Выпадковыя выбухі? Спадарожнікавыя здымкі не пацвярджаюць версію РФ

Спадарожнікавыя здымкі паказваюць сур'ёзныя пашкоджанні і некалькі знішчаных расійскіх ваенных самалётаў на авіябазе ў Крыме. Гэта наступства выбухаў, якія адбыліся там на гэтым тыдні, адзначае BBC News
Крымская авіябаза моцна пашкоджаная, пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі

Крымская авіябаза моцна пашкоджаная, пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі

У аўторак, 9 жніўня, на ваеннай базе на захадзе Крыма, які знаходзіцца пад кантролем Расіі, прагрымела серыя выбухаў, у выніку якіх загінуў адзін чалавек. На авіябазе «Сакі» ў Новафёдараўцы дыслакаваліся расійскія знішчальнікі і бамбавікі, якія ўчыняюць налёты на мацерыковую Украіну.

На спадарожнікавых здымках бачныя восем ці дзевяць самалётаў, яны выглядаюць пашкоджанымі або разбуранымі. Побач бачныя некалькі картараў.



Украіна да гэтага часу не ўзяла на сябе адказнасць, але гэтыя новыя доказы сведчаць, што мог здарыцца мэтанакіраваны напад. Расія, між тым, настойвае, што гэта здарылася з-за таго, што боепрыпасы выпадкова выбухнулі з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі.

Выявы, зробленыя амерыканскай лабараторыяй Planet Labs, паказваюць вялікія ўчасткі выпаленай зямлі, якія засталіся ад пажараў.

Большасць пашкоджаных або знішчаных самалётаў знаходзяцца ў пэўным раёне базы, дзе вялікая колькасць самалётаў стаяла пад адкрытым небам — удалечыні ад прыкрыцця ангараў.

Спадарожнікавыя здымкі да выбухаў 

Уільям Альберк з абароннага аналітычнага цэнтра IISS сказаў журналістам ВВС, што гэтыя будынкі, магчыма, выкарыстоўваліся для часовага захоўвання зброі.

Узлётна-пасадачная паласа базы і размешчаныя далей ад самалётаў месцы пастаяннага захоўвання ўзбраення выглядаюць некранутымі.

Уільям Альбэрк кажа, што, верагодна, выкарыстоўваліся касетныя боепрыпасы, але Украіна не мае ракетаў, неабходных для ажыццяўлення такога роду нападаў. Калі гэта ўсё ж зрабіла Украіна, то выкарыстоўваліся перапрафіляваныя ракеты С-300, якія, як правіла, ужываюць для нападаў зямля-паветра, або супрацькарабельныя ракеты "Няптун".

Выявы да і пасля выбухаў ад Planet Labs, якая кантралюе сотні спадарожнікавых сігналаў над Украінай, з'яўляюцца першым незалежным пацвярджэннем таго, што база магла быць пашкоджаная. Дагэтуль дэталяў пра наступствы выбухаў было мала.


Ваенна-паветраныя сілы Украіны ўчора заявілі, што каля дзясятка расійскіх баявых самалётаў былі знішчаныя, хоць Расія адмаўляе, што хоць адзін самалёт быў пашкоджаны. Гэтыя новыя выявы паказваюць, што гэта няпраўда.

Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес выказаў здагадку: той факт, што адбыліся два асобныя выбухі, сведчыць хутчэй аб нападзе, чым аб няшчасным выпадку. Ён таксама адстойваў права Украіны біць Крыме. «Абсалютна легітымна, калі Украіна будзе ўжываць сілу, каб вярнуць не толькі сваю тэрыторыю, але і адсунуць захопнікаў», — сказаў ён BBC.

У мінулым месяцы Расія выказала папярэджанне, што любы напад Украіны на Крым будзе разглядацца як эскалацыя вайны. Тады экс-прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў прыгразіў, што «адразу ж настане Судны дзень».

Аднак інстытут вывучэння вайны, які базуецца ў Вашынгтоне, заявіў, што «ў Крамля мала стымулаў вінаваціць Украіну ў нанясенні ўдараў, якія нанеслі шкоду, паколькі такія ўдары прадэманстравалі б неэфектыўнасць расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны».

Паводле ВВС

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: