Украіна: 9 расійскіх ваенных самалётаў былі знішчаныя ў Крыме

У выніку ўчарашніх выбухаў на тэрыторыі Крыма, пра якія маўчыць расійская прапаганда і адказнасць за якія не бяруць на сябе ўкраінскія ўлады, нібыта было знішчана 9 расійскіх ваенных самалётаў. Прынамсі, так вынікае са звестак, якія падае ўкраінскі бок.

Выбухі на авіябазе «Сакі» ў акупаваным Расіяй Крыме. Фота: «Associated Press»

Выбухі на авіябазе «Сакі» ў акупаваным Расіяй Крыме. Фота: «Associated Press»


Ваенна-паветраныя сілы Украіны заявілі, што дзевяць расійскіх ваенных самалётаў былі знішчаныя ў выніку серыі выбухаў на авіябазе ў Крыме.
Яшчэ ўчора, 9 жніўня, Расія адмаўляла, што што меў месца напад на авіябазу і што якія-небудзь самалёты былі пашкоджаныя ў выніку выбухаў.
Украінскія афіцыйныя асобы ўстрымаліся ад таго, каб публічна ўзяць на сябе адказнасць за выбухі, высмеяўшы пры гэтым тлумачэнне Расіі пра тое, што неасцярожны курэц мог стаць прычынай узгарання і выбуху боепрыпасаў на авіябазе ў Саках. Аналітыкі таксама заявілі, што гэтае тлумачэнне не мае сэнсу і што ўкраінцы маглі выкарыстоўваць супрацькарабельныя ракеты для нанясення ўдару па базе.
Калі б ўкраінскія сілы сапраўды былі адказныя за выбухі, гэта быў бы першы вядомы буйны напад на расійскі ваенны аб'ект на Крымскім паўвостраве, які Крэмль анексаваў ва Украіны. Авіябаза ў Саках выкарыстоўвалася для нанясення ўдараў па ўкраінскім поўдні.
Праз некалькі гадзін пасля выбухаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце акцэнтаваў увагу на стратэгічным значэнні Крыма:
«Гэтая расійская вайна супраць Украіны і супраць усёй свабоднай Еўропы пачалася з Крыма і павінна скончыцца Крымам — яго вызваленнем».
Сярод мірных жыхароў Крымскага паўвострава ёсць ахвяры: адзін чалавек загінуў і 14 атрымалі раненні.
«Афіцыйны Кіеў захоўвае маўчанне з гэтай нагоды, але неафіцыйна вайскоўцы прызнаюць, што гэта быў украінскі ўдар», — сказаў украінскі вайсковы аналітык Алег Жданаў.


Інстытут вывучэння вайны, які базуецца ў Вашынгтоне, заявіў, што «ў Крамля мала стымулаў вінаваціць Украіну ў нанясенні ўдараў, якія нанеслі шкоду, паколькі такія ўдары прадэманстравалі б неэфектыўнасць расійскіх сістэм супрацьпаветранай абароны».
Нагадаем, у Крыме 9 жніўня адбыліся выбухі на авіябазе «Сакі» ў Новафёдараўцы. Там дыслакаваліся расійскія знішчальнікі і бамбавікі, якія ўчыняюць налёты на мацерыковую Украіну. Мінабароны РФ выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды сітуацыі. Ведамства заявіла, што на тэрыторыі аэрадрома дэтанавала некалькі боепрыпасаў. Мінабароны Украіны ў сваёй заяве не ўзяло на сябе адказнасць за гэтую аперацыю.