Змыць злачынствы 2020 года: як рэжым будзе разглядаць лютаўскія выбары
Цяперашнія выбары рэжым хоча правесці без эксцэсаў — тады пратэсты 2020 года можна будзе інтэрпрэтаваць як нейкае выпадковае адхіленне.
Маючыя адбыцца выбары, нягледзячы на ўвесь іх пастановачны характар, маюць для Лукашэнкі і важны прапагандысцкі складнік. Яны закліканы «спісаць» увесь той негатыў, які пераследуе рэжым пасля 2020 года, калі былі задушаны пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання, лічыць Генадзь Лук'яновіч у Белнавінах.
Прыняты ўсе магчымыя прафілактычныя меры для купіравання любых інтрыг і нязгоды: у краіне цалкам ліквідаваны апазіцыйныя партыі, у засценкі кінутыя ўсе патэнцыйныя бунтаўшчыкі, а незалежныя міжнародныя назіральнікі пазбаўлены магчымасці наведаць Беларусь.
Тым часам у беларускіх назіральнікаў 2020 года праводзяць ператрусы. Акрамя таго, кіраўнік ЦВК абмяркоўвае пытанні «бяспекі выбараў» з камандуючым унутранымі войскамі і міністрам унутраных спраў. Рызыкнём выказаць здагадку, што іх вынікам стане яшчэ адзін масавы «хапун» дзесьці перад 25-м лютага, калі самыя падазроныя атрымаюць хоць па некалькі сутак адміністрацыйных арыштаў — да афіцыйнага апублікавання вынікаў галасавання.
Чатыры гады рэжым упарта спрабаваў адмаўляць відавочнае: пройгрыш Лукашэнкі ў 2020-ым. Цяпер у яго з'явілася магчымасць выкарыстоўваць цалкам выхалашчанае галасаванне як форму «кансалідацыі» беларусаў вакол правадыра. Відавочна, менавіта ў гэтым ключы і будзе асвятляцца «адзіны дзень галасавання» ў падкантрольных СМІ.
«Класічная логіка картачнага шулера. Але ў дадзеным выпадку гэта легітымізацыя не выбараў, а контррэвалюцыйнага гвалту пасля іх», — тлумачыць логіку таго, што адбываецца, аналітык Сяргей Чалы.
Сам Лукашэнка, падаецца, змірыўся з тым, што ён назаўжды застанецца нерукапаціскальным на Захадзе. Да таго ж аказалася, што партнёры з Афрыкі, Кітая, Расіі і ААЭ гатовы заплюшчваць вочы на такія дробязі. Для чаго яму тады зноў успамінаць пра 2020-ты год, акрамя як для кампенсацыі абражанага самалюбства?
Лукашэнка выдатна разумее, што цяперашні ягоны статус усё роўна нясе ў сабе сур'ёзныя рызыкі. Адсутнасць легітымнасці ва ўладзе загадзя апраўдвае зрынанне яе, у тым ліку і непарламенцкім шляхам. Яна ставіць пад пытанне ўсе тыя гарантыі, якія беларускі дыктатар прапісаў для сябе на выпадак адстаўкі і нават, як ні дзіўна, смерці.
Гэта, урэшце, падрывае магчымую перадачу ўлады сыну Мікалаю.
Выбары-2024 у значнай меры вызначаць і будучыню самога дыктатара. Зыходзячы з таго, наколькі гладка пройдзе цяперашняя кампанія, Лукашэнка будзе выбудоўваць свае дзеянні на найбліжэйшы год — ці будзе ён ісці на прэзідэнцкія выбары альбо перасядзе ў менш клапотнае крэсла кіраўніка Усебеларускага народнага сходу.
І калі беларуская апазіцыя не можа перашкодзіць планам Лукашэнкі, яна, ва ўсялікім выпадку, можа пераканацца, што фактар легітымнасці па-ранейшаму вельмі важны для яго. А значыць, яна павінна не толькі не прызнаваць вынікі цяперашняга галасавання, але і актывізаваць барацьбу за перадачу справы беларускага дыктатара ў Міжнародны крымінальны суд. Ордэр на арышт, падобны выпісанаму на імя Уладзіміра Пуціна, надзейна затаўраваў бы Лукашэнку як злачынца — і гэтую стыгму немагчыма было б адмыць ніякім фэйкавым галасаваннем.