Наступствы выбухаў у «Зябраўцы» — на здымках з космасу

Кампанія «Maxar Technologies» апублікавала здымкі, на якіх бачныя пашкоджанні пасля выбухаў на беларускім аэрадроме.

Аэрадром «Зябраўка», 12 жніўня 2022 года. Фота: «Maxar Technologies»

Аэрадром «Зябраўка», 12 жніўня 2022 года. Фота: «Maxar Technologies»


У кампаніі адзначаюць, што здымкі былі зробленыя 12 жніўня — праз суткі пасля таго, як «у адной з адзінак тэхнікі пасля праведзенай замены рухавіка адбылося ўзгаранне» (так патлумачыла беларускае Мінабароны прычыну выбухаў).
На фота бачныя сляды пажару. Па ўсім відаць, згарэў самалёт, агонь захапіў таксама і лясны масіў побач.
Нагадаем, у ноч з 10 на 11 жніўня жыхары паўднёвых раёнаў Гомеля і навакольных вёсак чулі гукі, падобныя да выбухаў, і бачылі на небе сполахі (не менш за 8 водбліскаў). Усё гэта адбывалася ў раёне аэрадрому ў Зябраўцы.

Аэрадром «Зябраўка», 12 жніўня 2022 года. Фота: «Maxar Technologies»

Аэрадром «Зябраўка», 12 жніўня 2022 года. Фота: «Maxar Technologies»


За дзень да гэтага, 9 жніўня, у акупаваным Расіяй Крыме на вайсковым аэрадроме «Сакі», што паблізу пасёлку Навафёдараўка, адбылося, паводле незалежных даследчыкаў, больш за дзесяць выбухаў, знішчана каля васьмі самалётаў.
Афіцыйная рэакцыя вайсковых уладаў Расіі і Беларусі на гэтыя выбухі аказалася падобнай: Мінабароны РФ заявіла пра дэтанацыю боепрыпасаў, а беларускае ведамства спаслалася на пажар пасля рамонту тэхнікі. Украінскія ўлады на сябе адказнасць за гэтыя выбухі не бяруць.