Бязглуздзіца. Навошта рэпрэсіўная машына кляпае справы супраць тых, хто за мяжой
Здаровага сэнсу тут сапраўны не больш, чым у судах над памерлымі.
У чацвер, 25 студзеня, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць групы вельмі розных людзей, якіх назвалі «20-цю аналітыкамі Ціханоўскай». Там і сацыёлагі Рыгор Астапеня і Філіп Біканаў, і аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст, і сапраўдныя дарадцы лідаркі дэмакратычных сіл, і палітолагі Пётр Рудкоўскі і Павел Усаў. І іншыя, і іншыя.
Падобна, што фармальнай нагодай для справы стаў чат, які быў створаны яшчэ падчас падзей 2020 года і ў які ўваходзілі названыя асобы. Яны там сапраўды займаліся дэмакратычнай палітычнай экспертызай — цалкам законнай дзейнасцю для большасці краін, але забароненай у таталітарных дзяржавах кшталту Беларусі, КНДР ці Туркменістана.
Ну займаліся і займаліся — у беларускай тэлеграм-прасторы ў 2020 годзе было безліч чатаў, дзе размаўлялі пра палітыку. Былі незалежныя медыя, арганізацыі трэцяга сектара, палітычныя партыі, прафсаюзы. Потым рэжым праехаўся па ўсім гэтым на бульдозеры, зраўняўшы ўсё з зямлёй. Дэмакратычныя структуры ліквідавалі, каго змаглі — пасадзілі, астатнія эмігравалі.
Здавалася б, жыві і радуйся, але не. Беларускай рэпрэсіўнай машыне гэтага аказалася мала, і яна пачала займацца бязглуздзіцай — узбуджаць справу за справай на тых, хто з’ехаў. Вось і да чаціка з «аналітыкамі Ціханоўскай» дайшла.
Няма сумневу, што раз дайшла, то давядзе яе да і «прысудаў», як гэта было з папярэднімі «спецвытворчасцямі». І як адбываецца наўпрост зараз, калі ў завочным парадку разглядаюць яшчэ адну бязглуздзіцу —справу BYPOL.
Завочныя прысуды нічога не змяняюць
Чаму ва ўсім гэтым мала сэнсу? Таму што гэтыя завочныя прысуды нічога не мяняюць. Хіба дадаюць асуджаным эмігрантам легітымнасці ў замежных юрысдыкцыях і творчага імпэту, каб змагацца з дыктатурай далей.
Ну вось прысудзілі Святлане Ціханоўскай 15 гадоў, а Паўлу Латушку 18 — што з таго? Яны спужаліся і сышлі з палітыкі? Не. Напісалі заяву ў камісію па вяртанні? Не. Максімум — маглі пазайздросціць былому рэстаратару Вадзіму Пракопьеву, якому выпісалі рэкордныя «25+25».
Самай папулярнай публічнай рэакцыяй асуджаных такім чынам з’яўляецца мемная фраза «завочна яны могуць мяне нават расстраляць». Піф-паф.
Існуе меркаванне, што праз завочныя прысуды рэжым хоча як бы легалізаваць магчымасць канфіскацыі маёмасці ў апанентаў, у тым ліку нерухомасці. Але колькі ўжо часу прайшло з першых працэсаў, а кватэры ў ніводнага «завочніка», здаецца, пакуль не адабралі. А калі адбяруць, то зноў жа — далей што? Вядома, што пасля змены ўлады прысуды будуць прызнаны незаконнымі, і жыллё вернецца да сваіх сапраўдных уладальнікаў. Пэўна, менавіта па гэтай прычыне так доўга не маглі прадаць трохпакаёўку Сяргея Ціханоўскага ва Уруччы. Не знаходзілася ахвотных прыбраць чужое па дэмпінгавым кошце.
Магчыма, пераследуючы тых, хто з’ехаў, следчыя ды пракуроры імкнуцца зарабіць сабе дадатковыя зорачкі на пагоны. Але ці вялікая гэта заслуга — напісаць пратаколы ў адсутнасць абвінавачаных ды занесці тую белетрыстыку ў суд? Такі сабе подзвіг. З пункту гледжання энергазатрат — не большы, чым дыпломная праца для выпускніка юрфака.
Усур’ёз ацэньваць гэтую «юрыспрудэнцыю» рэжыму не даводзіцца. Гэта хіба толькі нагода коратка згадаць іншыя дурныя высілкі лукашэнкаўскіх следчых і пракурораў у іх барацьбе з ворагамі.
Швед рыхтуе суды над мёртвымі
Нядаўна стала вядома дата суда над украінскім ураджэнцам Уладзімірам Катруком, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў Хатынскай трагедыі. Вядомая яна стала ўсім, але толькі не яму самому. Гэта чалавек памёр яшчэ ў 2015 годзе ў Канадзе.
Тым не менш 8 лютага яго пачнуць судзіць па справе аб «генацыдзе беларускага народа». У справе — пастараліся дык пастараліся — ажно 35 тамоў. Як сказаў адказны за «генацыд» генпракурор Андрэй Швед, гэтага дастаткова, каб «паказаць сапраўдны твар карнікаў і катаў».
