«Галоўнае ў барацьбе з праціўнікам — не перасячы прастору свайго ўяўлення»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра ваенныя поспехі галоўнага хаўрусніка і сведкаў стабільнасці.

Беларускае войска пакуль што паспяхова дае ўяўны адпор ворагу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускае войска пакуль што паспяхова дае ўяўны адпор ворагу. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ну што, адбіліся? Далі, як той казаў, адпор агрэсару. Абаранілі ўсенародныя рубяжы. Вораг зноў не прайшоў. Вораг, праўда, не збіраўся нікуды праходзіць. Але гэта ўжо дробныя дэталі. Збіраўся ён там ці не збіраўся — гэта яго, ворага, асабліва асабістая справа. Беларускія генералы ж не вінаватыя, што ён там не збіраўся, правільна? Ён там яшчэ не збіраўся, а беларускія генералы ўжо перамаглі. Таму што няма, вядома, больш зручнага дня для перамогі над уяўным праціўнікам, чым 23 лютага.

Таму ўсе сведкі стабільнасці яшчэ напярэдадні правялі сярод сябе ўсеагульную мабілізацыю ў тэлевізары. І пагадзіся, гэта разумна. Лепш мабілізаваць сябе ў тэлевізары, чым цябе потым мабілізуюць у казарму. У тэлевізары даў NATO па зубах, а польскай ваеншчыне па мордзе — і пайшоў далей займацца сваімі справамі. А ў казарме яшчэ невядома, як яно ўсё павернецца. А морда, яна, прабачце, не казённая.


Глядзіце таксама

Саюзнік вось таксама мабілізаваў сябе ў тэлевізары і адразу пасля ўзяцця Аўдзееўкі пакінуў ад Украіны адну толькі Львоўскую вобласць. Назваў сябе пагрозай усяму чалавецтву і зрабіў NATO поўны Армагедон. Вось калі ты раптам не ў курсе, то Армагедон для NATO — ён адразу за вуглом пасля Аўдзееўкі.

І калі б саюзнік быў такі ж разумны, як беларускія сведкі стабільнасці, і ваяваў з віртуальным праціўнікам выключна ў прасторы свайго ўяўлення, то ён бы ўжо даўно пабудаваў у сябе ў тэлевізары сваю першую галактычную імперыю. І, можа, нават ужо пачаў бы трошачкі будаваць сабе другую.

Але саюзнік быў не такі прадбачлівы, як беларускія генералы, і не стаў абмяжоўвацца віртуальнай прасторай. І паглядзіце, да чаго гэта саюзніка давяло? Спачатку яму 23 лютага збілі самалёт за 350 мільёнаў, якому аналагаў няма. Між іншым, аналагаў сапраўды амаль што няма. Таму што гэта не першы такі самалёт, які атрымаў пашкоджанні, несумяшчальныя з выкананнем баявых задач.

А пасля самалёта саюзніку яшчэ пашкодзілі металургічны завод у Ліпецку. І калі я гэта пісаў, завод усё яшчэ гарэў. І ўсё гэта ў дзень, які святы для славы саюзніцкай зброі.


Глядзіце таксама

А калі б хаўруснік быў як беларускія генералы, то ніякіх бы такіх непрыемнасцяў з ім не здарылася. Вунь генерал Хрэнін амаль што збіў самалёт NATO — і яму нічога за гэта не было, акрамя мільёнаў праглядаў і, можа быць, вуснай падзякі. А беларускі КДБ два-тры разы на тыдзень ловіць у сябе дыверсантаў. І я ўжо маўчу пра беларускі тэлевізар, які ператварыў у ядзерны попел Варшаву і сталіцы шэрагу еўрапейскіх дзяржаў.

Таму што ў барацьбе з ўяўным супернікам галоўнае што? Галоўнае ў барацьбе з уяўным праціўнікам — не перасячы неспадзявана мяжу прасторы свайго ўяўлення. І нешта мне здаецца, што сведкі стабільнасці апошнім часам неяк занадта захапіліся. Саюзнік вунь таксама пачаў з уяўных перамог, а потым сам паверыў у сваю неадольную моц. Так што акуратней трэба з уяўнымі перамогамі.