...І хай ніхто не сыйдзе пакрыўджаным!

Канферэнцыя «Новая Беларусь», якая два дні ішла на гэтым тыдні, безумоўна, прыкула ўвагу палітызаванага грамадства. Безумоўна, яна была даволі цікавай, а яе вынікі будуць яшчэ больш цікавейшымі. Праўда, пабачым мы іх з цягам часу.

51400610779_3a9dbfa531_k_s9ons.jpg


Я шмат разоў быў на розных «Кангрэсах дэмакратычных сіл», якіх за апошнія гады прайшоў ці не дзясятак. Кожны раз у гэтых кангрэсах дэманстравалася «яднанне апазіцыі» ды «саюз вужа і вожыка». І кожны раз адзінства не дажывала да наступнага Кангрэсу. Каб яно было, то не трэба было б праводзіць наступны кангрэс.

Далібог, канферэнцыя «Новая Беларусь» не ператварылася ў такі «Кангрэс». Відавочна, што адной з асноўных яе задачаў было сцішыць градус хейту, які апошнім часам узняўся ў дачыненні да Святланы Ціханоўскай і яе Офісу. Гэтая задача была паспяхова выкананая. Прынамсі, усе, хто жадаў выказацца і пакрытыкаваць Ціханоўскую, маглі гэта зрабіць, гледзячы ёй у вочы. Маглі абмеркаваць набалелыя пытанні і ўрэшце зразумець, як працуе каманда. Ну і, канешне, канферэнцыя ўсё ж паспрыяла пэўнай кансалідацыі дэмакратычных сіл вакол Ціханоўскай.

Гэта, бадай, адзіны вынік, які чакаўся ад канферэнцыі. Па вялікім рахунку, Святлана Ціханоўская пацвердзіла свой статус лідара дэмакратычных сіл, а кажучы паліталагічнай мовай — пацвердзіла сваю легітымнасць у прадстаўленні інтарэсаў народа Беларусі. Яе паплечнікі ў гэтым, падаецца, не сумняваліся, а яе праціўнікі вымушаныя былі гэта прызнаць — збольшага.

Выдатна, што ў каманду Ціханоўскай увайшлі прадстаўнікі дэмакратычных сілавікоў і прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага кіравання — Павел Латушка ў прыватнасці. Канешне, і раней яны працавалі ў звязцы, але цяпер яны будуць завязаныя больш шчыльна.

Журналісты на канферэнцыі атрымалі сваю долю шчасця ў прапанове Веранікі Цапкала стварыць нейкі камітэт па кантролі за незалежнымі СМІ. Праўда, яна сказала, што незалежныя СМІ — «так званыя незалежныя» (адразу згадваецца рыторыка чалавека, які «так званымі» незалежныя СМІ называў задоўга да Цапкалы), і заявіла, што яе каманда цяпер праводзіць кантэнт-аналіз тых самых СМІ, і калі яны не пароўну згадваюць розныя дэмакратычныя сілы, то «адключым газ». То-бок яна звернецца ў заходнія фонды, каб тыя спынілі фінансаванне гэтых неталерантных, няправільных і незбалансаваных… Кепскіх, карацей.

Я, безумоўна, разумею Вераніку Цапкала, якая «прачнулася ў 2020-м», і не ведае, што разнастайных, выражаючыся моваю братоў Стругацкіх, «камконаў» — «камісій па кантролі», — за час праўлення Лукашэнкі над недзяржаўнымі СМІ было багата. Ёй у той час было ўтульна па другі бок. Але дзеля справядлівасці я пагартаў за дзясятак дзён тэлеграм-канал палітолага Дзмітрыя Балкунца — аднаго з праваднікоў думак каманды Цапкалы. І што? Я зразумеў, што ён «мочыць» Ціханоўскую, але за гэтыя 10 дзён я толькі адзін раз пабачыў згадку Веранікі Цапкала і адзін раз — Валерыя Цапкала. Дый тое апошняе — у стрыме так нялюбага «незалежнага» Е*рарадыё.

