СМІ: Украіна, падобна, шукае замену Дональду Трампу ў перамовах з Расіяй

Пасланнікі Дональда Трампа так і не даехалі да Кіева, хаця шмат разоў былі ў Маскве. Кажуць, што яны не едуць, бо разумеюць безвыніковасць візіту. На гэтым фоне прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, падобна, спыніў спробы пераканаць ЗША заставацца ўцягнутымі ў перамовы з Расіяй па завяршэнні вайны, і шукае новых перамоўшчыкаў. Ідуць 1529-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 138 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 2 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 27 штурмаў расіян у раёнах Сафіеўкі, Вольнага, Дарожнага, Новага Шахавага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Удачнага, Маладзецкага, Грышына.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 18 атак расійцаў у раёнах Варвараўкі, Гуляйполя, Залізнічнага, Чароўнага, Гуляйпольскага, Цвятковага і Дабраполля.

На Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 13 спроб захопнікаў прасунуцца ў раёнах Азёрнага, Дружалюбаўкі, Ліману, Дробышава і Ставак.

На Аляксандраўскім кірунку армія РФ атакавала дзевяць разоў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — восем.

* * *

Больш за 5 000 завербаваных замежных грамадзян у расійскую армію загінулі падчас штурмаў ва Украіне, паведаміў сакратар Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі і прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Дзмітрый Усаў.

Раней паведамлялася, што Расія завербавала на вайну супраць Украіны больш за 27 тысяч замежнікаў са 135 краін свету. Шмат каму з іх абяцалі «цывільную» працу ў Расіі, але адправілі на фронт. Штотыдзень Сілы абароны Украіны бяруць у палон ад аднаго да трох грамадзян трэціх краін.

* * *

У ноч на 2 траўня Расія атакавала Украіну 163 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 142 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі ў ноч на 2 траўня ўдарылі дронамі па энергетычнай інфраструктуры Мікалаева. Пацярпелых няма.

Расійскія войскі ў ноч на 2 траўня атакавалі портавую інфраструктуру ў Ізмаіле Адэскай вобласці. Большасць БпЛА была збіта, разбурэнняў практычна няма, паведамляе Ізмаільская адміністрацыя ў сацсетках.

Расійскія войскі ў ноч на 2 траўня атакавалі Харкаў беспілотнікамі. Зафіксавана пападанне дрона ў 12-павярховы дом, «шахед» не разарваўся. Тым не менш, пацярпелі два чалавекі — яны былі паранены асколкамі шкла.

У ноч на суботу на фоне новых расійскіх атак на тэрыторыю Украіны расійскі беспілотнік ненадоўга ўварваўся ў паветраную прастору Румыніі. Румынія падняла ў паветра два знішчальнікі F-16.

* * * 

683634258_1322987943347614_3058935833458717145_n.jfif

* * *

Вашынгтон папярэдзіў еўрапейскіх саюзнікаў, у прыватнасці Вялікабрытанію, Польшчу, Літву і Эстонію, што варта чакаць значных затрымак у пастаўках амерыканскай зброі, паколькі ЗША спяшаюцца папоўніць запасы, вычарпаныя вайной у Іране, піша Financial Times.

Пентагон паведаміў краінам, што варта чакаць сур’ёзных затрымак па ракетных сістэмах.

Затрымкі абумоўлены сур’ёзнай занепакоенасцю наконт узроўню запасаў у ЗША, улічваючы вялікі аб’ём зброі, выкарыстанай у Іране за апошнія два месяцы. Амерыканскія ваенныя ўжо былі вымушаны перакінуць зброю з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці з Інда-Ціхаакіянскага рэгіёна, каб кампенсаваць нястачу.

Вайна ў Іране таксама ўзмацніла занепакоенасць наконт таго, ці ёсць у ЗША дастатковыя запасы зброі, каб стрымаць Пекін або перамагчы Кітай у любым будучым канфлікце наконт Тайваня.

