«Нават у тэлевізары беларускія красаўцы ўмеюць ваяваць толькі з уяўным праціўнікам»

А калі ва ўласным тэлевізары раптам з’яўляецца рэальны праціўнік, то яны нават там з ім справіцца не ўмеюць, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

photo_2024_02_24_16_23_40_logo.jpg_1.jpg

Мы зрабілі гэта. Мы справіліся. Мы выжылі. Мы перажылі электаральны працэс. Хоць, гледзячы на ўсю іх падрыхтоўку, гэта было цалкам невідавочна. Яны так абаранялі свае выбарчыя ўчасткі ад выбаршчыкаў, што я баяўся, што не далічымся кожнага трэцяга. Але не. Глядзі ты, усё неяк абышлося.

І я хачу табе сказаць, што з нагоды электаральнага працэсу мне ўсё ў прынцыпе ясна. Ну, таму што развязку яны, вядома, раскрылі з самага пачатку. Мне незразумела толькі адно. Мне зусім незразумела, адкуль усё ж такі канкрэтна рыхтаваўся напад.

Не, зразумела, што з усіх бакоў. Але хацелася б усё ж такі зразумець кірунак галоўнага ўдару. Не ведаю. Хоць бы карту якую паказалі, ці што.

Я асабіста, вядома, падазраю, што напад рыхтаваўся ў тэлевізары. І ведаеш, тут ёсць некаторая іронія. Здавалася б, нідзе беларускія ўлады так не гатовы да адбіцця варожай агрэсіі, як у тэлевізары. Ну, у тэлевізары яны ж перамаглі ўжо ўсіх сваіх нябачных ворагаў. І многіх нават не па адным разе.

Але варта было замест гэтых уяўных ворагаў адзін раз прыйсці на экраны тэлевізараў сапраўднай Святлане Ціханоўскай — і куды падзелася ўся гэтая нязломная абарончая лінія? Што ж гэта атрымліваецца? Атрымліваецца,  што нават у тэлевізары беларускія красаўцы ўмеюць ваяваць толькі з уяўным праціўнікам. А калі праціўнік сапраўдны, то яны нават у сваім уласным тэлевізары з ім справіцца не ўмеюць.

І дзе, пытаюся, былі ўсе гэтыя сакрэтныя карты адбіцця раптоўнай электаральнай атакі? Гэта значыць, Ціханоўская зладзіла вылазку ў святую прастору беларускага тэлевізара, зрабіла там, што хацела, і спакойна сышла. А беларускія красаўцы ў адказ змаглі толькі прамямліць, што ў іх страт няма. Што ад ідэалагічнай атакі пацярпелі не дзве тысячы экранаў, а можа ўсё ж такі менш.

А асабліва кранальна было, калі ГУБАЗіК прыгразіў вінаватым у тым, што здарылася, няўмольным еўрапейскім правасуддзем. Гэта значыць беларускія красаўцы, атрымліваецца, настолькі бездапаможныя, што ім няма на каго спадзявацца, акрамя еўрапейскага правасуддзя. Атрымліваецца, губазікаўцы чакаюць, што еўрапейскае правасуддзе зробіць за іх усю працу.

Гэта значыць (я, вядома, не сумняюся), што красаўцы зараз пойдуць вынішчаць рэкламшчыкаў заадно з ацалелымі айцішнікамі як сацыяльны клас. Каб ніводзін невінаваты не сышоў беспакараным. Магчыма, нават зладзяць чысткі сярод рэкламных экранаў, якія праявілі ідэалагічную слабасць.

Але ніякія чысткі не адменяць таго простага факта, што адзін-адзіны раз беларускім уладам давялося адбіваць атаку не ўяўнага суперніка ў сваім уласным тэлевізары, і яны нават з гэтым не справіліся. І гэта пасля ўсіх мер па генацыдзе беларускага народа і навядзенні ў краіне стабільнасці. А калі наступны раз НЕ ўяўны праціўнік здарыцца НЕ ў тэлевізары? І як стабільнасці гэта потым перажыць?

Ды яна з цяжкасцю перажыла нават сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.