За Лукашэнку і «рускі свет»: якія партыі засталіся ў Беларусі

У пачатку 2023 года ў Беларусі было 15 палітычных партый. Пасля распачатай уладамі абавязковай перарэгістрацыі засталося ўсяго чатыры. Гэта «Белая Русь», Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ), Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (РППС).

_belarus_aficiez_scjahi_horad_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

— І хтосьці зараз скажа, што няма апазіцыі. Хлусня, — заявіў кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Паводле ягоных слоў, не трэба блытаць «апазіцыю і пятую калону». Маўляў, у партый, якія засталіся, розныя праграмы, значыць — гэта апазіцыя.

«Еўрарадыё» даведалася, ці ёсць сярод іх хаця б намёк на апазіцыю і як праўладныя аб'яднанні цягнуць у Беларусь «рускі свет».

«Прэзідэнцкі курс»

Першай прайшла рэгістрацыю партыя «Белая Русь». Гэта нядзіўна. На сайце партыі гаворыцца: «Наша праца заснавана на ясных прынцыпах прэзідэнцкага стратэгічнага курсу развіцця краіны».

У самой партыі парадачак — вясной 2023 года Алега Раманава выбралі старшынёй партыі аднагалосна. Акрамя гэтай пасады, ён яшчэ член Савета Рэспублікі.

Раманаў вядомы «рускамірскімі» поглядамі. У траўні ён фактычна прызнаўся ў злачынстве. Аказалася, што партыя «Белая Русь» і «Рассупрацоўніцтва» «дапамагаюць» Данбасу — вывозяць адтуль дзяцей.

«Мяркуецца арганізаваць узаемныя абмены, а таксама прыём у Беларусі дзяцей з вызваленых [акупаваных Расіяй] тэрыторый Данбаса», — перадае словы Раманава «Sputnik». А кіраўнік прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі дадаў, што некаторыя праекты ўжо працуюць.

З палітыкай партыі ўсё зразумела — «прэзідэнцкі курс» і прарасійская арыентацыя. А што з узаемадзеяннем з іншымі партыямі?

— Я думаю, што [будзе] сумесная праца <...> пэўная канкурэнтная барацьба будзе, таму што на тое яны і партыі, каб змагацца за ўладу, за месцы ў парламенце, <...> але па многіх пытаннях мы будзем разам, — адказвае Раманаў.

Не бачыце апазіцыю? Вы — дурні!

ЛДПБ таксама ўхвалена беларускімі ўладамі. Кіраўнік партыі — дэпутат Алег Гайдукевіч. Ён рэгулярна дазваляе сабе гамафобныя выказванні, сварыцца на Захад, падтрымлівае «СВА» і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Перад Лукашэнкам дэпутат трымціць настолькі, што не паважае сябе. Падчас паслання да народа і парламента Лукашэнка сем разоў за дзесяць хвілін назваў Алега Гайдукевіча Сяргеем. Мабыць, пераблытаў яго з бацькам — Сяргеем Гайдукевічам. У нейкі момант Алег Сяргеевіч рашуча набраў паветра, але выдаў толькі: «Аляксандр Рыгоравіч, можна мы пераназавём «Белую Русь»?»

На тым жа пасланні ён запэўніў Лукашэнку, што ўсе партыі будуць падтрымліваць яго. На што Лукашэнка пагадзіўся: «У нас адна праграма».

Тым не менш у Гайдукевіча ёсць адказ для тых, хто не бачыць розніцы паміж праўладнымі партыямі.

— Хтосьці сядзіць за экранам і кажа: дык яны ўсе падтрымліваюць Лукашэнку, якая апазіцыя? Распавядаю для дурняў, хто не разумее. Прэзідэнта выбраў народ! Як партыі могуць не падтрымліваць прэзідэнта, калі яго выбраў народ?

Калі казаць пра праграму ЛДПБ, то там дэкларуецца і падтрымка малога бізнесу, і важнасць суверэнітэту Беларусі. Праўда, умацоўвае суверэнітэт, калі верыць праграме, саюз з Расіяй.

Глядзіце таксама

Камуністычная партыя Беларусі

Не абышлося ў Беларусі без камуністаў. Іх партыю ўзначальвае Аляксей Сокал — генеральны дырэктар Мінскага ЦУМа. Раней быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Сокал выказвае безумоўную падтрымку Лукашэнку:

— Не проста падтрымка. Мы заўсёды ва ўсіх працэсах, якія наш кіраўнік дзяржавы праводзіць у жыццё, мы заўсёды падтрымліваем і знаходзімся побач з ім.

Сокал прасоўвае ідэю, якой любіць карыстацца Лукашэнка — усюды нейкі вораг.

— Вораг спрабуе рознымі шляхамі ўнесці смуту і разлад унутры Беларусі. Каласальныя сродкі трацяцца на тое, каб ачарніць нашу краіну і РФ.

Вядома, без Расіі нікуды. Камуністы Беларусі пад крылом у расійскіх камуністаў. На з'ездзе старшыня Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расіі Генадзь Зюганаў заявіў:

— Я максімальна буду падтрымліваць сваіх сяброў, я ўсё рабіў для таго, каб каманда Лукашэнкі ўмацавалася.

І за пратэсты, і за анексію Крыма

Менш прыкметнае перарэгістраванае аб'яднанне — Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Яе кіраўнік — дэпутат Мінскага гарсавета і дырэктар навукова-праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Аляксандр Хіжняк.

Хіжняк замяніў Васіля Задняпранага, які заявіў у 2020 годзе, што на вуліцы выйшлі пратэставаць зусім не наркаманы і прастытуткі. Зрэшты, Задняпраны падтрымаў анексію Крыма ў 2014 годзе і быў засмучаны, што ў Беларусі з паўвостравам прапалі нармальныя транспартныя зносіны.

Іншыя члены партыі актыўна прасоўвалі «рускі свет». Напрыклад, Эльвіра Мірсалімава, якая была намесніцай старшыні РППС па маладзёжнай палітыцы. У сваіх публікацыях яна называе беларускую культуру польскай ці літоўскай і вымярае «рускасць» у беларусах.

Праўда, яна больш не згадваецца як член РППС. На сайце партыі пра яе таксама нічога няма — мабыць, пасля сыходу Задняпранага і некаторых іншых членаў партыі ўсё пачысцілі. Аднак засталося расследаванне iSANS аб прарасійскіх актыўнасцях РППС.

Новы кіраўнік партыі звычайна выказваецца стрымана, але яму ўдалося вельмі дакладна апісаць, як людзі будуць атрымліваць дэпутацкія пасады:

— Усе партыі, якія на сённяшні дзень прайшлі перарэгістрацыю, — парламенцкія. І, на мой погляд, колькасць партыйных дэпутатаў і ў парламенце, і ў мясцовых саветах будзе расці. І гэта будзе сведчыць у тым ліку пра паспяховасць партыйнай дзейнасці.

Таксама СБ выпусціла тэкст з Хіжняком, які называецца «Партыі — кадравы фільтр і сацыяльны ліфт». Гэта значыць, партыі ў Беларусі, на думку Хіжняка, для таго, каб «фільтраваць кадры». А калі вы не ў партыі, якая падтрымлівае Лукашэнку, то нават мясцовым дэпутатам вам не стаць.

Выходзіць, усе партыі звязаны з дзеючай уладай і заўважаны ў прасоўванні прарасійскіх ідэй у Беларусі. Дзе ж апазіцыя, пра якую кажа Алег Гайдукевіч?