«Нікога не затрымалі». У BelPol распавялі пра трансляцыю выступу Ціханоўскай у Беларусі
24 лютага беларусы маглі назіраць выступ Сьвятланы Ціханоўскай на экранах, разьмешчаных у мэтро, гандлёвых цэнтрах ды іншых публічных мейсцах. Адказнасьць за правядзеньне акцыі ўзяло на сябе аб’яднаньне былых сілавікоў «BelPol». Яны ж паведамілі, што трансьляцыю ўдалося запусьціць на больш як 2000 экранах па ўсёй Беларусі.
У звароце, які доўжыўся каля 50 сэкундаў, Ціханоўская выказала ўпэўненасьць, што беларусы не забыліся, як сказалі «не» вайне і дыктатуры, піша «Радыё Свабода».
«Сёньня мы гаворым «не» фальшывым выбарам. Мы ўмеем змагацца. Мы ўмеем аб’ядноўвацца. Мы ўмеем перамагаць. Мы ня спынімся, пакуль усе ня будуць вольныя. Перамены ў Беларусі — задача кожнага з нас», — заявіла дэмакратычная лідэрка.
Блізкія да беларускіх уладаў тэлеграм-каналы паведамілі, што акцыя адбылася з дапамогай уладальніка кампаніі «Легіён-104» Андрэя Смаляка. Нібыта дзякуючы яму ўдалося вывесьці трансьляцыю. Гаворыцца, што на момант трансьляцыі ён выехаў у Польшчу.
Кампанія «Легіён-104» займаецца пастаўкай, устаноўкай і абслугоўваньнем рэклямных экранаў, а таксама распрацоўкай праграмнага забесьпячэньня для іх. На 2024 год у кампаніі працавалі 20 чалавек, сказана на сайце кампаніі.
Кліенты кампаніі — «Статусбанк», «Белдзяржстрах», А-100, «Беларусьнафта», «Эўрагандаль», МАЗ ды іншыя буйныя дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі.
«Дэзынфармацыя, каб абараніць сябе»
У аб’яднаньні былых сілавікоў «BelPol» «Свабодзе» паведамілі, што ніхто з датычных да акцыі з трансьляцыяй не затрыманы, у дзень трансьляцыі гэтыя людзі ўжо знаходзіліся не ў Беларусі.
«Самае галоўнае, што кожны грамадзянін Беларусі ўбачыў нашыя нацыянальныя сымбалі і выбранага прэзыдэнта Сьвятлану Георгіеўну Ціханоўскую. Гэта натхніла людзей. Нават праз 3,5 гады пасьля выбараў барацьба за свабоду Беларусі працягваецца. Наконт затрыманых: ніхто з затрыманых не датычны да правядзеньня акцыі. У Беларусі ніхто не знаходзіўся. Што, уласна, і пацьвярджаецца, бо людзей затрымалі нібыта проста за пратэсты», — расказаў «Свабодзе» прадстаўнік аб’яднаньня Ўладзімер Жыгар.
Што да практыкі затрыманьня людзей, не датычных да падзеі, то, на думку прадстаўніка аб’яднаньня, гэта робіцца, каб проста адсправаздачыцца.
«Затрыманыя — ахвяры рэжыму. Гэта зроблена з адной мэтай: далажыць, што ўсіх злавілі, усё пад самым жорсткім кантролем. Карныя органы баяцца пакараньня. І выйшлі на новы ўзровень працы ў сыстэме. Праз страх перад сваім сюзэрэнам сыстэматычна «ўпарваюць» яму дэзынфармацыю аб злоўленых экстрэмістах, толькі каб абараніць сябе», — сказаў суразмоўца.
«Удзельнічалі ў пратэстах»
25 лютага набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў аб затрыманьні як мінімум чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Легіён-104», аднак не за трансьляцыю выступу Ціханоўскай на публічных экранах.
Тром мужчынам і жанчыне, прозьвішчы якіх не называюцца, інкрымінавалі ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Трансьляцыя выступу Сьвятланы Ціханоўскай на беларускіх публічных экранах зьявілася напярэдадні Адзінага дня галасаваньня, калі прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Улады абвясьцілі пра яўку больш як 72% выбарнікаў. Сьведкі ж кажуць, што выбары ня выклікалі ў большасьці грамадзян зацікаўленасьці, а ўчасткі пуставалі.