Лукашэнка падрыхтаваўся да мінулай вайны. Шрайбман — пра выбары-2024
Для беларускага рэжыму грамадства несуб'ектнае, ёсць толькі знешнія ворагі, якія абавязкова захочуць выкарыстаць любую магчымасць паўтарыць 2020 год. А значыць, трэба затыкаць усе дзіркі, праз якія ў краіну тады зацёк палітычны крызіс. Арцём Шрайбман на carnegieendowment.org — пра «выбарчыя» працэсы ў Беларусі.
Амаль увесь мінулы тыдзень у Беларусі праходзілі выбары ў парламент і мясцовыя саветы. Нягледзячы на тое, што гэта была першая выбарчая кампанія ў краіне пасля крызісу 2020 года, атрымалася яна самай незаўважнай і сумнай нават па мерках 30 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Працэдуру пазбавілі інтрыгі на ўсіх яе этапах. Улада строга сачыла за тым, каб не дапусціць хаця б найменшых эксперыментаў з плюралізмам у агітацыі, апазіцыяй у бюлетэнях або незалежным назіраннем.
У гэтых выбараў па змоўчанні не магло быць палітычнага выхлапу, паколькі і мясцовыя органы ўлады, і парламент у Беларусі — безуладныя інстытуты. А будучае з'яўленне ў красавіку новага супероргана — Усебеларускага народнага сходу —тзніжае ролю парламента яшчэ больш.
Тым не менш улада ўсё роўна нервавалася, як на важным экзамене. Сістэме было важна паказаць самой сабе, што яна прыйшла ў норму пасля шоку 2020 года і гатова да наступных прэзідэнцкіх выбараў у 2025-м.
Нулявая інтрыга
Беларускія ўлады пачалі рыхтавацца да гэтай парламенцкай кампаніі яшчэ падчас рэферэндуму 2022 года, калі ў краіне прымалі новую Канстытуцыю. Тады людзей сталі затрымліваць на ўчастках проста падчас галасавання — за спробы сфатаграфаваць свой бюлетэнь. Апазіцыя заклікала псаваць іх, выбіраючы абодва варыянты — «за» і «супраць», а затым дасылаць фотапацвярджэнні ў тэлеграм-бот.
Аднак у выніку апазіцыйная акцыя не столькі выклікала грамадскі рэзананс, колькі падштурхнула ўладу да контрмер. Да 2023 года ў новай версіі Выбарчага кодэкса з'явілася забарона фатаграфаваць бюлетэні. Тады ж было вырашана не адкрываць участкі ў пасольствах, каб не даваць разрослай дыяспары кропкі збору для пратэстаў. Імёны сябраў выбарчых камісій перасталі публікаваць, каб тыя не баяліся грамадскага ціску.
Улетку мінулага года ўлада ліквідавала ўсе апазіцыйныя і непатрэбныя праўладныя партыі, пакінуўшы толькі чатыры з іх. Да гэтага зарэгістраваныя партыі маглі вылучаць кандыдатаў на выбары наўпрост, чым раней карысталася апазіцыя, каб хаця б трапіць у бюлетэні і мець некалькі тыдняў адноснай свабоды агітацыі.
Цяпер незалежных кандыдатаў не дапусцілі нават да этапу збору подпісаў. Адзіны вядомы актывіст, экс-лідар Партыі «Зялёных» Дзмітрый Кучук, які паспрабаваў гэта зрабіць, быў зняты з дыстанцыі яшчэ на стадыі фарміравання ініцыятыўнай групы.
Кантроль улады над тым, што адбываецца, быў настолькі высокі, што даходзіла да таго, што кандыдаты-спойлеры ў розных акругах у тэлезваротах зачытвалі адны і тыя ж прамовы. Некаторыя нават не спрабавалі сімуляваць актыўнасць і не заводзілі выбарчы фонд. Конкурс на дэпутацкае месца ўпаў прыкладна ў два разы ў параўнанні з мінулымі кампаніямі.
Таксама Мінск упершыню не запрасіў назіральнікаў ад АБСЕ, хоць яны ездзяць на выбары нават у Туркменістан. Выбары ў Беларусі заўсёды былі далёкія ад дэмакратычных стандартаў, але прысутнасць заходніх назіральнікаў хоць бы падкрэслівала, што Мінск усё яшчэ адносіць сябе да часткі агульнаеўрапейскай прасторы, проста праводзіць галасаванне «па-свойму».
Цяпер у Лукашэнкі няма мэты легітымізаваць на Захадзе ні гэтыя выбары, ні свой рэжым у цэлым. Гэтая планка такая высокая, што на яе ніхто не замахваецца. У кампаніі застаўся толькі ўнутрыпалітычны, калі не сказаць — псіхатэрапеўтычны —сэнс.
Лукашэнку важна пераканацца самому і паказаць беларусам, што падзеі 2020 года былі не больш чым аберацыяй, часовым памутненнем. Цяпер жа, амаль праз чатыры гады, народ стаў відушчым і вярнуўся да электаральнай дысцыпліны, а сістэма зноў працуе як гадзіннік.
Тое, наколькі Лукашэнка стаў баяцца найменшых эксперыментаў, відаць і па выніковым спісе пераможцаў. Нават нядаўна створаная партыя ўлады «Белая русь» не атрымала большасці ў новым парламенце — ёй дасталося толькі 51 са 110 месцаў. Яшчэ 19 сышлі тром партыям-спойлерам, 40 месцаў засталіся за беспартыйнымі. Гэта значыць улада апынулася не гатовай узмацняць любы альтэрнатыўны ўнутрысістэмны інстытут, нават калі ён, як «Белая Русь», сабраны з абсалютных лаялістаў, якія сядзяць унутры дэкаратыўнага органа.
