Рэйкавыя партызаны, данаты УСУ і гімн Украіны ў караоке. Як беларусаў рэпрэсуюць за падтрымку Украіны

З пачатку ўварвання Расіі ва Украіну многія беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзяць пікеты, перашкаджаюць працы чыгуначных саставаў, адпраўляюць фатаграфіі і відэа расійскай вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-каналы. І трапляюць за краты за падтрымку Украіны.

ewxgzkqwyae6sv_.jpg

Па стане на студзень 2024 года за антываенныя дзеянні ў Беларусі быў затрыманы па меншай меры 1671 чалавек — гэтая лічба, верагодна, заніжаная. ВВС з дапамогай праваабаронцаў сабрала факты салідарнасці беларусаў з Украінай і пераследу за іх.

Прынамсі, 94 беларусы атрымалі за сваю антываенную пазіцыю рэальныя турэмныя тэрміны — ад аднаго да 23 гадоў пазбаўлення волі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Па даных на студзень гэтага года, у Расіі па «антываенных» справах было асуджана 253 чалавекі. Але ж насельніцтва Беларусі — 9 мільёнаў, а Расіі — 140 мільёнаў.

Паводле праваабаронцаў, у Беларусі могуць затрымаць за любую праяву нязгоды з вайной: ад публічна прамоўленага лозунгу «Слава Украіне» да сцяга гэтай краіны на аватарцы ў сацсетках, і нават за малітву ў падтрымку абаронцаў Украіны.

19 кастрычніка мінулага года былога палітвязня Андрэя Кудзіка прысудзілі да 15 сутак арышту пасля таго, як ён павіншаваў у TikTok украінскі народ З Днём Незалежнасці. Беларускія ўлады палічылі гэтыя дзеянні «несанкцыянаваным пікетаваннем».

У сакавіку мінулага года ў Брэсце затрымалі яшчэ аднаго мужчыну, які, знаходзячыся ў адным з мясцовых караоке-клубаў, праспяваў украінскі гімн. Улады палічылі, што такім чынам ён «публічна выказаў свае грамадска-палітычныя погляды». Мужчына, які аказаўся грамадзянінам Расіі, віны сваёй не прызнаў, аднак атрымаў 7 сутак — за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Яшчэ аднаго мужчыну затрымалі за здымак у Instagram, на якім ён падчас адпачынку ў Грузіі пазіруе на фоне ўкраінскага сцяга. Гэтае фота было апублікавана яшчэ ў 2021 годзе, да вайны, аднак сілавікі выявілі яго толькі праз два гады. Мужчына атрымаў 15 сутак.

5 студзеня мінулага года ГУБАЗіК затрымаў беларускага святара Дыянісія Карастолева з-за прамоўленай ім малітвы ў падтрымку абаронцаў Украіны.

Святар «мае на целе татуіроўкі нацыяналістычнага характару, распаўсюджвае БЧБ-сімволіку і гуляе ў камп’ютарныя гульні пад дзіўным нікнэймам», — цытуе характарыстыку сілавікоў «Вясна».

Далёка не ўсе прысуды за антываенную пазіцыю заканчваюцца суткамі арышту.

У верасні 2022 года ўлады распачалі крымінальную справу супраць пяці жыхароў Мінска, якія вывесілі ўкраінскі і БЧБ сцягі на фасадзе жылога дома. У выніку яны атрымалі ад чатырох да пяці гадоў калоніі за экстрэмізм.

Глядзіце таксама

«Сапраўдныя беларусы супраць вайны і падтрымліваюць украінцаў»

Найбольш маштабная хваля затрыманняў за крытыку вайны пракаціліся па Беларусі ў канцы лютага 2022 года — тады 27 і 28 лютага па ўсёй краіне прайшлі антываенныя акцыі пратэсту, прымеркаваныя да дня рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю.

Усяго за два дні сілавікі ўзялі пад варту каля 1100 чалавек, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Удзельнікаў дэманстрацый затрымлівалі за вопратку ў колерах украінскага сцяга, за нашыўкі «Не вайне» і за ўскладанне кветак каля ўкраінскай амбасады ў Мінску.

«Каб паказаць, што сапраўдныя беларусы выступаюць супраць вайны і падтрымліваюць украінцаў, я купіў у бліжэйшай краме сіне-жоўты сцяг, — распавёў праваабаронцам адзін з затрыманых на акцыі пратэсту, студэнт Павел. Мне хацелася верыць, што мяне не затрымаюць толькі таму, што ў мяне ўкраінскі сцяг».

«Нас паставілі тварам да сцяны, а ззаду хадзіў міліцыянт са словамі: “Хто скажа, што крычаў лозунгі (у падтрымку Украіны — ВВС), той атрымае плюс у карму, напрыклад, ты!” — успамінае іншая беларуска, затрыманая на акцыі 28 лютага. — Ён тыцнуў у мяне, бо я была ў жоўта-блакітным абутку».

У той жа дзень у Магілёве супрацоўнікі органаў затрымалі яшчэ адну беларуску-студэнтку Дануту Пярэдню.

Яе абвінавацілі ў тым, што днём раней яна запосціла ў адзін з мясцовых чатаў тэкст, у якім нібыта крытыкаваліся дзеянні Пуціна і Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне і гаварылася аб адсутнасці перспектыў у беларускага войска ў выпадку яго ўступлення ў вайну.

Данута атрымала 6 з паловай гадоў калоніі за «заклікі да дзеянняў, накіраваныя на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі» і «абразу Лукашэнкі», КДБ унёс яе ў «спіс тэрарыстаў».