Спадарства, калі вы хочаце, каб пра вас пісалі — рабіце нешта! Пішыце хаця б самі пра сябе! А то атрымліваецца, як у камедыі пра Івана Васільевіча, што мяняе прафесію — «Як жа цябе зразумець, калі ты нічога не гаворыш?» Форум альтэрнатыўных дэмакратычных сіл — штука, безумоўна, моцная, аднак паўстае тое ж пытанне, што і да канферэнцыі «Новая Беларусь» — «А што далей?»


Ціханоўская, прынамсі, ведае, што далей.

А калі зусім сур’ёзна, то ўся гэтая крытыка Святланы Ціханоўскай з патрабаваннямі «рэвізіі», «адстаўкі шэрых кардыналаў» і іншае паказваюць, што ў шэрагах крытыкаў Ціханоўскай проста няма фігуры, роўнай па маштабу і значнасці Ціханоўскай. Інакш бы яны не засяроджваліся выключна на крытыцы Святланы Георгіеўны, а прасоўвалі б сваё. А калі свайго няма, то хаця б за кошт крытыкі Ціханоўскай «пагрэцца».

І, канешне, так званы «сілавы блок», які з’явіўся ў камандзе Ціханоўскай, і на чале якога стаў падпалкоўнік Валерый Сахашчык. Безумоўна, гэтае рашэнне было прынятае на фоне вайны ва Украіне і з’яўлення там беларускіх вайсковых падраздзяленняў. І відавочна, гэты блок стаў саступкай Ціханоўскай, якая пайшла на гэты кампраміс дзеля ўлагоджвання «ястрабаў», што ўсё часцей кажуць пра нейкі «сілавы варыянт» развіцця падзей. Бо пакуль неяк няўцямна, чым і як будзе займацца гэты «сілавы блок». Стварыць сваё «войска ў эміграцыі» не атрымаецца, беларускім «дабрабатам» і так дапамагаюць, чым могуць, а таму функцыі і задачы гэтага «сілавога блоку» пакуль не відавочныя (прынамсі, уяўна).

Пра шанец жа «сілавога варыянту захопу ўлады» і казаць не будзем. Пакуль ён падаецца сапраўды «адмоўнай верагоднасцю», але, як справядліва напісаў Віталь Цыганкоў, гэтая адмоўная верагоднасць — «на сённяшні дзень». Калі Лукашэнка раптам накіруе войскі ва Украіну, то ў некага можа з’явіцца жаданне «дэмілітарызаваць» Сінявокую.

І чым горш эканамічнае становішча ў краіне, тым больш спакусы ў Лукашэнкі спісаць усё на «вайну». Гэтае слова з’яўляецца ў яго лексіконе да месца і не да месца. «Вайна ідзе. Перабудуйце за суткі, за ноч!», — патрабаваў ён перарабіць лініі разліву малака з «тэтрапакаў» у пластык. «Вайна бо горш, чым жалезная дысцыпліна!», — гэта ў Пастаўскім раёне, калі ён з верталёта не пабачыў у полі трактароў. «Калі мы не хочам ваяваць, мы павінны мець моцную эканоміку», — гэта на нарадзе з дырэктарамі «флагманаў». Відавочна, нешта ён там сабе думае, калі гэта прарываецца ў яго ці не ў кожнай размове.

Будзем спадзявацца, што ён думае, як бы выслізнуць з вайны, а не ўлезці ў яе глыбей. Але…

Першы «подых навальніцы» ўжо прыйшоў: на аэрадроме ў Зябраўцы, які аддадзены пад расійскую ваенную базу (будзем казаць шчыра, дэ-факта гэта так) выбухнула. Беларускае Мінабароны кажа, што загарэлася машына, якой замянілі рухавік, і нічога страшнага не адбылося. «Ніфіга сабе загаранне, у хаце шыбы дрыжэлі», — пішуць гамельчукі ў сацсетках.

Праўда, украінскае войска адказнасць за гэты выбух на сябе не ўзяло. Як не ўзяло яно адказнасць і за выбух у Саках у Крыме. Там таксама «дэтанавала некалькі боепрыпасаў», у выніку чаго не стала мінімум васьмі самалётаў ВКС РФ.

Маўчанне, як вядома — золата.