«Яшчэ тры пераклічкі — і дзверы адчыняюцца». Ягор Марціновіч пра апошнія гадзіны перад вызваленнем

Былы палітвязень Ягор Марціновіч выйшаў на волю паўгода таму. Ён распавёў у фэйсбуку, што адбывалася з ім у апошнія гадзіны перад вызваленнем. 

_neba___drot___svaboda___plot__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Роўна паўгода таму я выйшаў на свабоду.

З вечара абыходзіш усіх прыяцеляў, з якімі правёў апошні год, перакінуцца яшчэ парай словаў. Дараздаеш усе рэчы, на свабодзе яны табе ўжо не спатрэбяцца. Дарэчы, з пытаннямі «а каму пакінеш спартыўныя штаны?», «а хто-небудзь браніраваў тваю шапку?» пачынаюць падыходзіць за месяцы тры-чатыры да твайго выхаду. «А гадзіннік каму прадаеш?» — «Абяцаў Сані пакінуць. Бясплатна». — «Давай перакуплю!» — «Не, я ж слова даў». — «2 блокі Вінстана!» — «Не-не)».

Казалі, што за пару дзён да вызвалення прападае сон, а час страшна запавольваецца. Фігня, усё індывідуальна) Я гэтага не заўважыў, спаў як пшаніцу прадаўшы. Толькі ў апошнюю ноч не мог заснуць, але там усе круціліся — страшная духата, +25-26 градусаў у пакоі нават у начы, абліваешся потам.

Раніцай ужо не голішся, пайшло яно ўсё к чорту. Забягаюць суседзі на апошні абмен — каму аддаеш добры матрац, каму добрую падушку. Стаіш на праверцы, а цябе аж падкідвае ад шчасця — праз пару гадзін убачыш блізкіх і зможаш дакрануцца да іх упершыню за два гады. Пакуль усе ідуць на сняданак і на працу, канчаткова пераапранаешся ў цывільнае адзенне — спартыўныя штаны і чалавечыя красоўкі. Штаны, піджак, кепку разносіш па атрадзе — кладзеш пад падушку каму што абяцаў.

Ідзеш здаваць матрац на склад сам, без суправаджэння. З суседніх атрадаў вітаюць знаёмыя, жадаюць удачы. Можа, нехта глядзіць і з зайздрасцю, але я сам заўсёды радаваўся за суседзяў, якія вызваляліся. Выйшлі яны — выйду і я.

Азіраешся на калонію апошні раз і ідзеш здавацца на кантрольна-прапускны пункт. Яшчэ гадзіны паўтары давядзецца правесці ў клетцы разам з такімі ж шчасліўчыкамі, як і я. Вось гэты час рэальна цягнецца бясконца.

Апошняе пытанне ад міліцыянера «Ты што, рэальна за электраэнергію сядзеў? Да ну нафіг!». Яшчэ тры пераклічкі па імені, нумары артыкула і адрасу прапіскі — каб замест цябе не вызвалілі нікога іншага — і дзверы адчыняюцца.

*****

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той дзень былі затрыманыя таксама рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько і бухгалтарка Вольга Раковіч. Іх праз 10 дзён адпусцілі. У дачыненні да Вольгі Раковіч праз пэўны час крымінальны пераслед спынілі.

Крымінальную справу супраць Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса («Прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры»). Нашаніўцаў судзілі па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.

Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашаніўцы пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч выйшаў на волю напрыканцы жніўня 2023 года. Тады ж вызваліўся Андрэй Скурко, які займаўся ў выданні пытаннямі маркетынгу і рэкламы.