«Збіць грамадзянскі самалёт — якраз подзвіг, варты беларускіх генералаў»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, што беспакаранасць беларускіх генералаў прыводзіць да вар’яцкіх ідэй. Напрыклад, пасля таго, як яны з такім поспехам паваявалі супраць свайго мірнага насельніцтва, узнікае спакуса пашырыць зону баявых дзеянняў на чужое мірнае насельніцтва.

marsz_adzinstva_6__65__logo_1_logo.jpg

Прабач, зноў я табе буду сёння казаць пра беларускіх генералаў. Ну а што рабіць? Беларускія генералы ў сябе ў тэлевізары знемагаюць у няроўных баях. З Літвой знемагаюць, з Латвій, з Польшчай, з Украінай, з блокам NATO наогул і амерыканскай ваеншчынай у прыватнасці. Ворагі атачылі амаль з усіх бакоў, і кулі свішчуць у беларускіх генералаў над галавой.

Але генералы ж трымаюцца. Яны ж умацоўваюць сваю бяспеку. А, як ты ведаеш, па меры ўмацавання бяспекі пагрозы бяспецы будуць толькі нарастаць. Раней ворагі атакавалі беларускую бяспеку платамі і наступальнымі міннымі палямі.

А ўчора генерал беларускай СПА сказаў, што ў наступны раз вораг нанясе бяспецы беларускіх генералаў удар сваім грамадзянскім самалётам. І што калі чужы грамадзянскі самалёт хоць на кіламетр заляціць на тэрыторыю Беларусі, то генерал беларускага СПА гатовы яго адразу збіць. Каб не панадна было ворагу спакушаць беларускіх генералаў грамадзянскімі самалётамі.

І ведаеш? Я думаю, што яны ж сапраўды гатовы збіваць грамадзянскія самалёты. Вось я практычна ўпэўнены, што калі ў беларускіх генералаў з'явіцца нагода збіць грамадзянскі самалёт, то беларускія генералы вагацца не будуць. Таму што ўдары па мірным насельніцтве цалкам адпавядаюць іх уяўленням аб гераізме і вайсковай доблесці. Таму што ваяваць з мірным грамадзянскім насельніцтвам у беларускіх генералаў атрымліваецца амаль гэтак жа добра, як ваяваць у сябе ў тэлевізары.

А ўласна, чаму б беларускім генералам не хацець ваяваць з чыім-небудзь мірным насельніцтвам? У беларускіх генералаў багаты вопыт вайны супраць мірнага насельніцтва. Яны займаюцца гэтым яшчэ з часоў гераічнай абароны Стэлы ад жанчын з кветкамі.

І, мяркуючы па апошняй спецыяльнай аперацыі супраць мам, бабуль і жонак палітвязняў, спыняцца беларускія генералы не збіраюцца. Ну а з чаго б ім спыняцца. За перамогу над бабулямі, мамамі і жонкамі палітвязняў можна атрымаць ордэны амаль без рызыкі для бяспекі генеральскіх тушак. А бяспека генеральскіх тушак — найважнейшы прыярытэт нацыянальнай канцэпцыі бяспекі беларускіх генералаў.

Ну а пасля таго, як ты з такім поспехам паваяваў супраць свайго мірнага насельніцтва, узнікае спакуса пашырыць зону баявых дзеянняў на чужое. Вось збіць грамадзянскі самалёт — якраз подзвіг, варты беларускіх генералаў. Ну на самай справе. Не F-16 жа ім збіваць. F-16 можа і адказаць. А бункераў на ўсіх генералаў не напасешся.

Проста беларускія генералы прывыклі, што за вайну супраць уласнага мірнага насельніцтва ім ні разу нічога не было акрамя дзяржаўнай падзякі. І таму ўпэўнены, што з чужым мірным насельніцтвам атрымаецца тое ж самае. Пачуццё беспакаранасці — гэта такая дурная звычка, ад якой вельмі цяжка пазбавіцца.

Вось толькі ў чужога мірнага насельніцтва, з якім генералы сабраліся гэтым разам паваяваць, ёсць войскі NATO. А генералы, якія прывыклі ваяваць супраць свайго мірнага насельніцтва, ваяваць супраць чужых армій могуць толькі ў сябе ў тэлевізары.