Калі словы — нішто, а імідж — такі, што ўжо няма чым здзівіць прыстойных людзей

А раптам кіраўнік Беларусі сказаў праўду? Калі замяніць словы «амерыканская і польская» правакацыя на слова «расійская», то, трэба пагадзіцца, усё атрымліваецца як у жыцці, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Абяцаў саюзніку даць NATO па зубах — калі ласка. Вось ты, а вось і NATO.

Абяцаў саюзніку даць NATO па зубах — калі ласка. Вось ты, а вось і NATO.

Сёй-той учора зноў выкрываў, як NATO хоча яго падзяліць-парэзаць па жывым.

Сусветная змова, глыбінны ўрад, аднапалярны свет, Марс атакуе — усе справы. Ну, гэта значыць, нічога новага. Справа жыццёвая. Няма пра што было б і казаць.

Аднак жа сёй-той яшчэ сказаў, нібыта супраць мірнага польскага насельніцтва амерыканская і польская выведкі рыхтуюць правакацыі, каб потым у гэтых правакацыях абвінаваціць менавіта яго. І я, вядома, спачатку хацеў сказаць што-небудзь яхіднае з гэтай нагоды. Ты ж ведаеш, маю такі грэх — люблю я гэтую справу!

А потым падумаў: а можа сёй-той раптам сказаў праўду? Ну, ведаеш, як яно бывае: калі столькі гаворыш, то часам атрымліваецца сказаць і праўду. Ну, згодна з няўмольнымі законамі статыстыкі ў рамках трохпрацэнтнай статыстычнай хібнасці.

Вось калі замяніць словы «амерыканская і польская» на слова «расійская», то, пагадзіся, усё атрымліваецца як у жыцці.

Галоўнае, што не трэба нават пераапранацца ў чужую форму. Усе «вагнеры» ў сяго-таго ўжо ёсць. Таму гэтым «вагнерам», калі яны будуць рабіць сваю правакацыю супраць мірнага цывільнага замежнага насельніцтва, трэба будзе проста выканаць ролю саміх сябе. У крайнім выпадку можна захапіць з сабой пару сваіх беларускіх вучняў.

І ўсё! І ўсе адразу будуць ведаць, хто ў гэтай правакацыі вінаваты. Таму што сёй-той сам паклікаў гэтых «вагнераў» да сябе і сваім ротам выхваляўся, як адправіць іх у паход на Польшчу. А далей можаш ужо хоць ахрыпнуць, распавядаючы, як ты ні ў чым не вінаваты — ніхто ўсё роўна табе не паверыць.

Глядзіце таксама

Таму што словы — нішто, а імідж сёй-той стварыў сабе такі, што яму ўжо няма чым здзівіць прыстойных людзей. Калі твае красаўцы гадамі атакуюць уласнае мірнае насельніцтва, то няма нічога дзіўнага ў тым, што яны для разнастайнасці вырашылі хоць раз атакаваць чужое.

А далей маштаб наступстваў будзе ўжо залежаць ад маштабу правакацыі. Вось сёй-той распавядаў, як ён абараняе ад NATO саюзніцкія флангі, так цяпер, будзь ласкавы, адпавядай. Абяцаў даць NATO па зубах — калі ласка. Вось ты, а вось і NATO.

А старэйшы хаўруснік будзе ў гэты час вызіраць з-за рага — і пагражаць NATO вайной ды асіметрычным адказам. Каб праверыць, ці хопіць у NATO смеласці нешта зрабіць. І калі NATO не будзе рабіць нічога акрамя выказвання глыбокай заклапочанасці, то старэйшы саюзнік зразумее, што яму многае цяпер дазволена.

Гэта значыць, сёй-той будзе ў ролі такога дробнага шкета, якога пасылаюць наперад пры вулічных разборках. І чым бы потым ні скончыліся разборкі, шкету дакладна дастанецца. Могуць наогул зашыбіць незнарок.


Глядзіце таксама

Таму, калі сёй-той казаў, што ён па-добраму хоча папярэдзіць суседзяў, то, можа, і праўда хацеў папярэдзіць. Проста ў адзінай даступнай яму форме.

Таму што не можа ж сёй-той услых выдаць сакрэтныя планы свайго найбліжэйшага саюзніка. Вось як мог выдаць — так суседзям і выдаў.

Таму што ваяваць з NATO за межамі свайго тэлевізара нікому, вядома, не хочацца. Ні яму не хочацца, ні яго генералам. А красаўцы на такое наогул не падпісваліся. Яны вунь супраць жанчын з кветкамі ледзь выжылі. Вось сёй-той і стараецца, каб з тэлевізара выходзіць не давялося.

Усё, што я табе цяпер сказаў, вядома, жарт. Але, магчыма, з доляй праўды. А можа нават і наогул не жарт… Я ўжо крыху заблытаўся. Таму што ўсё цяжэй вызначаць межы магчымага з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.