Вядома, што гэтыя працэсы патрэбны лукашыстам для дасягнення прапагандысцкага эфекту. Маўляў, тут некаторыя лічаць карнікамі і катамі нас — за рэпрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя пасля выбараў 2020-га, але гэта ўсё паклёп і правакацыя, зараз мы вам пакажам злачынцаў, якіх апраўдвае Захад.
Цікавае тут вось што. Той жа Швед анансаваў мноства судовых працэсаў над мёртвымі. Генпракуратура нават апублікавала спіс злачынцаў часоў Другой сусветнай вайны. У спісе — 1340 чалавек. Спадар пракурор сапраўды спадзяецца дажыць да той пары, калі ўсе гэтыя памерлыя атрымаюць свой бессэнсоўны прысуд?
Гэтае паглыбленне ў замагільны свет настолькі абсурднае, што адказ напрошваецца адразу: канешне, не. Катрука асудзяць, яшчэ некага — пэўна, таксама. А потым, калі прапагандысцкі водар з гэтага ўсяго вычхаецца, справу ціха спусцяць на тармазах. Максімум — вынесуць прысуд адразу ўсім, чохам, дый адправяць усю гэтую гісторыю ў архіў.
Як, падобна, адправілі іншыя, пра якія ніжэй.
Справе супраць латвійскіх чыноўнікаў хутка тры гады — і цішыня
У траўні 2021 года Лукашэнка супраць усіх законаў загадаў пасадзіць у Мінску самалёт з Раманам Пратасевічам на борце. Скандал ускалыхнуў Еўропу (і не толькі), на рэжым наклалі новыя санкцыі, авіязлучэнне з Беларуссю прыпынілі ўсе заходнія перавозчыкі.
У тыя дні ў сталіцы Латвіі праходзіў хакейны чэмпіянат свету. Тагачасныя мэр Рыгі Маціньш Стакіс і кіраўнік латвійскага МЗС Эдгарс Рынкевічс зладзілі ў знак пратэсту перформанс — замянілі каля гатэля, у якім пражывала беларускай каманда, дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг на БЧБ.
У адказ спрытна ўзбудзіўся няўрымслівы генпракурор Швед. Яго ведамства заявіла, што такія дзеянні «прынізілі нацыянальную годнасць беларусаў», дый завяло на чыноўнікаў суседняй краіны крымінальную справу — ч.3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці і варажнечы»), да 12 гадоў зняволення.
Хутка той справе споўніцца тры гады. На працягу гэтых гадоў пра яе нічога не чуваць. Стакіс ужо пакінуў пасаду мэра. Рынкевічс таксама сышоў з МЗС — пайшоў на павышэнне, стаў прэзідэнтам Латвіі. Пра завочны суд над балтыйскімі зламыснікамі ў Мінску нічога не кажуць. Няўжо справу спынілі? А, можа, наогул не заводзілі?
Калі будуць судзіць Дуду?
У тым жа 2021 годзе Лукашэнка вырашыў націснуць на суседнія краіны ЕС з дапамогай мігрантаў. Так паўстаў міграцыйны крызіс. Усяму свету зразумела, што яго арганізаваў беларускі рэжым — гэтаму ёсць мноства сведчанняў, у тым ліку непасрэдна на мяжы, дзе лукашэнкаўскія сілавікі ўсяляк дапамагалі замежнікам штурмаваць межы.
Але беларускаму боку і тут божая раса. Не мы злачынцы, гэта вы злачынцы — звыкла перавярнулі ўсё дагары нагамі ўлады дый узбудзілі крымінальную справу на «палітычнае кіраўніцтва Польшчы».
Няёмка казаць, але і тут у першыя шэрагі запісаўся Швед. «Злачынныя дзеянні польскага боку на мяжы з Беларуссю здзейснены па прамым указанні або са згоды кіраўніцтва Польшчы», — заявіў ён у лістападзе 2021-га. Дадаў, што доказы па справе «дакументуюцца праваахоўнымі органамі Беларусі», і абвінаваціў у «злачынствах супраць чалавечнасці» прэзідэнта Анджэя Дуду, прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага, міністра нацыянальнай абароны Марыюша Блашчака і «іншых вышэйшых службовых асоб».
Яшчэ сказаў, што расследаванне даручана Следчаму камітэту, а «адпаведная інфармацыя» будзе накіравана «для дачы прававой ацэнкі» ва ўсе міжнародныя арганізацыі, уключаючы ААН, Раду Еўропы і інш.
І што далей? У Польшчы праз выбары змянілася ўлада, ніхто сінімі пальцамі за яе не трымаўся — проста палічылі галасы. Міграцыйны крызіс фактычна скончыўся, за яго рэжым атрымаў чарговую порцыю санкцый. Цяпер Беларусь ад краін ЕС аддзяляюць высачэзныя металічныя загароды з відэаназіраннем.
А што са справай супраць Дуды і яго саўдзельнікаў? Можа, яна ўжо ў ААН? Нічога, цішыня. Ніхто не ведае, дзе тая справа. І Швед пра яе не ўспамінае.