Глядзіце таксама

Справа «рэйкавых партызан»

Адным з найбольш жорсткіх метадаў нязгоды з дзеяннямі Расіі ва Украіне сталі дыверсіі на беларускай чыгунцы.

Гэтая рэзанансная ініцыятыва набыла ў Беларусі назву «справа рэйкавых партызан» (яе ініцыятарам выступіла арганізацыя сілавікоў «BYPOL», якія пайшлі ў апазіцыю).

Па меншай меры 13 чалавек былі затрыманы па абвінавачванні ў вывядзенні са строю чыгуначных саставаў і парушэнні працы шляхоў. Сумарна іх прысудзілі амаль да двухсот гадоў зняволення.

Аднаму з «рэйкавых партызан» Віталю Мельніку падчас затрымання прастрэлілі калені (яго прысудзілі да 13 гадоў калоніі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы «акт тэрарызму»).

Яшчэ тром фігурантам справы са Светлагорска вынеслі самыя жорсткія прысуды — ад 21 да 23 гадоў калоніі. Следства сцвярджала, што ўсе трое «ноччу з 28 лютага на 1 сакавіка, паводле атрыманага задання, падпалілі рэлейную шафу з абсталяваннем» на адным з чыгуначных участкаў, чым нанеслі шкоду на суму большую за 55 тыс. беларускіх рублёў (прыкладна 16,7 тыс. долараў). Усіх траіх КДБ Беларусі ўнёс у «спіс тэрарыстаў».

Глядзіце таксама

Фотаздымак расійскага танка і інтэрв'ю пра вайну

З пачатку вайны ва Украіне многія беларусы сталі фатаграфаваць расійскую вайсковую тэхніку, што наступала праз тэрыторыю краіны, і адпраўляць здымкі ў незалежныя СМІ і тэлеграм-каналы. Паколькі большасць апазіцыйных СМІ ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі, адпраўка адной такой фатаграфіі можа каштаваць яе аўтару свабоды.

Беларускія ўлады расцэньваюць перадачу такіх даных як «садзейнічанне экстрэмісцкаму фарміраванню» (ад 2 да 6 гадоў калоніі), або, як «здраду дзяржаве» — ад 7 да 15 гадоў.

Па даных праваабаронцаў, па справах аб адпраўцы фота расійскай тэхнікі ў Беларусі асудзілі па меншай меры 37 чалавек.

У верасні 2023 года праграміста Дзмітрыя Маставога прысудзілі да 10 гадоў калоніі за тое, што ён нібыта прапаноўваў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн» (прызнаны ўладамі экстрэмісцкім) зліваць інфармацыю аб аэрадроме Мачулішчы, размешчаным у Мінскай вобласці. 26 лютага СМІ пісалі, што на аэрадроме дронамі быў атакаваны расійскі вайсковы самалёт.

Па даных праўладнага тэлеканала АНТ, Маставы наладзіў трансляцыю з камп’ютара, якая ішла два тыдні без перапынку.

Былога педагога англійскай мовы з горада Хойнікі Ірыну Абдукерыну прысудзілі да чатырох гадоў калоніі за фатаграфію калоны расійскай вайсковай тэхнікі, якую яна адправіла ў адзін з апазіцыйных тэлеграм-каналаў.

Зрэшты, не толькі фатаграфіі і відэа могуць каштаваць беларусам свабоды. Паводле звестак праваабаронцаў, вайсковага эксперта Ягора Лебядка асудзілі на пяць гадоў абмежавання волі за інтэрв'ю «Еўрарадыё» (прызнана ўладамі экстрэмісцкім) пра вайну ва Украіне.

Глядзіце таксама

Пераслед за намер ваяваць на баку Украіны

Неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну на яе тэрыторыі быў сфарміраваны добраахвотніцкі полк Кастуся Каліноўскага, што складаецца з беларусаў, якія жадаюць ваяваць супраць расійскай агрэсіі.

Многія беларусы на момант уступлення ў полк ужо пражывалі за мяжой, аднак праваабаронцам вядома пра затрыманне, прынамсі, 15 чалавек, якія мелі намер ваяваць на баку Украіны.

Сярод іх Аляксандр Кулікоў — быў прысуджаны да 4,5 гадоў калоніі за тое, што нібыта збіраўся ўступіць у полк Каліноўскага і праходзіць ваенную падрыхтоўку пад Кіевам.

Яшчэ аднаго беларуса, 20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча, таксама прысудзілі да чатырох гадоў калоніі за спробу далучыцца да палка.

Паводле звестак праваабаронцаў, беларускія ўлады пераследуюць сем'і тых, хто ўжо ваюе ва Украіне. У лістападзе сілавікі запісалі відэа бацькі прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты, у якім ён просіць сына вярнуцца ў Беларусь і адседзець «столькі, колькі спатрэбіцца».

Паводле звестак праваабаронцаў, сілавікі ўзялі на ўзбраенне яшчэ адну тактыку ціску на прыхільнікаў Украіны — яны ладзяць пагромы іх беларускіх кватэр, выкладваючы відэа ў сетку.

Усё часцей можна чуць пра вынясенне прысудаў беларусам за пералічэнне сродкаў для дапамогі добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны.

У снежні мінулага года суд у Мінску прысудзіў беларуса Аляксандра Ганчарова да пяці гадоў калоніі за перавод грошай палку Каліноўскага. Некалькімі месяцамі раней у Беларусі на тры гады асудзілі Насту Петрачэнка — і таксама за данаты палку.