Еўрапарламент: санкцыі супраць РФ павінны захоўвацца да поўнай рэалізацыі мірнага пагаднення
Расія гандлюецца: узамен на кароткатэрміновае спыненне агню яна просіць зняць з яе частку санкцый. Але гэтая дзіўная прапанова не задавальняе Украіну і Еўропу. У ЕС увогуле лічаць, што санкцыі супраць РФ павінны захоўвацца да дасягнення ўстойлівага міру. Ідуць 1528-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 138 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 1 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 26 штурмаў расіян ў раёнах Біліцкага, Радзінскага, Пакроўску, Мірнаграду, Мураўкі, Котліна, Грышына, Удачнага, Маладзецкага.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 19 атак расіян у раёнах Дабраполля, Стараўкраінкі, Варвараўкі, Залізнічнага, Зялёнага, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага і Чароўнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Аляксандра-Шульціна, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі, Іллінаўкі, Іванаполля.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ сем разоў штурмаваў пазіцыі УСУ, на Ліманскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі шэсць атак расіян.
* * *
Расійскія войскі не могуць наступаць у дэльце Дняпра ў Херсноскай вобласці з-за крытычнай нястачы чоўнаў, паведаміў партызанскі рух «АТЭШ» у Telegram.
Агент гэтага руху са складу падраздзяленняў 70-й мотастралковай дывізіі 18-й агульнавайсковай арміі распавёў пра тое, што на астравах дэльты Дняпра каля Херсона хуткасных чоўнаў амаль не засталося, бо ўкраінскія дроны рэгулярна выбіваюць іх адзін за адным. У той жа час папаўнення чоўнамі няма.
«Камандаванне робіць выгляд, што ўсё пад кантролем. На справе — чоўнаў амаль не засталося, кожны выхад на ваду цяпер латарэя», — паведаміла крыніца.
Такім чынам, перакідка асабовага складу і боепрыпасаў праз пратокі ператварылася ў штодзённую рызыку без страхоўкі — няма ні прыкрыцця, ні рэзерву. «Ратацыя буксуе, забеспячэнне зрываецца. Тыя, хто завяз на пазіцыях, чакаюць змены тыднямі. Частка ацалелых чоўнаў выходзіць з ладу па прычынах, якія камандаванне не афішуе — спісваюць на знос і дрэннае абслугоўванне», — гаворыцца ў публікацыі.
* * *
У ноч на 1 траўня Расія атакавала Украіну 210 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншах тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падоўлена 190 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
Расіяне ў ноч на 1 траўня атакавалі дронамі Адэсу. Дроны ўдарылі па вышынных жылых дамах, з-за чаго адбыліся пажары. Таксама пашкоджаны дзіцячы сад. Пацярпелі два чалавекі. Таксама расіяне здзейснілі атаку на портавую інфраструктуру Ізмаільскага раёна.
Войскі РФ уначы 1 траўня атакавалі дронамі Сумы, пашкоджаны адміністрацыйны будынак і гандлёвы цэнтр. Папярэдне, абышлося без пацярпелых.
У ноч на пятніцу, 1 траўня, Туапсінскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі РФ чацвёрты раз за апошнія два тыдні падвергся атацы беспілотнікаў. Па даных Supernova+ атакам падвергліся НПЗ і Марскі тэрмінал. Канал Exilenova+ публікуе словы мясцовай жыхаркі, якая скардзіцца, што толькі ліквідавалі папярэднія пажары, як «зноў усё палае».
* * *

* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа выкарыстоўваць тэму спынення агню для адмены некаторых санкцый, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю для Bloomberg.
«Я думаю, што Расія можа падняць пытанне аб спыненні агню ў абмен на адмену санкцый у дачыненні да пэўных прадпрыемстваў. Я ведаю, што яны падымаюць пытанне аб адмене санкцый у дачыненні да SWIFT, каб іх банкі маглі працаваць. Для Украіны ўсё гэта з’яўляецца вялікай рызыкай», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік Украіны заклікаў ЗША і Еўропу захаваць санкцыі супраць Расіі і не паддавацца спробам Масквы іх змякчыць.
