У егіпецкай царкве падчас пажару загінулі больш за 40 чалавек

У копцкай царкве горада Гіза ў Егіпце ўспыхнуў пажар, у выніку якога загінуў прынамсі 41 чалавек, дзясяткі атрымалі раненні. «Бі-бі-сі» паведамляе, што многія людзі пацярпелі ў цісканіне, якая ўзнікла пасля ўзгарання. Сярод загінулых ёсць дзеці.

Царква Абу-Сіфін, у якой адбыўся пажар. Фота: bbc.com

Царква Абу-Сіфін, у якой адбыўся пажар. Фота: bbc.com


На службу ў царкве Абу-Сіфін сабраліся каля 5 тысяч чалавек. Паводле папярэдніх звестак, пажар быў звязаны з узгараннем электраправодкі, яго ачаг знаходзіўся каля дзвярэй храма. У выніку выхад з будынка аказаўся заблакаваным, пачалася цісканіна.
Зараз пажар патушаны. Афіцыйная прычына ўзгарання дагэтуль невядомая, але мясцовыя святары падазраюць, што гэта магло быць кароткае замыканне: у будынку не было электрычнасці, для асвятлення выкарыстоўваўся генератар.
Сведкі апісвалі момант пачатку пажару так: «На трэцім і чацвёртым паверсе сабраліся вернікі, і мы ўбачылі, як з другога паверха паваліў дым. Людзі пабеглі ўніз па прыступках і сталі падаць адно на аднаго. Потым мы пачулі выбух, убачылі іскры і агонь у акне». 
Прэзідэнт Егіпта Абдул-Фатах Халіл Ас-Сісі выказаў «шчырыя спачуванні сем'ям бязвінных ахвяр, якія ўз'ядналіся з Госпадам у адным з храмаў».
На месца здарэння адправілася група супрацоўнікаў пракуратуры, якім трэба будзе расследаваць прычыны трагедыі.
Гіза знаходзіцца на беразе Ніла і ўваходзіць у кангламерацыю Каіра.
У Егіпце, краіне з насельніцтвам 103 млн чалавек, — каля 10 млн хрысціян-коптаў. Нягледзячы на даволі вялікую колькасць, егіпецкія хрысціяне часта падвяргаюцца дыскрымінацыі.