742-гі дзень вайны: у Курску гараць завод і склад, расіяне атакавалі Сумы і Адэсу
Сабралі навіны з фронту расійска-ўкраінскай вайны: украінцы паспяхова збіваюць дроны, а свае запускаюць па стратэгічных аб'ектах РФ.
***
У ноч на 6 сакавіка расіяне атакавалі Украіну пяццю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 і 42 ударнымі беспілотнікамі тыпу «Shahed». 38 дронаў атрымалася знішчыць.
***
Расійскія акупанты ў чарговы раз падступна накіроўвалі ўдарныя беспілотнікі па населеных пунктах, прамысловых аб'ектах прыбярэжнай зоны Адэсы. Манеўры дронаў у жылых кварталах абцяжарвалі працу сілам СПА.
У выніку падзення абломкаў збітых дронаў у Адэскім раёне пашкоджаны рэкрэацыйны аб'ект, газаправод і жылыя дамы ў прыватным сектары. Праваахоўнікі фіксуюць чарговыя злачынствы расіян. На тэрыторыі Адэскай вобласці знішчана 18 варожых дронаў. Загінулых і пацярпелых сярод цывільнага насельніцтва няма.
***
У Курскай вобласці Расіі беспілотнік другі раз за раніцу ўдарыў па горна-абагачальным камбінаце. Гэта аперацыя ўкраінскай выведкі. Горна-абагачальны камбінат імя Варычава — адно з найбуйнейшых у Расіі і СНД прадпрыемстваў па здабычы і ўзбагачэнні жалезнай руды.
Таксама ў Курскай вобласці пасля атакі ўкраінскага беспілотніка загарэўся склад гаруча-змазачных матэрыялаў. Гарэў рэзервуар з палівам, пацярпелых няма.
***
У Расіі ў горадзе Тува на Шаганарскай ТЭЦ раніцай 6 сакавіка адбыўся выбух, у выніку чаго горад застаўся без цэнтральнага ацяплення.
Паведамляецца, што ў выніку выбуху пацярпелі 23 чалавекі, 15 шпіталізаваныя, 6 знаходзяцца ў цяжкім стане. Адзін пацярпелы памёр у бальніцы.
***
У выніку начной атакі «Шахедамі» ў Хмяльніцкай вобласці пашкоджаны аб'ект інфраструктуры — некалькі населеных пунктаў засталіся без электразабеспячэння. Таксама пашкоджаны дах і столь прыватнага дома. Загінулых і параненых няма.
***
У Сумах у выніку атакі беспілотнікаў «Шахед» у жылыя дамы пацярпелі сем чалавек, сярод іх 10-гадовы хлопчык.
Паведамляецца, што з-за атакі расіян пашкоджаны памяшканні грамадзян у 11 шматкватэрных дамах і будынак дашкольнай навучальнай установы. Таксама пашкоджана каля 20 прыватных аўтамабіляў.
***
У Керчанскім праліве быў атакаваны расійскі карабель.
Расійскі карабель Сяргей Котаў у ноч на 5 сакавіка атакавалі марскія дроны Magura V5. Судна атрымала тры пашкоджанні: кармы, правага і левага бартоў. Яго кошт — 65 мільёнаў долараў. Місія адбылася ў супрацоўніцтве з ваенна-марскімі сіламі УСУ і пры падтрымцы Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны.
***
Ва ўрадзе агучылі прагноз па вытворчасці дронаў.
У 2024 годзе Украіна можа вырабіць да 2 млн беспілотнікаў розных тыпаў. Зараз адпаведныя магутнасці павялічваюцца, паведаміла намеснік міністра па пытаннях стратэгічных галін прамысловасці Ганна Гваздзяр.
***
Суд Гаагі выдаў ордэры на арышт камандуючых РФ.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт камандуючага Далёкай авіяцыі РФ Сяргея Кабылаша і камандуючага Чарнаморскага флоту РФ Віктара Сакалова. У судзе паведамілі, што Кабылаш і Сакалоў нясуць адказнасць за ваеннае злачынства ў выглядзе нападу на грамадзянскія аб'екты, за ваеннае злачынства ў выглядзе прычынення празмернай выпадковай шкоды грамадзянскаму насельніцтву або шкоды грамадзянскім аб'ектам, а таксама злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе бесчалавечных дзеянняў згодна з артыкулам Рымскага статута.
***
Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць страты краіне-агрэсару Расіі — толькі за мінулыя суткі яны абясшкодзілі 1250 захопнікаў, знішчылі 50 артылерыйскіх сістэм, 40 ББМ і 21 танк.
Агульныя баявыя страты расіян з 24.02.22 па 06.03.24 арыентыровачна склалі:
- асабовага складу — каля 420 270 (+1250) чалавек,
- танкаў — 6678 (+21) адз.,
- баявых браніраваных машын — 12 728 (+40) адз.,
- артылерыйскіх сістэм — 10 308 (+50) адз.,
- РСЗА — 1008 (+1) адз.,
- сродкаў СПА — 701 (+1) адз.,
- самалётаў — 347 (+0) адз.,
- верталётаў — 325 (+0) адз.,
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7921 (+58) адз.,
- крылатых ракет — 1918 (+1) адз.,
- караблёў / катэраў — 26 (+1) адз.,
- падводных лодак — 1 (+0) адз.,
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 13 479 (+56) адз.,
- спецыяльнай тэхнікі — 1 642 (+12) адз.