У той жа час, паводле слоў Зяленскага, Украіна знаходзіцца ў падвешаным стане, чакаючы аднаўлення мірных перамоваў, якія маглі б пакласці канец вайне з Расіяй. Ён адзначыў, што галоўнай перашкодай з’яўляецца адцягненне ўвагі, выкліканае канфліктам у Іране.
«Украіна яшчэ не атрымала ніякіх новых сігналаў ні ад Расіі, ні ад ЗША адносна таго, калі перамовы могуць аднавіцца, тады як амерыканскія пасланнікі Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер усё яшчэ разглядаюць магчымасць візіту ў Кіеў», — сказаў ён.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што новых звестак пра тое, калі і дзе могуць адбыцца перамовы, арганізаваныя адміністрацыяй Трампа, не з’явілася.
* * *
Кіраўніца дыпламатыі Еўрасаюза Кая Калас заявіла, што Расія не зацікаўлена ў дыялогу наконт заканчэння вайны, а таму блок не павінен угаворваць Маскву сесці за стол перамоваў, піша Politico.
«Цяпер мы бачым, што Расія не жадае ўступаць у які-небудзь дыялог. Мы не павінны прыніжаць сябе, выступаючы ў ролі "просячых": "Калі ласка, мы просім вас пагаварыць з намі"», – сказала Калас.
Яна адзначыла, што перад непасрэднымі кантактамі з Расіяй еўрапейскім краінам варта спачатку самім дамовіцца паміж сабой, як яны бачаць будучыню: пра што хочуць гаварыць з РФ, якія патрабаванні маюць да яе пасля заканчэння вайны супраць Украіны. Трэба быць упэўненымі, што Расія ў далейшым не будзе ўяўляць пагрозу.
Калас перакананая, што сусветная супольнасць павінна паставіць расіян у такое становішча, каб тыя перайшлі ад імітацыі перамоваў да рэальных перамоваў, паколькі цяпер мірны працэс зайшоў у тупік.
«Вядома, калі мы бачым гэтыя тэлефонныя размовы паміж прэзідэнтам Трампам і Пуціным, заўсёды застаецца шмат пытанняў без адказу», — дадала Калас.
* * *
Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў прыцягнуць кіраўніцтва Расіі да адказнасці за вайну супраць Украіны і ўзмацніць санкцыі. Дакумент падтрымалі 446 дэпутатаў, 63 выступілі супраць, а яшчэ 52 устрымаліся.
Еўрапарламент падтрымаў стварэнне спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і заклікаў усе краіны ЕС далучыцца да гэтай ініцыятывы. У дакуменце гаворыцца пра неабходнасць прыцягнення да адказнасці не толькі вышэйшага кіраўніцтва, але і іншых службовых асоб, якія спрыялі ўчыненню злачынстваў.
Дэпутаты Еўрапарламента выступілі за пашырэнне санкцый ЕС супраць Расіі і падкрэслілі, што абмежаванні не павінны адмяняцца да поўнай рэалізацыі мірнага пагаднення.
* * *
У красавіку колькасць атак Украіны на расійскую нафтавую інфраструктуру дасягнула самага высокага ўзроўню са снежня. Гэта скараціла перапрацоўку нафты да шматгадовага мінімуму, піша Bloomberg.
За красавік быў нанесены па меншай меры 21 удар па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, марскіх аб’ектах і інфраструктуры нафтаправодаў. Мэтай з’яўляецца памяншэнне даходаў, якія Масква атрымлівае ад сусветных рынкаў нафты.
Гэта знізіла сярэдні аб’ём перапрацоўкі нафты ў Расіі да 4,69 мільёна барэляў у суткі — самага нізкага паказчыка са снежня 2009 года, паводле ацэнак аналітычнай кампаніі OilX.
Нізкія аб’ёмы перапрацоўкі абмяжоўваюць здольнасць Расіі нарошчваць здабычу нафты, якая ўжо некалькі месяцаў застаецца значна ніжэйшай за яе квоту ў межах OPEC+.