Перамога ахавальнай логікі над любымі навацыямі выявілася і ў галоўнай заяве дня выбараў: прагаласаваўшы, Лукашэнка прызнаў, што пойдзе на наступныя прэзідэнцкія выбары, хоць пазней і дапусціў, што падзеі ў бліжэйшы год могуць развівацца па-рознаму.
Спецыяльная электаральная аперацыя
Тым не менш пры ўсёй прадказальнасці вынікаў выбараў улада была ў прыкметным напружанні перад імі. З восені ў краіне вырас і без таго зашкальваючы градус рэпрэсій, уключаючы хвалі затрыманняў у рэгіёнах і на асобных прадпрыемствах за падпіскі на апазіцыйныя каналы. Сілавікі таксама зладзілі рэйды па былых назіральніках з ператрусамі і допытамі, каб пераканаць іх не займацца такімі рэчамі гэтым разам.
Напярэдадні галасавання пад тэлекамеры і ў прысутнасці вышэйшых чыноўнікаў правялі вучэнні спецназа па затрыманні выбаршчыка, які фатаграфуе бюлетэнь, разганяе людзей, што сабраліся ў «штучныя чэргі» перад участкам, і праз вокны ўрываецца ў памяшканне для галасавання, як быццам там заселі тэрарысты.
Да аховы парадку на ўчастках паабяцалі прыцягнуць усіх — ад дружыннікаў з беларускага аналага камсамола да «вагнераўцаў», якія застаюцца ў краіне пасля леташняй спробы бунту ў Расіі.
Прама напярэдадні выбараў Лукашэнка стаў палохаць прыхільнікаў новымі тэрарыстычнымі пагрозамі і загадаў узброіць вулічныя патрулі на час выбараў баявой зброяй. КДБ падыграў начальству — на мяжы з Украінай за некалькі дзён да выбараў затрымалі групу кантрабандыстаў, якіх назвалі дыверсантамі, што рыхтавалі тэракты.
Гэтае нагнятанне выглядала адкрыта залішнім — пратэсны патэнцыял у Беларусі даўно задушаны беспрэцэдэнтным размахам рэпрэсій. Але Лукашэнка вырашыў максімальна старанна падрыхтавацца да мінулай вайны.
У гэтым выявілася іншая асаблівасць яго ўспрымання палітычных пагроз. Для беларускай улады іх крыніца заўсёды знаходзіцца па-за краінай. Таму, з пункту гледжання ўлад, усё роўна, у якім стане цяпер грамадства — яно ўсё роўна несуб’ектнае, жывая сіла для правакацый пры жаданні знойдзецца. Важна, што ў Мінска засталіся знешнія ворагі, якія ў гэтай карціне свету абавязкова захочуць выкарыстаць любую магчымасць паўтарыць 2020 год. А значыць, трэба затыкаць усе дзіркі, праз якія ў краіну тады зацёк палітычны крызіс. Туды, дзе фронт будзе дрэнна абаронены, праціўнік і нанясе ўдар.
Маятнік замёр
Праведзеная такім чынам рэпетыцыя выбараў 2025 года не пакідае сумненняў у тым, як пройдзе наступная кампанія. Цыклічнасць беларускай унутранай палітыкі разарвана.
Дзесяцігоддзямі апазіцыя ў Беларусі жыла ад выбараў да выбараў. Прэзідэнцкая кампанія тройчы — у 2006, 2010 і 2020 гадах — заканчвалася масавымі пратэстамі. Затым былі гады рэпрэсій, пасля якіх ішла адліга. Яна ў сваю чаргу рабіла магчымай мабілізацыю вакол новых апазіцыйных лідараў. У 2015 годзе пратэстаў не здарылася і лібералізацыя пачалася адразу ж пасля выбараў.
Гэты маятнік цяпер спыніўся. Выбары ў аўтакратыях можна выкарыстоўваць для вулічнай мабілізацыі або пратэснага галасавання, толькі калі ўлада пакідае хоць нейкі кісларод у сістэме. Напрыклад, перад выбарамі ставіць на паўзу рэпрэсіі, дае зарэгістраваць хоць кагосьці не ад улады, дазваляе працаваць назіральнікам, якія могуць зафіксаваць парушэнні і тым самым даць падставу грамадству абурыцца.
Такія выбары, якія цяпер праходзяць у Беларусі, гэтай форткі магчымасцей больш не даюць. Апазіцыя можа заклікаць прыхільнікаў псаваць бюлетэні, галасаваць за спойлераў або супраць усіх, але ніхто, уключаючы ўладу, не даведаецца вынікаў гэтай кампаніі, таму што іх няма каму будзе зафіксаваць. Ужо на ўзроўні ўчастковых камісій у пратаколах будуць патрэбныя лічбы, і няма каму будзе іх аспрэчыць або даведацца пра маштаб фальсіфікацыі.
Беларуская ўлада не толькі зводзіць унутрыпалітычнае значэнне выбараў, але і паказвае, што больш не мае намеру выкарыстоўваць іх для вонкавага балансавання.
Выбары, якія максімальна набліжаюцца па форме і змесце да савецка-кітайскага ўзору, перастаюць мець значэнне і для Захаду як крыніца
большай ці меншай міжнароднай легітымнасці Лукашэнкі. Перамены ў гэтым пытанні
стануць магчымыя толькі ў двух выпадках: калі ў Мінску
справа дойдзе да транзіту ўлады або калі Беларусь выйдзе з-пад расійскага кантролю.
Абодва варыянты не выглядаюць верагоднымі ў агляднай будучыні.