ён
рабіў з дрону. І яшчэ знайшлі кантакты розных украінцаў. Гэтага было
дастаткова, каб яго затрымаць.
Згодна з матэрыяламі справы абвінавачаны на тэрыторыі
Гомельскага і Рэчыцкага раёнаў наўмысна аказаў дапамогу замежнай дзяржаве ў
правядзенні дзейнасці, загадзя накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай
бяспецы Рэспублікі Беларусь.
У прыватнасці, збіраў, фіксаваў і аналізаваў інфармацыю
разведвальнага характару пра аб'екты ваеннай інфраструктуры і тэхнікі, у тым
ліку пра беларускія ваенныя аб'екты. Пасля з выкарыстаннем тэлеграма перадаў атрыманую інфармацыю ў чат-бот, кантраляваны замежнай арганізацыяй.
Па артыкуле 356 Крымінальнага кодэкса Глушкову можа
пагражаць да 15 гадоў зняволення.
Суд праходзіць у закрытым рэжыме.