Затрымкі закрануць боепрыпасы для Himars, Nasams і іншых ракетных сістэм. Himars, якія выкарыстоўваюцца ва Украіне, — высокамабільныя ракетныя сістэмы вытворчасці Lockheed Martin. Nasams — гэта ракетныя сістэмы «зямля-паветра» сярэдняй далёкасці, якія вырабляюцца сумесна кампаніямі Raytheon і нарвежскай Kongsberg.

Пентагон заявіў, што «дбайна ацэньвае новыя запыты на абсталяванне ад партнёраў, а таксама выпадкі перадачы зброі, каб забяспечыць адпаведнасць аператыўным патрэбам». Ён адмовіўся падаць дэталі, спаслаўшыся на «аператыўна адчувальны характар гэтых пытанняў».

У пятніцу Трамп адхіліў занепакоенасць наконт запасаў зброі: «У нас ёсць запасы па ўсім свеце, і мы можам іх выкарыстоўваць, калі гэта спатрэбіцца».

Адмірал Сэмюэл Папара, камандуючы Інда-Ціхаакіянскім камандаваннем, у мінулым месяцы заявіў, што буйным абаронным падрадчыкам спатрэбіцца да двух гадоў, каб павялічыць вытворчасць да аб’ёмаў, неабходных для пераадолення дэфіцыту запасаў.

* * *

Пасланнікі прэзідэнта ЗША Дональд Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер не спяшаюцца з візітам у Кіеў, бо ў ЗША лічаць, што аднаўленне ўдзелу ў мірных перамовах не прынясе адчувальных вынікаў, піша Kyiv Independent са спасылкай на ўкраінскія ананімныя крыніцы.

Высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік адзначыў, што амерыканскія перамоўшчыкі «абяцалі (наведаць Кіеў) шмат разоў, але да гэтага часу ні разу не выканалі сваё абяцанне». Суразмоўца падкрэсліў расчараванне ў Кіеве з-за дысбалансу ў дыпламатычных кантактах, таму што Уіткаф і Кушнер часта наведвалі РФ для візітаў да Пуціна.

Запланаваны візіт пасланнікаў Трампа ў Кіеў быў накіраваны не толькі на дэманстрацыю добрай волі. Ён павінен быў стаць штуршком для аднаўлення трохбаковай дыпламатыі паміж Украінай, Расіяй і ЗША. Меркавалася, што Уіткаф і Кушнер спачатку наведаюць Кіеў, сустрэнуцца з Зяленскім, а ўжо потым адправяцца ў Маскву для перамоваў з Пуціным.

Але, як адзначыў адзін з чыноўнікаў, фокус адміністрацыі Трампа зрушыўся настолькі моцна, што Украіна «больш не вызначае дыпламатычны парадак дня».

Глыбокая праблема заключаецца ў адсутнасці прагрэсу ў перамовах — і рызыцы, што візіт выявіць гэты тупік. «Расіяне настойваюць, што хочуць увесь Данбас; наша пазіцыя такая: давайце знойдзем годнае рашэнне. Так што цяпер незразумела, навошта (пасланнікам Трампа) ехаць аж сюды, каб зноў пачуць тое самае», — адзначыў адзін украінскі чыноўнік.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, верагодна, працуе над стратэгіяй вядзення перамоваў з Расіяй без дапамогі ЗША, піша РоІіtісо.

Выданне адзначае, што Зяленскі, які на працягу апошняга года старанна дамагаўся падтрымкі амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, падобна, спыніў спробы пераканаць ЗША заставацца ўцягнутымі ў перамовы з Расіяй па завяршэнні вайны. Цяпер украінскі прэзідэнт, верагодна, працуе над стратэгіяй вядзення перамоваў без дапамогі Вашынгтона.

Ён стаў больш асцярожным у дачыненні да будучага ўдзелу ЗША і цяпер спадзяецца, што наступны раўнд перамоваў з Расіяй правядзе Турцыя.