СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да сілавікоў з «BYPOL» і «BELPOL». Што яны на гэта кажуць

Следчы камітэт Беларусі пачаў спецыяльную вытворчасць па крымінальных справах у дачыненні да былых сілавікоў з аб'яднанняў «BELPOL» і «BYPOL», а таксама тых, хто супрацоўнічаў з імі. Як вынікае з апублікаваных паведамленняў, пакаранне па некаторых артыкулах можа даходзіць аж да смяротнага. «Люстэрка» папрасіла пракаментаваць прэтэнзіі Следчага камітэта кіраўніка BYPOL Аляксандра Азарава і прадстаўніка BELPOL Уладзіміра Жыгара.



Фота «Спутніка»

Фота «Спутніка»

Азараў: На жаль, не змагу пайсці ў Следчы камітэт

Усяго спецыяльная вытворчасць пачата ў дачыненні да шасці чалавек — Аляксандра Азарава, Уладзіміра Жыгара, Мацвея Купрэйчыка, Ігара Лобана, Андрэя Астаповіча і Алега Талерчыка. Усе яны раней уваходзілі ў аб'яднанне былых сілавікоў «BYPOL», некаторыя пазней заснавалі «BELPOL» або зусім сышлі з грамадскай дзейнасці.

Аляксандр Азараў, якому па прад'яўленых абвінавачваннях пагражае нават смяротнае пакаранне, пра пачатак спецвытворчасці даведаўся ад журналіста выдання. Тое, што адбываецца, са слоў былога супрацоўніка ГУБАЗіК, яго не здзівіла:

Ніякіх злачынстваў я не здзяйсняў і віны не прызнаю, — заявіў Азараў. — Я даваў прысягу беларускаму народу і працягваю яму служыць далей. Лукашэнка і органы ўлады, якія ён стварыў, не з’яўляюцца легітымнымі, яны падпадаюць пад артыкул 357 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Незаконны захоп улады»).

Аляксандр Азараў лічыць, што крымінальныя абвінавачванні супраць яго ў сучаснай Беларусі — гэта прызнанне яго заслуг перад беларускім народам. У паведамленні Следчага камітэта ўказана, што былому сілавіку неабходна з'явіцца ў цэнтральны апарат ведамства ў Мінску па адрасе вул. Першамайская, 7.

— Я, на жаль, не змагу, заняты барацьбой з рэжымам, зусім няма часу, — сказаў Азараў.


Глядзіце таксама

Жыгар: Мы ведаем пра ўсе нашы крымінальныя справы

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар на допыт у Мінск таксама не збіраецца. Пра пачатак спецвытворчасці былы сілавік даведаўся ад калег.

— Перад вашым званком пачалося ажыўленне ў офісе, я падумаў, што здарылася нешта важнае, а тут вось яно што, — сказаў Уладзімір Жыгар.

З ягоных слоў, на працы «BELPOL» гэтая падзея ніяк не адаб'ецца:

— У Беларусі не існуе правасуддзя, і любыя дзеянні людзей, якія незаконна ўтрымліваюць уладу, мы праігнаруем. Яны могуць маляваць і пісаць усё, што ім заўгодна.

Уладзімір Жыгар упэўнены, што пачатак спецвытворчасці адносна яго і ягоных калег з «BELPOL» звязаны з тым, што проста ва ўлад толькі цяпер дайшлі да гэтага рукі.

— Для таго каб нашы крымінальныя справы не віселі мёртвым грузам, завяршыць іх вырашылі такім спосабам, — кажа Жыгар. — Для нас гэта паказчык, што мы ўсё робім правільна і рухаемся ў правільным кірунку.

Набор артыкулаў, па якіх абвінавачваюць былых сілавікоў, Уладзіміра Жыгара таксама не здзівіў:

— З усімі высунутымі супраць нас абвінавачваннямі мы ўжо даўно азнаёміліся праз базу крымінальных спраў, якая маецца ў нашым распараджэнні, — сказаў ён.

Яшчэ адзін фігурант спецвытворчасці, экс-супрацоўнік Генпракуратуры і былы палкоўнік юстыцыі Алег Талерчык, сказаў, што ў яго «няма жадання што-небудзь каментаваць з псеўдаправавой вакханаліі рэжыму Лукашэнкі».